Імі ганарыцца Карэліччына

2017 год загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь абвешчаны Годам навукі. Такое рашэнне было прынята дзеля павышэння ролі навукі ў выкананні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, а таксама з мэтай фарміравання міжнароднага іміджу Рэспублікі Беларусь як краіны з высокім інтэлектуальным патэнцыялам. Сёлета Нацыянальнай Акадэміяй Навук, выканаўчай уладай, у тым ліку мясцовымі органамі кіравання будзе нададзена вялікая ўвага развіццю навуковых школ ВНУ, падтрымцы маладых і таленавітых навукоўцаў. Варта таксама не забывацца пра тых, хто ўжо ўнёс важкі ўклад у развіццё навукі.
Нямала такіх людзей нарадзілася і на шчодрай карэліцкай зямлі. Трэба прыгадаць, напрыклад, такія імёны: доктар фізіка-матэматычных навук, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы Фёдар Іванавіч Фёдараў з аграгарадка Турэц, доктар тэхнічных навук, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР Iван Іосіфавіч Леановіч з Цырына, доктар хімічных навук Яўген Міхайлавіч Рахманька з вёскі Заполле, доктар гістарычных навук Аляксандр Мікалаевіч Мацко з вёскі Пагарэлка, доктар філалагічных навук Ганна Мікалаеўна Навумовіч з вёскі Дуброва, доктар біялагічных навук, член-карэспандэнт HAH Беларусі Мікалай Афанасьевіч Ламан з вёскі Загор’е.
Сярод нашых таленавітых вучоных-землякоў ёсць тыя, якія, на жаль, не мелі магчымасці жыць і працаваць на роднай зямлі, і свае веды, свой навуковы талент аддавалі на карысць іншых дзяржаў, але іх імёнамі і навуковымі дасягненнямі мы таксама можам ганарыцца. Я маю на ўвазе Ігната Дамейку і Барыса Кіта. Вучоны-даследчык, геолаг Ігнат Дамейка нарадзіўся на карэліцкай зямлі, у вёсцы Мядзвядка. 46 гадоў пражыў у далёкай краіне Чылі, дзе і здзейсніў свае асноўныя навуковыя адкрыцці, пакінуўшы ў спадчыну нашчадкам 130 навуковых прац, шматлікія падручнікі і каштоўныя калекцыі мінералаў. Барыс Кіт — адзін з пачынальнікаў амерыканскай астранаўтыкі, выдатны вучоны, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, аўтар першага падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве, якім і сёння карыстаюцца вучоныя многіх краін свету.
Пра гэтых выдатных навукоўцаў, пра іх уклад у беларускую і сусветную навуку расказвае кніжная выстава пад назвай «Навука — падмурак прагрэсу», якую падрыхтаваў да Года навукі аддзел абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка». На выставе прадстаўлена шмат матэрыялу пра знакамітых беларускіх і сусветных вучоных, вынаходнікаў і канструктараў, гісторыю станаўлення і развіцця навуковых дысцыплін, сучасныя дасягненні, цікавыя распрацоўкі беларускіх навукоўцаў, укараненне навуковых дасягненняў у галіне народнай гаспадаркі і шмат іншае.
Да Года навукі будзе прымеркаваны таксама шэраг мерапрыемстваў: інфарм-дайджэст «Беларусь навуковая», гадзіна карыснай інфармацыі «Энергосбережение — не экономия, а умное потребление», краязнаўчая гадзіна «Зорка на небасхіле навукі», прымеркаваная да юбілейнай даты 215-годдзя з дня нараджэння Ігната Дамейкі, час цікавых паведамленняў «У свеце адкрыццяў».
Акрамя таго, на сайце ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» размешчаны бібліяграфічны спіс «Карэліччане — людзі беларускай навукі».
Бібліятэка запрашае ўсіх, хто цікавіцца захапляльным светам навукі, і прапануе шукаць і адкрываць нешта новае, цікавае!

Міхаіл ЛАГУТА,
загадчык аддзела
абслугоўвання і
інфармацыі
ДУК «Карэліцкая
раённая бібліятэка».

Добавить комментарий