Рейд по водоемам Кореличского района показал, что дети по-прежнему на воде без присмотра взрослых

Анамальная спякота літаральна гоніць людзей да вадаёмаў. Прыемна пасля душнага працоўнага дня асвяжыцца ў прахалоднай вадзе, змыць з сябе ўсе дзённыя клопаты. Пры гэтым важна выконваць пільнасць, бо недарэмна кажуць: «Вада — радасць і бяда».

Сумныя навіны адлюстраваны ў загалоўках СМІ: “Дзве дзяўчынкі патанулі, плаваючы на надзіманым матрацы”, “9-гадовая дзяўчынка патанула ў рацэ Лабажанка”, “У Магілёве ў заліве Дняпра патануў мужчына”. У сувязі з гэтым Карэліцкі АСВОД нагадвае, што ў раёне дазволена купацца толькі на возеры Юбілейнае, у астатніх месцах купанне забаронена і небяспечна! Таксама варта памятаць, што нельга купацца ў нецвярозым выглядзе. Бацькам неабходна ведаць, дзе знаходзяцца іх дзеці і сачыць за імі. Бяспечная адлегласць — гэта адлегласць выцягнутай рукі. І гэта не пустыя словы, бо часам лік ідзе на секунды. Не варта парушаць правілы асабістай бяспекі, заплываць за буйкі. Таксама не трэба ўваходзіць у ваду пасля працяглага знаходжання на сонцы: можна страціць прытомнасць.
Каб прадухіліць няшчасце, Карэліцкі АСВОД праводзіць рэйды па месцах, забароненых для купання. У чарговы рэйд, які праводзіцца сумесна з РАНС і РК ГА «БРСМ», паехаў і карэспандэнт «Полымя».
Адправіліся ў аграгарадок Краснае, на арандаванае возера. Сустрэліся з вартаўніком, які тут дзяжурыць. Мужчына кажа, што імкнецца забяспечыць для рыбакоў і адпачываючых камфортныя ўмовы, сочыць, каб ніхто не купаўся ў гэтым возеры. Для гэтага па перыметры вадаёма ўсталяваны забараняльныя шыльды.


На рацэ Сэрвач купалася група дзяцей, аднак, заўважыўшы машыну, юныя парушальнікі ўцяклі. Старшыня Карэліцкага АСВОД Аляксандр Кандрусік вельмі часта бывае на стыхійных купальнях, таму яго аўто пазнаюць здалёк. Калі знаходзяцца тыя, хто застаецца купацца, з імі праводзяць прафілактычныя гутаркі, а таксама паведамляюць бацькам пра тое, дзе знаходзяцца іх дзеці. Яшчэ адзін абуральны факт: забараняльныя таблічкі ў месцах, дзе звычайна купаюцца, адсутнічаюць. Па словах Аляксандра Кандрусіка, яшчэ ўчора яны былі на месцы. Мабыць, камусьці часаліся рукі… Падчас рэйду былі таксама наведаны рэкі Нёман і Уша, аднак там нікога, акрамя рыбакоў, не было.

 

 

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара