Адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў

На ёй са справаздачамі выступілі старшыні ветэранскай арганізацыі Ніна Сяргееўна ЯФРЭМАВА і рэвізійнай камісіі Надзея Данілаўна УРУБЛЕЎСКАЯ.
Асноўная мэта: абарона канстытуцыйных правоў і свабод асоб пенсійнага і пажылога ўзростаў, рашэнне праблем ветэранскага руху.
Па стану на 1 лютага раённая ветэранская арганізацыя налічвае: 6579 ветэранаў вайны і працы, у тым ліку: 27 удзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, 1 блакадніка, 461 адзінокага пенсіянера, 3469 адзінока пражываючых пажылых людзей.
За справаздачны перыяд праведзены 8 пленумаў і 57 пасяджэнняў прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі.митинг 026
З увагай і клопатам
У Карэліцкім раёне існуюць свае традыцыі па падтрымцы кожнага ветэрана. На сённяшні дзень ветэранская арганізацыя карыстаецца пэўным аўтарытэтам сярод кіраўнікоў раёна, ветэранаў вайны і працы. Самая галоўная задача — гэта праяўленне вялікай увагі, уменне выслухаць кожнага, даць слушную параду, аказаць маральную падтрымку, праявіць тактоўнасць і шчырую добразычлівасць.
За справаздачны перыяд ветэраны вайны і працы звярталіся ў раённую ветэранскую арганізацыю па наступных пытаннях: рамонт печак, агароджаў, забеспячэнне бульбай, апрацоўка агародаў, прадастаўленне транспарту, няспраўнасці тэлефонаў, добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый. Пытанні вырашаліся праз адпаведныя раённыя службы і ўстановы. Штогод па рашэнню райвыканкама ўсім ветэранам вайны бясплатна аказваюцца цырульніцкія паслугі, два разы ў месяц — лазневыя паслугі для ветэранаў вайны, якія жывуць у г. п. Карэлічы і Мір. Для інвалідаў, ветэранаў вайны і працы за невялікую плату Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аказваюцца пральныя паслугі, цырульніцкія і па рамонту адзення.
Галоўная тэма
Тэма патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення — галоўная на працягу справаздачнага перыяду. Актыўнасць праявілі ветэраны вайны.
Ветэран працы, член прэзідыума ветэранскай арганізацыі, сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі КПБ Марыя Уладзіміраўна Беленава вядзе вялікую работу па патрыятычнаму выхаванню моладзі і падлеткаў.
Да 70-годдзя Вялікай Перамогі раённая ветэранская арганізацыя разам з навучэнцамі ўстаноў адукацыі ўдзельнічала ў акцыі “Вахта памяці”, з раённым камітэтам БРСМ у аўтапрабегу “Ад помніка да помніка”.митинг 035Плённа працавала камісія па рабоце з моладдзю пры раённай ветэранскай арганізацыі. Вялікая ўвага надавалася патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Ганна Ільінічна Мамончык з падлеткамі вяла пошукавую работу па выяўленню невядомых старонак гісторыі сваёй мясцовасці, па сабраных матэрыялах надрукаваны буклет.
дапамогу ветэранам вайны ў навядзенні парадку аказвалі навучэнцы школ і ПТВ, члены БРСМ.
Праявілі актыўнасць
Ветэраны праяўлялі актыўнасць у перыяд правядзення выбарчых кампаній дэпутатаў Нацыянальнага сходу, мясцовых Саветаў і па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яны збіралі подпісы, працавалі ў камісіях, на пікетах, былі наглядальнікамі на выбарчых участках.
На пасяджэннях прэзідыума
Што датычыць пасяджэнняў прэзідыума, то гэта асноўны кіруючы орган ветэранскай арганізацыі. З дапамогай прэзідыума вырашаліся ўсе злабадзённыя пытанні, уносіліся канкрэтныя прапановы па выкананню планаў і задач.
