Зборы музея “Замкавы комплекс “Мір” папоўніліся двума шаўковымі паясамі, вырабленымі адной з кракаўскіх мануфактур у канцы XVIII ст.

Зборы музея “Замкавы комплекс “Мір” папоўніліся двума шаўковымі паясамі. Яны былі набыты ў прыватнага калекцыянера. Дзякуючы экспертызе, якая была выканана па замове музея і якую правялі супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі І. М. Скварцова, А. Ул. Сянкевіч, А. Г. Міцкевіч, мы ведаем, што паясы з’яўляюцца вырабамі адной з кракаўскіх мануфактур і датуюцца канцом XVIII ст.

 

Унікальна тое, што да гэтага ў зборах музея захоўваліся толькі фрагменты паясоў французскай вытворчасці. Зараз жа музей можа пахваліцца двума цэлымі шаўковымі паясамі.

З даўніх часоў пояс з’яўляўся важным і неад’емным аксесуарам як мужчынскага, так і жаночага касцюма. Ён не толькі падтрымліваў адзенне і з’яўляўся своеасаблівым абярэгам свайго ўладальніка, але і падкрэсліваў яго сацыяльны статус у грамадстве.

У свой час на нашых землях бытавалі паясы рознай вытворчасці: усходнія, заходнееўрапейскія і мясцовыя. Напрыклад, у гардэробе Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку значыліся паясы, прывезеныя з Персіі, Асманскай імперыі, Кітая, напрыклад, “пояс перскі з золатам…”, “пояс кітайскі белы…”, “пояс турэцкі цёмна-аліўкавы ў кветачкі…”. Насіў таксама Пане Каханку паясы французскай вытворчасці, сярод якіх былі “пояс пунсовы парыжскі…”, “пояс французскі зялёны…”. Не мог, вядома, Радзівіл абысціся і без слуцкіх паясоў у сваім гардэробе. Кожны заможны шляхціч меў у сваім гардэробе дзясяткі паясоў рознай вытворчасці.

У сярэдзіне – другой палове XVIII ст. паясы выраблялі ў многіх гарадах і мястэчках Рэчы Паспалітай: Слуцку, Ружанах, Гродне, Гданьску, Кракаве і інш. Аднак з канца XVIII ст. паясы паступова пачалі выходзіць з ужытку.

Сёння паясы з’яўляюцца ўнікальнымі творамі дэкаратыўнага мастацтва, а таксама прадметамі калекцыянавання. Набытыя музеем паясы ў будучым можна будзе дэманстраваць у музейнай экспазіцыі або на выставах. Бясспрэчна, яны маюць гістарычную, мастацкую і музейную каштоўнасць.

Вераніка Красоўская,

навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”