У аграгарадку Райца праведзены ўрачысты мітынг да Дня Перамогі
Мітынг, прысвечаны памяці салдат і афіцэраў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, памяці салдацкіх маці і ўдоў, памяці дзяцей вайны, працаўнікоў тыла аб’яўляецца адкрытым.
Слова прадастаўляецца старшыні Райцаўскага сельскага Савета Валерыю Бабко:
— 9 Мая — свяшчэнная дата для жыхароў Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень кожнага перапаўняюць асаблівыя пачуцці: радасць і гонар за подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў за мір і справядлівасць, боль і смутак па тых, хто загінуў на полі бою, але дзякуючы каму жывём пад мірным небам. Іх імёны назаўсёды застануцца ў нашых сэрцах.
78 гадоў таму шматнацыянальны савецкі народ атрымаў Перамогу у самай страшнай і крывавай вайне. Гэта Вялікая Перамога выратавала нашу Радзіму ад гнёту, вызваліла Еўропу, падарыла ўсяму свету жыццё і свабоду.
Ворагі кідалі супраць нас сотні тысяч карнікаў. Яны дзейнічалі з варварскай жорсткасцю, раўнялі з зямлёй гарады і сёлы, забівалі нашых жанчын, дзяцей і старых. З намі вялі вайну на поўнае знішчэнне. Нас не зламалі. Мы выстаялі і перамаглі, але ў гэтай бітве Беларусь панесла вялізарныя страты. І гэты страшны боль не можа залячыць нават час.
Валерый Фёдаравіч павіншаваў з светлым святам — Днём Перамогі. Перамогі міру над вайной, святла над цеменью, жыцця над смерцю.
У сваім выступленні старшыня СВК «Свіцязянка-2003» Аляксандр Мяцеліца адзначыў, што на мітынгу сабраліся для таго, каб ушанаваць памяць загінулых на палях Вялікай Айчыннай вайны. Рады ветэранаў і відаводцаў усё больш і больш радзеюць, і трэба запісаць іх успаміны, каб нашчадкам перадаць старонкі гісторыі. І галоўнае: каб вайна ніколі не паўтарылася. Аляксандр Аляксандравіч пажадаў землякам дабрабыту, міру, здароўя, і каб яны заўсёды радаваліся новаму дню і мацавалі яго шчырай працай.
«У нашай краіне ёсць шмат свят, мы ўсведамляем іх значнасць і важнасць, паважаем і ўшаноўваем. Але Дзень Перамогі выдзяляем з іх таму, што не было ў гісторыі чалавецтва больш лёсавызначальнай і трагічнай падзеі, чым Другая Сусветная вайна», — сказаў першы намеснік стршыні райвыканкама, начальнік сельгасупраўлення Яўгеній Бусько і адзначыў, што Карэліцкі край спаўна адчуў на сабе жахі ваеннага ліхалецця. Легендарнай старонкай Прынёманскага краю стала падрыўная дзейнасць мірскіх і ярэміцкіх камсамольцаў-падпольшчыкаў і партызан. Гісторыяй цэлай краіны стаў гераізм Уладзіміра Царука і Паўла Жалезняковіча, вызваліцеляў нашых пасёлкаў і вёсак Яна Фогеля і Васілія Канавалава. Мы ніколі не забудзем аб загінулых воінах, партызанах і падпольшчыках, мірных жыхарах, «хатынскіх» вёсках.
Прадстаўнік мясцовай улады выказаў меркаванне, што наш абавязак — ушаноўваць іх памяць, цаніць іх кожны дзень, пражыты ў свабоднай Беларусі пад мірным небам. З павагай адносіцца да дзяржаўных сімвалаў, якія адлюстроўваюць палітычную самастойнасць і незалежнасць нашай дзяржавы, гісторыю яе станаўлення і развіцця.
У мітынгу, які праводзіўся каля помніка Героя Савецкага Саюза Мікалая Гастэла на Райцаўкай зямлі, актыўны ўдзел прынялі мясцовыя работнікі культуры і вучні школы. Без хвалявання нельга было слухаць цудоўныя мелодыі, прысвечаныя Дню Перамогі і роднай Беларусі, а таксама — высакародныя словы, адрасаваныя з нагоды свята ўсім прысутным на мітынгу.
Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць загінулых на вайне.
Да помніка былі ўскладзены вянкі і кветкі.
Галіна СМАЛЯНКА