Штогод прэзідыум разглядаў вынікі віктарын “Усенародная барацьба ў тыле нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 г.г.”, “Мы ведаем і помнім”, “Гераічнаму подзвігу жыць у вяках”. Актыўна ў іх удзельнічалі ветэраны Зоя Аляксандраўна Кулеш, Глеб Аляксандравіч Крышэнь, Тамара Данілаўна Сак. Вялікую цікавасць да адказаў на пытанні віктарын праяўлялі члены БРСМ, работнікі культуры, навучэнцы школ, каледжа і будаўнічага ліцэя. Лепшыя работы былі адзначаны грашовымі прэміямі, а работы старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі СВК імя У. З. Царука З. А. Кулеш некалькі гадоў запар прызнаваліся лепшымі ў раёне і вобласці.
Не даводзіцца сумаваць
Па ініцыятыве супрацоўнікаў ЦСАН і падтрымцы работнікаў устаноў культуры для ветэранаў створаны аматарскія аб’яднанні “Задушэўная размова”, “Ля самавара”, “Берагіня”, “Ветэран”, “Надзея” і іншыя. Добра ў гэтым накірунку працуе пярвічная ветэранская арганізацыя г. п. Карэлічы пад кіраўніцтвам старшыні Валянціны Паўлаўны Марцюшавай і сакратара Алены Мікалаеўны Толмач, у агр. Турэц — ветэрана працы Лідзіі Мікалаеўны Брылевіч, у Малюшычах — ветэрана працы Святланы Рыгораўны Кудзінай. Вялікую ўвагу адпачынку членаў клуба “Посидим по-хорошему” пры раённым Цэнтры культуры і адпачынку ўдзяляюць Васілій Уладзіміравіч Чартко і Валянціна Аляксандраўна Фурс.
У г. п. Карэлічы і Мір працуюць харавыя калектывы ветэранаў працы. Штогод яны прымаюць актыўны ўдзел у аглядах самадзейных мастацкіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”.
Слушныя прапановы
У форуме ветэранаў прыняў удзел намеснік старшыні райвынкама Руслан Юр’евіч Абрамчык. Прамоўца адзначыў высокі арганізацыйны ўзровень правядзення канферэнцыі і вялікую адказнасць садакладчыкаў. “Ветэран працы — чалавек, які шмат і добра працаваў. У многіх маецца адзін запіс у працоўнай кніжцы, таму трэба не забываць пра ветэранаў працы і праяўляць пра іх клопат, яны павінны адчуваць сябе запатрабаванымі ў жыцці”, — сказаў Руслан Юр’евіч. Разам з тым засяродзіў увагу прысутных на тым факце, што апошнім часам пенсіянеры гінуць на пажарах, а гэтага нельга дапускаць. Пажадаў ветэранам цярпення, сіл і актыўнай жыццёвай пазіцыі.
Сваімі думкамі на канферэнцыі падзяліліся старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Мірскага сельсавета Л. М. Шумава, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Варанчанскага сельсавета І. М. Тур, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі СВК “Жухавічы” Г. І. Мамончык, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі калгаса імя Чарняхоўскага А. Д. Барышнікаў, член савета пярвічнай ветэранскай арганізацыі “Свіцязянка-2003” Т. М. Мухіна, член прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі В. М. Сашко.
Зноў аказалі давер
Старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі на новы перыяд зноў абрана Ніна Сяргееўна Яфрэмава. Выбраны адпаведныя кіруючыя органы раённай ветэранскай арганізацыі і дэлегаты на 8-ю справаздачна-выбарную канферэнцыю Гродзенскага абласнога савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Прынята ўзгадненне “Аб супрацоўніцтве паміж Карэліцкім раённым аб’яднаннем арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыяй Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, Карэліцкім раённым камітэтам грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.
На канферэнцыі былі ўшанаваны ветэраны вайны і працы. Са словамі пажаданняў да іх звярнуліся намеснік старшыні абласнога савета ветэранаў І. І. Трусіло, старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, С. К. Лейка і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу І. Л. Пянькоўская.

Падрыхтавала да друку Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий