80-летняя пенсионерка из Цирина Александра Васильевна Алексеевич вышивает картины бисером и алмазами
Жыццё на пенсіі ў кожнага сваё, чалавек сам вырашае, чым яму заняцца. Выбраўшы справу для душы, адчувае сябе больш упэўнена, і ў залатым ўзросце творца прадаўжае жыць у суладдзі з сабой.
Аляксандра Васільеўна Алексеевіч з аграгарадка Цырын з кагорты тых, хто мае захапленні і атрымлівае асалоду ад зробленага. Яе карціны прыносяць радасць і сабе, і людзям.
Ад родных ніў
Аляксандра нарадзілася ў вёсцы Аканавічы. Закончыла Цырынскую сярэднюю школу, затым геаграфічны факультэт Белдзяржуніверсітэта.
Працавала ў Скрышаўскай васьмігадовай і Цырынскай сярэдняй школах.
Яшчэ дзесяць гадоў на пенсіі настаўнічала ў Цырынскай дзесяцігодцы. Муж Іван Іванавіч быў настаўнікам і выкладаў біялогію ў школе.
Аляксандра Васільеўна — шчаслівая маці і бабуля. Генадзій выбраў прафесію ўрача, Дзмітрый — настаўніка, і матуля ганарыцца сваімі сынамі. Яе сэрца радуюць тры ўнукі і праўнучка.
З людзьмі і для людзей
Аляксандра Васільеўна Алексеевіч з’яўляецца старшынёй пярвічнай арганізацыі таварыства інвалідаў ужо пятнаццаць гадоў. У пярвічцы — 28 чалавек: людзі розных узростаў, першай і другой груп ад агульнага захворвання. Работнікі Цырынскага сельсавета дапамагаюць вырашаць ім пытанні рознага кшталту, а мясцовае сельгаспрадпрыемства забяспечвае прадуктамі сельскай гаспадаркі.
Як старшыня яна падрымлівае сувязі з членамі таварыства. Яны тэлефануюць кіраўніку па запытах, а яна — у раённае таварыства інвалідаў. Тут арганізоўваюць розныя мерапрыемствы.
«У сталым узросце многія жывуць адны, і зносіны з іншымі маюць вялікае значэнне. Я ім тэлефаную, і яны мне таксама. Абмяркоўваем розныя жыццёвыя пытанні, любім пагаварыць па душах, асабліва пра дзяцей і ўнукаў», — адзначае субяседніца.
Свет захапленняў
Адно з захапленняў — вышыўка карцін бісерам. Творца называе яе вельмі працаёмкім працэсам: «Трэба вышываць па канве, і замест ніткі-мулінэ кладзеш бісерынку і прышываеш адна да адной. Вышыла тры карціны, якія радуюць букетамі кветак».
Затым захацелася маляваць. Па словах Аляксандры Васільеўны, гэта не вельмі складана. Для яе ж зусім проста, бо ў школе афармляла стэнды. Навыкі работы з пэндзлем ёсць. У магазіне можна набыць планшэт з малюнкамі — і размалёўвай іх.
— Мне гэты занятак вельмі па душы, — прызнаецца жанчына. — Я расслабляюся і супакойваюся, на душы становіцца лагодна. Маёй істотай авалодвае высокае пачуццё: сваімі рукамі раблю сапраўднае цуда. Такіх карцін стварыла каля дзесяці, многія падарыла сваякам.
Акрамя гэтага, Аляксандра Васільеўна займаецца алмазнай вышыўкай. Яе сутнасць у тым, што на ўзор замест фарбы прыклейвае гранёныя каменьчыкі рознага колеру — і атрымліваецца прыгожая карціна.
Радасць жыцця
— Усе гэтыя захапленні ўпрыгожваюць жыццё на пенсіі, дапамагаюць зрабіць яго разнастайным. Гэтымі справамі мой час не абмяжоўваецца. Сыны купілі планшэт і навучылі ім карыстацца. Кожны дзень гадзіну-другую праводжу ў інтэрнэце і шукаю адказы на пытанні. Яны найбольш датычаць здароўя, сада і агарода, гляджу мастацкія фільмы, — паведала напрыканцы сустрэчы суразмоўца і дадала, што любіць чытаць кнігі і захапляецца творамі мясцовай пісьменніцы Святланы Кошур. У кнігах пра жыццё, прыроду, побыт вяскоўцаў чытачка знаходзіць шмат карыснага для сябе. З’яўляецца радасць жыцця, якая перапаўняе жаночае сэрца, і будні набываюць іншы сэнс — становяцца змястоўнымі і цікавымі.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