В Кореличах состоялся областной семинар по основам ОБЖ у дошкольников
Само жыццё даказвае неабходнасць навучання асновам бяспекі жыццядзейнасці (АБЖ) не толькі дарослых, але і дзяцей. ААН называе гэту праблему адной з прыярытэтных у навуковых даследаваннях. Як удасканаліць адукацыйны працэс па фарміраванню асноў бяспекі, абмяркоўвалі ўдзельнікі абласнога семінару, што праходзіў на Карэліччыне.
На двухдзённы абласны семінар сабраліся 30 удзельнікаў з ліку метадыстаў раённых вучэбных метадычных кабінетаў, якія курыруюць дашкольную адукацыю, і намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці устаноў дашкольнай адукацыі.
У першы дзень удзельнікі семінару адправіліся ў яслі-сад г. п. Мір. Адкрыла мерапрыемства Святлана Анатольеўна Абрамчык, метадыст цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ДУА «Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі», якая вызначыла праблемнае поле. Далей удзельнікі з розных гарадоў вобласці дзяліліся практычным вопытам арганізацыі і функцыянавання пакояў бяспекі, праводзілі майстар-класы, расказвалі пра новыя прыёмы і метады, адным з якіх, напрыклад, з’яўляецца ТРВЗ-РТУ тэхналогіі (тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач і развіццё творчага ўяўлення). Цікавы праект быў прадстаўлены Іўеўскім дзіцячым цэнтрам развіцця дзіцяці: іх аўтарскі электронны адукацыйны рэсурс «Дашкольнікам аб правілах бяспекі» ў 2016 годзе стаў пераможцам абласнога конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт».
Не менш насычанай была праграма і другога дня, калі пра свой вопыт работы расказвалі карэліччане. Госці з вобласці накіраваліся ў яслі-сад №1 г. п. Карэлічы. Варта адзначыць, што гэта ўстанова з’яўлялася неаднаразовым пераможцам абласнога агляду-конкурсу «Мой бяспечны свет». Акрамя таго, з лютага 2015 года на базе садка працуе раённы рэсурсны цэнтр па фарміраванню асноў бяспекі жыццядзейнасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту. Тут ладзіцца сур’ёзная работа з бацькамі выхаванцаў, часта арганізуюцца спецыялізаваныя мерапрыемствы, на заняткі з дзецьмі прыходзяць выратавальнікі, пажарныя, супрацоўнікі міліцыі, якія расказваюць пра сваю працу і даюць карысныя парады. Напачатку пра метады работы ў садку распавяла Наталія Яўгеньеўна Скок, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці. Пасля госці змаглі папрысутнічаць на тэатралізаванай пастаноўцы «Церамок на новы лад». На спецыяльна арганізаваным занятку «Знаўцы бяспекі» прысутнічала інспектар РАНС Аксана Сяргееўна Скок, якая ў якасці кампетэнтнага эксперта вызначала маленькіх пераможцаў і ўзнагароджвала іх кніжкамі. Аказалася, што дарожныя знакі – гэта не нудны пералік правілаў, гэта і вясёлыя танцы і песні. Дзеці разам з Нязнайкам вывучалі дарожную азбуку, і дапамагала ім Вольга Ігараўна Кручэк, старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы Карэліцкага РАУС.
Аб сваіх метадах працы распавяла Галіна Уладзіміраўна Матчак, выхавальнік установы. Яна прапанавала гасцям для прагляду ўласныя распрацоўкі лэпбукаў для дзяцей, у якіх змяшчаюцца гульні і пазлы.
Аб тым, як сфарміраваць навыкі бяспечных паводзін у дзяцей, выкарыстоўваючы дыдактычныя гульні і дапаможнікі, распавялі выхавальнікі ўстановы Ірына Мікалаеўна Мялешка і Людміла Серафімаўна Рашатко.
Гасцям была прапанавана для прагляду выстава «За бяспеку з дзяцінства!», на якой былі прадстаўлены вырабы і кніжкі-малышкі, што дзеці рабілі сваімі рукамі разам з мамамі і татамі.
Ганна ПАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.