Команда Кореличского района достойно выступила на «Гродненской лыжне-2019» (фото+видео)

? 26 студзеня спартыўна-біятлонны комплекс “Сялец” у Навагрудскім раёне снежным надвор’ем і выдатнымі трасамі сустрэў “Гродзенскую лыжню-2019”. Сярод 29 каманд з усёй вобласці — прадстаўнікоў аблвыканкама, райвыканкамаў і сілавых структур рэгіёна – здалля быў бачны і сцяг Карэліцкага раёна.

Наш край прадставіла дэлегацыя пад кіраўніцтвам старшыні Карэліцкага райвыканкама Віктара Шайбака. У яе склад увайшлі: намеснік старшыні райвыканкама Руслан Абрамчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Санчук, галоўны спецыяліст сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Генадзій Карпаленка і намеснік начальніка РЭС Іван Лежань.

Непасрэдна на лыжную трасу адолець эстафету сярод каманд выканаўчых камітэтаў выйшлі Аляксандр Шкадаў, Іна Санчук, Генадзій Карпаленка і Іван Лежань.

Па выніках спаборніцтваў у камандных першынствах перамогу святкавала Навагрудчына, срэбра адыйшло Смаргонскаму раёну, бронза – Шчучынскаму. У асабістых заліках першае месца заняў намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Аляксандр Шымановіч, другое – старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатолій Маркевіч, трэцяе – старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложачнік.

Каманда Карэліцкага раёна паказала 11 вынік. Асобна быў адзначаны прызам Аляксандр Шкадаў, як самы вопытны удзельнік “Гродзенскай лыжні”.

Таксама спецыяльныя ўзнагароды атрымалі прадстаўнік абласнога ўпраўлення камітэта судовых экспертызаў Ілона Ложачнік — як самы малады ўдзельнік, а за волю да перамогі – Ніна Галыня з Зэльвенскага райвыканкама.

У эстафеце зборных сілавых структур перамагла каманда абласнога ўпраўлення МНС, другімі прыйшлі да фінішу прадстаўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, трэцімі – упраўлення Следчага камітэта.

Традыцыйна ўдзел у мерапрыемстве ўзялі першыя асобы рэгіёна. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў у прамове да ўдзельнікаў лыжні зазначыў: “У нас тут сабраліся прадстаўнікі з усёй Гродзеншчыны, каб і выпрабаваць свае магчымасці, і даць прыклад жыхарам вобласці, што трэба больш займацца фізічнай культурай, набірацца здароўя, спартыўнага духу. Тым больш, у нашым рэгіёне для гэтага створаны ўсе ўмовы”.

Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч падкрэсліў, што ў Беларусі шмат робіцца для развіцця спорту. І такія маштабныя мерапрыемствы, як “Гродзенская лыжня”, маюць выключнае значэнне для гэтай вялікай і важнай справы.

Спартыўнае свята атрымалася адмысловым. Акрамя эстафет, яно запомнілася гасціннай атмасферай, цёплымі размовымі, выдатнай канцэртнай праграмай ад артыстаў з Навагрудка і Уселюба ды багатымі на прысмакі гандлёвымі радамі.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара

? ФОТАМОМАНТЫ СПАРТЫЎНАГА СВЯТА ?