У Карэлічах праведзена комплексная прафілактычная адпрацоўка адміністратыўнага ўчастка
У Карэлічах праведзена комплексная прафілактычная адпрацоўка адміністратыўнага ўчастка. У ёй прыняў удзел журналіст раённай газеты «Полымя».
Адзін клопат на ўсіх
Неаднойчы прыходзілася прымаць удзел у такога роду рэйдах. Для газетчыка гэта куды прасцей у параўнанні з прадстаўнікамі камісіі па справах непаўналетніх, аддзела адукацыі райвыканкама, раённага аддзела ўнутраных спраў, якім прыходзіцца вырашаць лёс многіх падлеткаў. У кожнага адказнага работніка сваё прызначэнне, але адзін клопат на ўсіх.
«Чужых дзяцей не бывае» , — не раз чую выказванне адказных асоб. Сапраўды, дзеці не павінны быць пакрыўджаны. А інакш чаго б мы, дарослыя, былі вартыя? Пра дзяўчынак і хлопчыкаў клапоцяцца дзяржава і школа, але асноўны выхавальнік — сям’я, і бацькі — ахоўнікі, дарадцы, сябры. Што да журналіста, галоўнае — не нашкодзіць, а дапамагчы словам. Сваіх герояў сустрэч па этычнай прычыне не называю, як і населеных пунктаў, адрасоў, прозвішчаў.
Бацькі і дзеці
Падчас першай сустрэчы ў сям’і насцярожвае навіна: 12-гадовы хлапчук час ад часу сыходзіць з дому. «Чаму?» — цікаўлюся ў яго. У адказ чую: «Не ведаю». Не ведаюць і бацькі, але ж праблема існуе. Адчуваецца, яна не толькі ў адным падлетку. Маці часова не працуе, збіраецца пераехаць на маленькую радзіму. Па яе меркаванні, там зможа знайсці сабе працу.
Што ж, кожны мае права вырашаць, як паступіць яму ў той ці іншай сітуацыі. Вось толькі ад праблем дарослых часта пакутуюць дзеці. Дочкі і сыны шукаюць падтрымку ў бацьках, і, не атрымаўшы яе, замыкаюцца ў сабе. Прыклад дарослых важны, дзеці бачаць у іх апору. Што рабіць сыну, калі матуля не можа вызначыцца ў жыцці? Можа, хоць такім чынам выказаць пратэст?
Пытанні. Іх шмат задае жыццё, і вельмі хочацца знайсці адказы. У гэтым выпадку не ўпусціць бы маці штосьці важнае ў выхаванні роднага чалавека. Трэба прыкласці старанні, каб дзіця расло ў гармоніі і любові.
Вялікая сям’я
Заўсёды была рада сустрэчы са шматдзетнымі сем’ямі, у якіх пануе лад, а дзеці радуюць бацькоў. Аб поспехах той, у якую наведалася падчас рэйду, весці гаворку пакуль рана. Мікраклімат у ёй не мог задавальняць, таму сям’ю паставілі на ўлік як сацыяльна небяспечную. Адказныя асобы пачалі сюды наведвацца, праводзімая растлумачальная работа жаданых вынікаў не дала — і за сям’ёй прадаўжаюць ажыццяўляць кантроль.
У сям’і — чацвёра дзяцей: восем, пяць, два гады і восем месяцаў. Маці без малога трыццаць гадоў, бацька родным з’яўляецца для самай малодшай, для астатніх айчымам. Хаця гэта не вызваляе яго ад выхавання. Зараз прычына ў іншым і больш складаная: мужчына хварэе. Не магу ўстрымацца і пытаюся ў маладой маці: «Як спраўляецеся з дзецьмі?» «Паціху», — коратка адказвае яна і дадае, што старэйшая дачка наведвае дзіцячы аздараўленчы прышкольны лагер. У выхаванні дзяцей падтрымку і дапамогу аказвае бабуля, якой дачка вельмі ўдзячна.
На пытанне «За што паставілі шматдзетную сям’ю на ўлік?», члены рэйду патлумачылі, што прычынай сталі скандалы ў сям’і.
Адпачынак у радасць
«Як будзеш праводзіць лета?» — цікавяцца правяраючыя ў падлетка. Маці адказвае першай і тлумачыць, што сын паедзе на канікулы да бабулі і будзе дапамагаць па хатняй гаспадарцы.
Гэтае пытанне члены рэйду задавалі ўсім дзяўчынкам і хлопчыкам, у сем’і якіх наведваліся ў гэты дзень. Адказы былі рознымі: яны называлі адпачынак у дзіцячых аздараўленчых лагерах, працу ў арганізацыях па дагаворы і студэнцкім атрадзе і іншых месцах. Падчас сустрэчы з дзяўчынкамі і хлопчыкамі праводзілі растлумачальную гутарку аб паводзінах на летніх канікулах, заклікалі не курыць і не сябраваць з запалкамі, не ездзіць на веласіпедах па праезджай частцы — адным словам, паводзіць сябе прыстойна і займацца карыснымі і цікавымі справамі. Жадалі добрага адпачынку, каб на летніх канікулах яны змаглі загартаваць сваё здароўе, набрацца новых сіл, каб у верасні ахвотна ўзяцца за вучобу.
Афіцыйна
Леанід НАПОРКА,
старшы інспектар па дазвольнай рабоце аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Карэліцкага РАУС:
— Для адпрацоўкі райцэнтра былі задзейнічаны супрацоўнікі РАУС, ДАІ, РАНС, аддзела адукацыі райвыканкама, аховы здароўя, сацыяльнай абароны і іншых структур раёна.
Супрацоўнікамі МА ДАІ Навагрудскага раёна за дзень на тэрыторыі г.п. Карэлічы выяўлена 22 парушэнні правіл дарожнага руху.
Прадстаўнікі аддзела адукацыі, інспекцыі па справах непаўналетніх Карэліцкага РАУС вывучылі работу гурткоў і секцый ва ўстановах адукацыі і культуры. Таксама наведалі 9 сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
Назіральнай камісіяй у складзе прадстаўнікоў сацыяльнай службы, РАНС, РАУС абследаваны домаўладанні, у якіх жывуць адзінокія састарэлыя, пажылыя грамадзяне, а таксама асацыяльныя асобы, што існуюць за кошт пенсій бацькоў.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў наведаліся да карэліччан, абавязаных вяртаць расходы на ўтрыманне іх дзяцей.
Праваахоўнікі і медыкі сустрэліся з шасцю раней судзімымі асобамі, якія стаяць на ўліках у раённым аддзеле ўнутраных спраў і наркалагічным кабінеце Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы, а таксама з пяццю грамадзянамі, што знаходзяцца на ўліку ў РАУС. Наведаны два домаўладанні з рэпутацыяй «прытон».
Праверана вартавая ахова з мэтай папярэджання крадзяжоў на сельскагаспадарчых аб’ектах усіх форм уласнасці.
Пабывалі ў трох замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія знаходзяцца ў нашай краіне. Па ўсіх адрасах парушэнняў заканадаўства не выяўлена.
Аднак мелі месца два адміністратыўныя правапарушэнні па арт. 19.3 КоАП Рэспублікі Беларусь (распіццё спіртнога або з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы).
Галіна СМАЛЯНКА