Инвалидность не приговор. Кореличчанка Светлана Борищук смогла найти в своем диагнозе плюсы

Упершыню ўбачыўшы карэліччанку Святлану Барышчук, нават цяжка паверыць, што яна ўжо шмат гадоў мае другую групу інваліднасці па зроку. Яркая знешнасць, запальваючая ўсмешка і прамяністае святло вачэй — усё выдае ў ёй няўрымслівую натуру. А між тым амаль 15 гадоў таму жанчыне прыйшлося сутыкнуцца з дыягназам “дыстрафія сятчаткі”. Нягледзячы на гэта, Святлана не апусціла рукі, адмовілася ад нерабочай групы і нават знайшла плюсы ў сваёй хваробе.

— Святлана Дзмітрыеўна, як адбылося, што Вы пачалі страчваць зрок?

— Урачы сказалі, што гэта, магчыма, генетычная асаблівасць. Але ні ў каго з маіх родных такой праблемы не было. Ды і ўвогуле я спачатку не разумела, што са мной штосьці не так. Першыя трывожныя званочкі прагучалі ад знаёмых, якія здзіўляліся, чаму я не вітаюся на вуліцы. А потым у кабінеце афтальмолага я змагла прачытаць толькі верхні радок табліцы, ды і збольшага таму, што ведала, там — Ш і Б.

— Вы працавалі бухгалтарам у банку. Якія праблемы ўзніклі на рабоце?

— Я амаль не бачыла лічбаў, з якімі павінна была працаваць. Замест іх — нейкія незразумелыя кропачкі і штрыхі. Зразумела, аб працы бухгалтарам размовы ўжо не ішло. Горш за ўсё было тое, што мая хвароба не лечыцца. Пры такім дыягназе не дапамагаюць ні аперацыя, ні акуляры ці кантактныя лінзы. Мне прапанавалі другую нерабочую групу, але я наадрэз адмовілася. Мне было крыху за 30, энергіі — мора і сесці дома? Не, дзякуй! І я пайшла працаваць вартаўніком.

— Як адаптаваліся да новых умоў жыцця?

— Вядома, было цяжка. Сын толькі пайшоў у першы клас, патрэбна была дапамога, а які з мяне памочнік? Таму за справу ўзяліся муж і старэйшая дачка. Цяжкую работу па дому, вядома, рабіў муж. На душы было нядобра, але я разумела: трэба прыняць сітуацыю і жыць з годнасцю.

— Ці сустракаліся Вы з дыскрымінацыяй з-за сваіх асаблівасцей?

— Не, нават наадварот. Мне пашчасціла сустрэць на жыццёвым шляху такіх душэўных людзей: і кіраўнікоў, і калег. Калі прыйшла працаваць вартаўніком, мяне падтрымлівалі, падбадзёрвалі, маўляў, трымайся, усё атрымаецца. Але і з пасады вартаўніка пасля 11 гадоў працы я пайшла, бо патрэбна было правяраць пропускі. Я разумела, што перастала спраўляцца і тут.

— Цяжка было ўсвядоміць гэта?

— Памятаеце, як казала гераіня рамана “Унесенные ветром” Скарлет А’Хара: “Я падумаю пра гэта заўтра”. А назаўтра мне прапанавалі прыйсці на працу ў ЗАГС прыбіральшчыцай. Вядома, я пагадзілася.

— Вы змаглі знайсці плюсы ў сваім дыягназе?

— У любой сітуацыі трэба шукаць плюсы. Напрыклад, я больш часу і сіл магу патраціць не на работу, а на свой уласны дом. Мы вырошчваем шмат агародніны, я люблю кветкі, утульнасць у доме. Вось гэтым цяпер і займаюся ў вольны час.

— Што б Вы маглі параіць тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі?

— Па-першае, прыняць тое, што адбылося. Па-другое, годна жыць у новых умовах, прыстасоўвацца да іх. У наш час сучасных тэхналогій чалавеку на дапамогу прыходзіць тэхніка. Мне, напрыклад, дзеці паставілі на смартфон спецыяльную праграму, якая дапамагае чытаць. Такое, як бы мовіць, мабільнае павелічальнае шкло. А кнігі я даўно прызвычаілася слухаць. Працуеш і рухаешся пад акампанемент аўдыёкнігі — зручна. Важна не замыкацца ў сабе, быць з людзьмі. Я часта бываю ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сустракаюся з людзьмі, якія маюць праблемы са зрокам. Мы імкнёмся глядзець на гэты свет з аптымізмам, бо жыццё адно і пражыць яго трэба як мага паўней.

15 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень белага кія. Белы кій — гэта сімвал не толькі невідушчага чалавека, але і знак, які нагадвае грамадству пра тых, хто жыве побач, людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара