Молодежь делится впечатлениями о конкурсе «Молодой специалист ХХІ века» (+ видео)
У пятніцу ў раённым Доме культуры і народнай творчасці прайшоў конкурс «Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя». Удзельнікі конкурсу падзяліліся сваімі чаканнямі і перажываннямі да канцэрту і адчуваннямі пасля адказнага конкурсу.
Бухгалтар КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Юлія Бартош расказала, што імкнецца перамагчы.
— Мне прапанавалі прыняць удзел у конкурсе і я згадзілася, — расказвае дзяўчына. — Я вельмі люблю актыўнасць.
Юлія кажа, што нарадзілася ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, але аб тым, што лёс накіраваў яе ў аграгарадок Турэц, яна не шкадуе:
— Мне вельмі падабаецца Карэліцкі раён. Ён прыняў мяне як родную.
Тэхнік-тэхнолаг Карэліцкага ўнітарнага прадпрыемства “Камбінат бытавога абслугоўвання” Крысціна Лаўрушчык прызналася перад пачатком выступлення, што хвалюецца, бо ёй не часта даводзіцца выступаць на сцэне:
— На конкурс я прыйшла, каб адчуць адрэналін. Чакаю новых сяброў і выдатнага настрою.
Знайшла на конкурсе новых сяброў і настаўнік англійскай мовы ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай” Таццяна Літвінковіч:
— Сёння выконваю творчы нумар разам са сваімі вучнямі. У конкурсе вырашыла паўдзельнічаць, бо я актыўная і пазітыўная. Мы пазнаёміліся з маладымі спецыялістамі, якія таксама ўдзельнічаюць у конкурсе, спадзяюся, што будзем з імі сябраваць і пасля сённяшняга вечара.
Пераможцамі раённага конкурсу “Малады спецыяліст ХХІ” стагоддзя 2022” сталі:
Дыпломам трэцяй ступені ўзнагародзілі ветэрынарнага ўрача СВК “Маяк-Заполле” Максіма Урбанчука.
Другое месца журы прысудзіла бухгалтару КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Юліі Бартош.
Пераможцам раённага конкурсу “Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя” стала памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца” Паліна Рабцава.
Уладальнікам першых трох месцаў уручылі грашовыя прызы, а ўсе астатнія маладыя спецыялісты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў і падарачныя сертыфікаты. Ніхто не застаўся без узнагарод.
— Вельмі добра, што мы аднавілі традыцыю праводзіць конкурсы сярод маладых спецыялістаў, — сказаў Яўген Чычкан. — Такім чынам мы зможам даведацца крыху больш пра нашу моладзь, якая, акрамя працоўных пытанняў, захапляецца рознымі цікавымі рэчамі. Тое, што яны сёння нам прадэманстравалі, даказвае: наша моладзь перспектыўная, творчая, актыўная, энергічная. Вельмі прыемна было назіраць за імі. Чакаем, што ў далейшым убачым іх неаднаразова і на гэтай сцэне, і ў нашых агульных справах.
За кулісамі сваімі адчуваннямі пасля конкурсу падзяліліся і пераможцы.
— Я перанасычаны эмоцыямі! — расказаў уладальнік трэцяга месца Максім Урбанчук. — Вельмі рады, што атрымалася выступіць, што ўсё адбылося так, як павінна было. Я шчаслівы, што прыняў удзел.
— Вельмі прыемна было паўдзельнічаць, атрымаць адрэналін і асалоду ад сцэны, — кажа Юлія Бартош. — Усіх заклікаю да актыўнасці, вы дакладна не пашкадуеце!
— Хваляванне вялікае, — дзеліцца пераможца конкурсу Паліна Рабцава. — Я разлічвала на перамогу, і ў мяне атрымалася. Галоўнае, што я пераадолела страх сцэны, гэта было самым складаным.
Сяргей СТОЛЯР
Фота і відэа аўтара