Геннадий Шатуев: «В каждом агрогородке Кореличского района должна появиться детская площадка»

Да канца 2023 года ў кожным аграгарадку Карэліцкага раёна павінна з’явіцца дзіцячая гульнявая пляцоўка. Такую задачу паставіў перад сельскімі выканаўчымі камітэтамі старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў на штотыднёвай аператыўнай нарадзе.

— У раёне складваецца станоўчая тэндэнцыя па ўладкаванні дзіцячых гульнявых пляцовак, — адзначыў ён. — Месцы для гульняў рабят ужо з’явіліся ў пасёлках Карэлічы і Мір, аграгарадках Палужжа і Райца. Дзякуючы ініцыятыве жыхароў вёскі Паланая функцыянуе цэлы спартыўны гарадок. Гэтыя аб’екты проста неабходны для развіцця дзяцей. Мы бачым іх высокую запатрабаванасць. У г.п. Мір пачаты работы па ўладкаванні футбольнай пляцоўкі, будаўніцтва якой плануецца завяршыць у бягучым годзе.

Таксама на нарадзе надалі ўвагу спілоўванню аварыйных дрэў і своечасовай ачыстцы пляцовак для складзіравання рытуальных адходаў на могілках.

— Хутка пачнуцца восеньскія памінальныя дні, людзі пойдуць наводзіць парадак на пахаваннях. Спецыяльным службам неабходна больш пільна сачыць за парадкам. У раёне налічваецца больш за 100 могілак, гэта нямала, — падкрэсліў Генадзій Шатуеў.

Некаторую заклапочанасць выклікае сітуацыя ў раслінаводстве. Па словах кіраўніка раёна, засушлівы жнівень, калі сеялі азімы рапс, негатыўна паўплываў на ўсходжасць культуры, з-за недахопу вільгаці частка пасеваў загінула. На сёння ў раёне пасеяна 75% азімых зерневых культур, або 10 338 га. Сяўбу неабходна завяршыць да 10 кастрычніка, інакш не будзе дасягнута аптымальная ўраджайнасць. Аднак дажджы стрымліваюць тэмпы палявых работ, месцамі тэхніка прастойвае. З палёў убрана на сілас 59% кукурузы, 45% цукровых буракоў, ільнотраста паднята і звезена з 1785 га плошчаў, або 83%.

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Быліч паведаміў, што на малочнатаварнай ферме «Кожава» ў СВК «Жухавічы» ўжо манціруецца абсталяванне. Для будаўніцтва аналагічнага жывёлагадоўчага аб’екта ў в. Востухава СВК «Маяк-Заполле» адкрывае крэдытную лінію.

— Нашаму раёну патрэбны новыя сучасныя малочнатаварныя фермы з бяспрывязным утрыманнем дойнага статка. Без такіх жывёлагадоўчых аб’ектаў мы не зможам павялічыць ні колькасць, ні якасць малака. Менавіта ад гэтага залежыць заробак працаўнікоў вёскі, — падкрэсліў Генадзій Шатуеў.

Асаблівы акцэнт на нарадзе зрабілі на вакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі. Ва ўстановах аховы здароўя раёна ёсць дастатковы запас вакцыны, таму ўсе жадаючыя могуць атрымаць абарону ад віруса.

Іна ЛЕЙКА