Гости из Красногорска о Кореличском районе: «У вас отдыхаешь душой»
Сяброўства паміж Краснагорскім раёнам Маскоўскай вобласці і Карэлічамі доўжыцца ўжо больш за 30 гадоў. Стала добрай традыцыяй, што дэлегацыя з горада-пабраціма наведвае Карэліччыну напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Штогод беларуская і расійская моладзь сустракаецца на творчых фестывалях і конкурсах, адпачывае ў дзіцячых аздараўленчых лагерах.
Пасля двух дзён, праведзеных на Карэліччыне, члены дэлегацыі дзеляцца сваімі ўражаннямі.
Дар’я Пятрушкіна, удзельніца фальклорнага ансамбля “Абярэг”:
— У вас вельмі спакойна, тут адпачываеш душой. Краснагорск — вельмі імклівы горад з шалёным рытмам. Прыехалі сюды і адпачываем, слухаем птушачак, атрымліваем асалоду ад цудоўнага паветра і зносін з выдатнымі людзьмі. Учора мы наведалі льнозавод, дзве фермы і сядзібу Раецкіх. Нас усюды вельмі добра сустракалі, нас рады былі бачыць. Мы пагладзілі жывёл, нас пакаталі на трактары, на возе. Уражанні самыя добрыя, я б з задавальненнем прыехала сюды яшчэ раз.
Сяргей Мяркулаў, удзельнік фальклорнага ансамбля “Абярэг”:
— Карэлічы вельмі спадабаліся, я тут упершыню, і вельмі здзіўлены вашым ціхім, спакойным жыццём. Тут вельмі дагледжана, прыгожа, і гэта датычыцца не толькі цэнтра Карэліч, але і ўсяго пасёлка, і раёна. Мы ўчора праехалі па вёсках, і ўсюды чыста, дагледжана. Спадабаліся мясцовыя жыхары, якія прымалі нас з ветлівасцю, былі вельмі добрыя і радыя нас сустрэць. Калі б у мяне была магчымасць, я б з задавальненнем вярнуўся сюды, і буду рэкамендаваць сваім сябрам прыехаць да вас у госці.
Вольга Захарава, намеснік кіраўніка адміністрацыі гарадской акругі Краснагорск:
— У Беларусі я ўжо бывала, але на Карэліччыне ўпершыню. Учора мы паглядзелі амаль увесь раён, атрымалі масу выдатных уражанняў, найпрыгажэйшыя месцы, вельмі добрыя, спагадлівыя і вясёлыя людзі, якія сапраўды рады гасцям. Вельмі спадабалася, з якім патрыятызмам, з якім пачуццём людзі падыходзяць да святкавання Дня Незалежнасці, і, што больш прыемна, на свяце было вельмі шмат дзяцей. Адчуваецца, што памяць аб Вялікай Айчыннай вайне перадаецца ў вас з пакалення ў пакаленне, і дзеткі ведаюць пра подзвіг сваіх продкаў. Ад усёй душы віншуем беларусаў з Днём Незалежнасці, вельмі ўдзячныя вам за гасціннасць і запрашаем усіх да сябе ў госці.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара і Яраславы МАНКЕВІЧ