Будаўніцтва малочна-таварнай фермы «Востухава», рапсавы цэх і зернесушыльны комплекс. У СВК «Маяк-Заполле» інвестуюць у новыя вытворчыя аб’екты

У СВК «Маяк-Заполле» будуюць два кароўнікі на 610 месцаў і даільна-малочны блок пры малочнатаварнай ферме ў вёсцы Востухава.

Малако — асноўная крыніца фінансаў для аграрнай галіны. Як паведамляе выданне «СБ. Беларусь сёння», цэны на яго, у тым ліку сусветныя, б’юць рэкорды: летась на глабальным рынку дасягнулі 60 долараў за 100 кілаграмаў. Па прагнозах аналітыкаў, у 2023-м будуць на ўзроўні 45-50 долараў за цэнтнер, прадукт застаецца высокамаржынальным.

Граматныя кіраўнікі разумеюць: цяпер самы час, каб укладваць інвестыцыі ў малочную галіну.

— У Беларусі існуюць спрыяльныя ўмовы для развіцця малочнай жывёлагадоўлі, — лічыць старшыня СВК «Маяк-Заполле» Віктар Маковік. — Гэта льготныя крэдыты, субсідыі і беспрацэнтныя крэдыты. Не карыстаецца гэтым толькі лянівы.

 Будаўніцтва кароўнікаў і даільна-малочнага блока пры МТФ «Востухава» пачалося ў ліпені мінулага года, вядзецца з дзяржаўнай падтрымкай і за кошт уласных сродкаў. Кошт аб’екта — 11,2 млн рублёў. На сёння праведзена каля 30% будаўнічых работ. Фінансаванне вядзецца рытмічна, як абяцаюць будаўнікі, аб’ект будзе здадзены ў эксплуатацыю ў тэрмін — у кастрычніку бягучага года.

У сярэднім за суткі СВК «Маяк-Заполле» прадае 34 тоны малака, што на 6,6 т больш да аналагічнага перыяду мінулага года. 64% сыравіны рэалізуецца гатункам «экстра». З уводам у эксплуатацыю новага аб’екта дойны статак вырасце, што дазволіць павялічыць вытворчасць малака і павысіць эканамічную эфектыўнасць прадпрыемства.

 — Сёння ў СВК «Маяк-Заполле» функцыянуюць тры малочнатаварныя фермы, на дзвюх з якіх пагалоўе знаходзіцца на прывязным утрыманні. Гэтыя памяшканні 70-х гадоў пабудовы сябе ўжо зжылі, — кажа Віктар Маковік. — На новым аб’екце ўсе працэсы будуць аўтаматызаваныя. Пачнуць працаваць найноўшыя сістэмы вентыляцыі, сэнсарныя датчыкі, з дапамогай якіх рэгулююцца тэмпература і ўзровень вільготнасці. Дадзеныя па гатунковасці прадукцыі, якая паступае ў халадзільнік, апрацоўваюцца камп’ютарам. З’явяцца і аўтаматычныя падганяльнікі, якія з дапамогай рашоткі будуць хутка і акуратна накіроўваць кароў у даільную залу. Прадугледжана механізаваная ўборка памяшканняў. На аб’екце будуць працаваць 28 чалавек, 5 з якіх — аператары машыннага даення. У старых памяшканнях пасля рэканструкцыі размесцяць сухастойных кароў і маладняк.

Аператар пульта кіравання рапсавай лініі Мікалай Мялешка

Летась сельгаспрадпрыемства інвеставала сродкі ў два новыя вытворчыя аб’екты. Гэта рапсавая лінія па вытворчасці жмыха і алею, а таксама зернесушыльны комплекс ЗСК-30Г магутнасцю 30 тон у гадзіну і коштам 956,4 тысячы рублёў.

— Міні-вытворчасць па перапрацоўцы рапсу мае добрую рэнтабельнасць, — расказвае Віктар Маковік. — За лістапад-снежань 2022 года перапрацавана 451 т масланасення рапсу. Атрымана 166 т алею і 275 т жмыха.

Рапсавы алей — высокарэнтабельная прадукцыя

Рэалізавана 152 т алею. Прыбытак склаў 206,9 тысячы рублёў. Рэнтабельнасць — 114,5%. За 5 месяцаў працы вытворчасці прадпрыемству ўдасца акупіць выдаткі, якія спатрэбіліся для ўладкавання рапсавай лініі.

Рапс — алейная культура, перапрацоўка якой дазваляе атрымаць не толькі алей, але і важную ў кармленні буйной рагатай жывёлы бялковую дабаўку — жмых. Без яго высокіх паказчыкаў у надоях чакаць не варта.

Да запуску цэха па перапрацоўцы масланасення СВК «Маяк-Заполле» быў вымушаны закупляць сыравіну ў Віцебску і Смаргоні, а гэта траты не толькі на набыццё харчовай дабаўкі, але і яе транспарціроўку. Цяпер жа гаспадарка ў сілах самастойна забяспечыць свае патрэбы. Для паўнавартаснага кармлення пагалоўя, якое ўтрымліваецца ў гаспадарцы, неабходна 1150 тон жмыха. У бягучым годзе ў гаспадарцы плануюць атрымаць 1465 т гэтай харчовай дабаўкі і 890 т алею.

Зернесушыльны комплекс ЗСК-30Г магутнасцю 30 тон у гадзіну

— У мінулым сезоне з 450 га зямлі, адведзенай пад культуру, удалося сабраць 1923 тоны рапсу, — удакладняе старшыня сельгаскааператыва. — Ураджайнасць культуры склала 42,7 ц/га. Увосень мінулага года азімы рапс пасеялі на 550 га, павялічыўшы плошчы на 100 га.

Дагавор на пастаўку абсталявання заключылі з беларуска-чэшскай кампаніяй ТАА «Унілайн», якая на працягу дзесяці гадоў вырабляе і пастаўляе лініі па перапрацоўцы алейных культур. У самыя кароткія тэрміны спецыялісты ТАА «Унілайн» устанавілі абсталяванне і навучылі персанал. Сёння цэх па перапрацоўцы рапсу працуе кругласутачна ў аўтаматызаваным рэжыме. Тэхналогію вытворчасці кантралююць чатыры аператары пульта кіравання. У сярэднім за суткі ў цэху перапрацоўваюць да 10 т культуры.

Жмых — важная ў кармленні буйной рагатай жывёлы бялковая дабаўка

— На выхадзе атрымліваецца 61% жмыха і 39% алею, — кажа адзін з аператараў Мікалай Мялешка.

Праца мужчыне падабаецца. Кажа, што ўмовы камфортныя, усе функцыі аўтаматызаваныя і зарплата дастойная — каля 1300 рублёў.

Іна ЛЕЙКА

Фота і відэа аўтара