Галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Юлія Ліхута: «Беларусы — спартыўная нацыя»
13 красавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам федэрацыі тэніса Расіі Шамілем Тарпішчавым. Сімвалічна, што гэтая сустрэча адбылася напярэдадні II гульняў краін СНД, якія пройдуць у Беларусі з 3 па 15 жніўня 2023 года, — адзначае галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Юлія Ліхута.
Канцэпцыя гульняў прадугледжвае правядзенне спартыўных мерапрыемстваў ва ўсіх абласцях краіны, што дазволіць паказаць удзельнікам і гасцям сучасную спартыўную інфраструктуру сталіцы і рэгіёнаў, а таксама прадэманстраваць турыстычны патэнцыял Беларусі.
Паралельна спартсмены зараз рыхтуюцца да летніх Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць у Парыжы ў 2024 годзе. І нават калі беларускім атлетам не дазволяць выступаць пад нацыянальнай сімволікай, усё роўна яны будуць адстойваць гонар роднай зямлі, а мы з не меншым азартам будзем за іх хварэць. Думаю, што ў нашых спартсменаў ёсць шмат шанцаў на медалі, бо ў Беларусі дастаткова добра развіта масавая фізічная культура і спорт. Штогод у Беларусі праводзіцца каля 22 тыс. спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Адна з самых яркіх падзей апошніх гадоў — культурна-спартыўны фестываль «Вытокі». Традыцыйнымі сталі спаборніцтвы «Беларуская лыжня» і Мінскі паўмарафон. Штогод у краіне праводзіцца больш за 100 турніраў для дзяцей і падлеткаў, у тым ліку спаборніцтвы па футболе «Скураны мяч», па гандболе «Імклівы мяч», па біятлоне «Снежны снайпер», рэспубліканскі хакейны турнір «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта.
У Беларусі працуе больш за 23 тыс. фізкультурна-спартыўных збудаванняў. Кожны абласны цэнтр мае ўласны Палац спорту, крытую лядовую пляцоўку.
Зараз у Беларусі рэалізуецца дзяржаўная праграма «Фізічная культура і спорт». Яе галоўныя мэты — паспяховае выступленне беларускіх спартсменаў на Алімпійскіх гульнях і іншых найбуйнейшых спаборніцтвах, далучэнне насельніцтва да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам, стварэнне ўмоў для развіцця дзіцяча-юнацкага спорту.
Іна ЛЕЙКА