Заведующий Полужским детским садом Татьяна Грибок: «Воспитатель — это профессия для душевных людей»

Ціхімі крокамі прыйшла прыгажуня восень, а разам з ёй – прафесійнае свята педагогаў. Сёння пазнаёмімся з Таццянай Грыбок, якая амаль сорак гадоў  свайго жыцця прысвяціла дзецям. Зараз жанчына – загадчык  Палужскага дзіцячага сада.

Пачатак працоўнай дзейнасці Таццяны Грыбок

– Для ўсіх выхавальнік – прафесія,  а для нас,  дашкольных работнікаў, прызванне. Усе нашы намаганні накіраваны на тое, каб у дзіцячым садзе былі створаны ўсе ўмовы для радаснага і цікавага жыцця, а кожны дзень даваў  нашым выхаванцам  нешта новае, – гаворыць Таццяна Іванаўна.

З юнацтва яна  марыла  працаваць з маленькімі дзецьмі. А вызначыцца з выбарам прафесіі ёй дапамагла стрыечная сястра, якая ўжо працавала ў дзіцячым садзе. Калі моцна пра нешта марыш, то ўсё абавязкова спраўджваецца. Так  атрымалася і ў Таццяны Іванаўны.

– Пасля школы без ваганняў падала дакументы ў Гродзенскае педагагічнае вучылішча, – успамінае суразмоўца. –  Сама я родам з Мастоўскага раёна,  з в. М. Азёркі. Па размеркаванні прыехала ў г.п. Карэлічы ў 1984 годзе –  і засталася на ўсё жыццё. Ужо працуючы, завочна атрымала  вышэйшую адукацыю.   Дзейнасць пачынала выхавальнікам  дзіцячага сада №1 райцэнтра. Некаторы час давялося быць метадыстам аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама,  але такая праца не для мяне. Таму, калі з’явілася магчымасць, вярнулася да дзетак.  Працавала ў  дзіцячым садзе № 2 г.п. Карэлічы  спачатку старшым выхавальнікам, потым стала намеснікам загадчыка ўстановы.   У 2014 годзе ўзначаліла  Палужскі дзіцячы сад. Хачу выказаць словы ўдзячнасці Людміле Пятроўне Гоўша і Марыне Пятроўне Вярбіцкай. Яны   заўсёды  аказвалі дамамогу,  падтрымлівалі  і давалі слушныя парады.

Зараз для Таццяны Іванаўны  гэта   не проста пасада – гэта лад жыцця. Быць кіраўніком няпроста:  быць патрабавальнай, перш за ўсё да сябе,  адказнай і сумленнай.  Яна  можа і паўшчуваць, але заўсёды тонка прыкмячае ўсе вартасці сваіх работнікаў.  Для кіраўніка дзіцячага сада  ўсебаковая адукацыя дашкольнікаў –  сродак выхавання асобы, які  ўплывае на характар, здольнасці і  ўсё наступнае жыццё дзяцей.  Яна лічыць, што  той, хто працуе з маленькімі дзецьмі,  павін быць у безупынным творчым пошуку,  і ўвесь час развіваць прафесійныя веды з улікам сучасных тэндэнцый і патрабаванняў.

Спакойная і ў меру строгая, свой працоўны дзень яна заўсёды пачынае з ранішняга. Па дзіцячым садзе ідзе гаспадыня, яна бачыць усё: ці наведзены парадак, як гатовы да прыёму дзяцей  выхавальнік,  што ў яго падрыхтавана для малых, чым занятыя самі дзеці. Ад яе погляду  нішто  не схаваецца. Няма грозных вокрыкаў, натацый, але ўсе ведаюць, што любы беспарадак не застанецца незаўважаным. Здавалася б, такая руцінная праца павінна стаць звыклай, але толькі не для кіраўніка з гарачым,  неабыякавым сэрцам. Яно адкрыта ўсім, каму патрэбна дапамога. Дзверы  кабінета заўсёды  адчынены, кожны, хто  зазірне  – убачыць усмешку і пачуе ласкавае слова.

Сустракаючыся з такімі цудоўнымі людзьмі,  міжвольна на думку прыходзяць словы  вялікага пісьменніка Л. М. Талстога: “Не той выхавальнік, хто вывучыўся на яго, а той, у каго ёсць унутраная ўпэўненасць у тым, што ён ёсць, павінен быць і не можа быць іншым. Гэтая ўпэўненасць сустракаецца рэдка і можа быць даказаная толькі ахвярамі, якія чалавек прыносіць свайму пакліканню”.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара