Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Карэліцкага райвыканкама Наталля Саматыя сустрэлася з калектывамі ДУ «ЦСАН Карэліцкага раёна» і ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка»
Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Карэліцкага райвыканкама Наталля Саматыя сустрэлася з калектывамі ДУ «ЦСАН Карэліцкага раёна» і ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка»
4 красавіка начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Карэліцкага райвыканкама Наталля Саматыя наведала два працоўныя калектывы райцэнтра — Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна і Карэліцкую сельгастэхніку. Як дэлегат ад Карэліччыны яна прыняла ўдзел у штогадовым Пасланні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да беларускага народа і Нацыянальнага сходу і падзялілася сваімі ўражаннямі.
У сваім выступленні Наталля Юр’еўна засяродзіла ўвагу прысутных на ўмовах суверэнітэту і незалежнасці, якія былі адлюстраваны ў Пасланні Прэзідэнта: народнае адзінства, гістарычная памяць і нашы нацыянальныя традыцыі, эканоміка, сацыяльная справядлівасць, незалежная знешняя палітыка, абароназдольнасць дзяржавы.
«У нашай краіне ўсе, хто хоча і можа працаваць, працуюць і зарабляюць. Паўтару: хто хоча, у нас могуць працаваць і зарабляць», — адзначыў Кіраўнік дзяржавы ў Пасланні. Наталля Саматыя поўнасцю згодна з гэтым меркаваннем і адзначыла, што «ўсё ў нашых руках, і мы павінны зарабляць у сябе дома».
Дэлегат адзначыла і пытанне медабслугоўвання, зазначыўшы пры гэтым, што кожны чалавек павінен праходзіць дыспансерызацыю і клапаціцца пра сваё здароўе. Нагадала пра актуальныя пытанні, якія ўзняў Прэзідэнт краіны: шматдзетныя сем’і, інстытут сям’і, адукацыю — яны датычаць дабрабыту беларускага народа.
«Мы ўсе жадаем жыць пад мірным небам, у міры з усімі народамі. У гэтым жаданні не ўсё, але многае залежыць ад нас саміх. Суверэнітэт, незалежнасць не даюцца раз і назаўжды. Гэта сталая неабходнасць дэманстраваць, што ў нас ёсць воля, ёсць свае каштоўнасці, свае традыцыі і свой гістарычны шлях. Шлях міру і стваральнай працы», — гаворыцца ў Пасланні. Падчас сустрэч Наталля Саматыя не раз звяртала ўвагу на тое, што кожны чалавек павінен з поўнай аддачай працаваць на сваім рабочым месцы. Пра гэта гаварыў і Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА