ПУНКТ ПОГЛЯДУ ЖУРНАЛІСТА: СЛУЖЭННЕ СПРАВЕ І ДАБРЫНЯ СЭРЦА

У пісьме ў рэдакцыю раённай газеты «Полымя» жыхарка райцэнтра Алена Сцяпанаўна Яўсейчык адрасоўвала словы ўдзячнасці вадзіцелю новай службы таксі. Аўтарцы давялося карыстацца яе паслугамі, і яна засталася задаволена.

Што патрэбна чалавеку ў жыцці? Увага і падтрымка тых, хто побач. У першую чаргу, сям’і, родных, блізкіх. А яшчэ добрыя адносіны тых выканаўцаў, чыімі паслугамі мы карыстаемся. Гэта работнікі магазіна, банка, пошты, аптэкі… У дадзеным выпадку, і вадзіцеля таксі: «Ветліва павітаўся, паставіў рэчы ў багажнік і прапанаваў заходзіць садзіцца. Імгненна набягае думка, што юнак любіць сваю справу. Вочы яго свяціліся радасцю, на твары заўсёды ўсмешка. Здавалася, што ў яго ніколі не бывае злосці. З цеплынёй ён расказваў пра сваю сям’ю. Добры настрой перадаўся і нам…»
Вось так сустрэча можа адгукнуцца ў сэрцы чалавека. Для гэтага трэба няшмат: самааддана служыць сваёй справе і праяўляць чулыя адносіны да людзей. Дабрыня і шчырасць — два кароценькія словы, а які вялікі сэнс у іх закладзены. І калі ў маладосці на многае не звяртаеш асаблівай увагі, то ў сталыя гады гэта вельмі важна. Міжволі ў памяці ўсплылі радкі верша Сяргея Грахоўскага «Чалавеку патрэбна не слава…» Цытую далей: «а людская ўвага і ласка», «сардэчнае шчырае слова», «усмешка незнаёмых вачэй і знаёмых»…
Мы жывём у супярэчлівы і імклівы час, і добрыя адносіны тых, хто сустракаецца на нашым жыццёвым шляху, маюць немалаважнае значэнне. Іншы раз дастаткова толькі слова ці ўсмешкі, каб растаў лёд у нашай душы, і мы па-іншаму паглядзелі на свет. Не трэба баяцца працягнуць руку дапамогі іншым людзям, якія маюць у гэтым патрэбу. А што да выканання службовых абавязкаў, выключэння не можа быць: кіраўнік і члены калектыву павінны праяўляцца добразычлівыя адносіны да сваіх наведвальнікаў. Яны застануцца задаволены, і ім захочацца прыйсці сюды не адзін раз.
А зараз пра нас саміх. Мы любім крытыкаваць тых, хто нам не ўдзяліў належнай увагі альбо пакрыўдзіў несправядліва. А ці задалі сабе пытанне: як бы паступілі самі ў гэтым выпадку? Ці часта дорым радасць іншым? Ці заўсёды працягваем руку дапамогі? Наколькі бескарыслівымі бываюць нашы ўчынкі? Пытанняў шмат. Відавочным застаецца адно: як ты адносішся да людзей, так і людзі да цябе

Галіна СМАЛЯНКА