Выпускніца СШ г.п. Мір Яна Філончык расказвае пра вучобу на журфаку БДУ

Роўна год назад свае апошнія восеньскія канікулы я правяла ў сценах факультэта журналістыкі, там аказалася дзякуючы праекту «Студэнт БДУ на тыдзень».

Я ніколі не верыла ў нешта звышнатуральнае, але так сталася, што паўдзельнічаць у гэтым праекце мне было наканавана лёсам. Да канікул я была ўпэўнена, што буду дакладна паступаць у медыцынскі ўніверсітэт, але ў лістападзе ўсё змянілася. І цяпер я з гонарам магу сказаць, што з’яўляюся студэнткай лепшага ўніверсітэта краіны!

Ужо два месяцы я правучылася на факультэце журналістыкі! Але думаю, што расказаць патрэбна з самага пачатку. У ліпені мае аднакласнікі ўжо напісалі ЦТ і адпачывалі. А вось у абітурыентаў журфака ўся праца толькі пачыналася. Менавіта ў гэты час я адправілася на два тыдні ў Мінск на курсы для паступлення. Там мы пісалі шмат сачыненняў, з групай правяралі іх, разам вучылі білеты і спрабавалі самастойна рэдагаваць разнастайныя тэксты. Курсы мне вельмі дапамаглі, таму ў канцы жніўня я, упэўненая ў сваіх ведах, пайшла здаваць экзамены. Шчыра кажучы, не хвалявалася. Бо, па-першае, у мяне ўжо была вялікая колькасць балаў у запасе дзякуючы ЦЭ і атэстату. Па-другое, я раней удзельнічала ў алімпіядах, дзе пісала сачыненні, а на экзамене патрэбна было толькі зноў сабрацца з думкамі і акунуцца ў былую атмасферу. І, па-трэцяе, курсы, акрамя ведаў, падарылі мне яшчэ і шмат сяброў, якія ўвесь гэты час былі побач і заўсёды падтрымлівалі мяне. За сачыненне я атрымала 9, і гэта была найвышэйшая адзнака. Вусны экзамен здала на 8. Дарэчы, я адна з усіх абітурыентаў пісала сачыненне і адказвала білеты на беларускай мове.

4 жніўня ўсе абітурыенты журфака сустрэліся ў будынку фізфака, там дэкан зачытаў спіс тых, хто быў залічаны на бюджэт. Я была вельмі шчаслівая, бо ў спісе аказалася 4-й з 60 чалавек.

30 жніўня мы засяліліся ў студэнцкую вёску на Пятроўшчыне. Многім студэнтам падабаецца там жыць, асабліва рыхтавацца да заняткаў на 17-18 паверсе, бо менавіта адтуль можна ўбачыць шыкоўны від.

1 верасня ў нас было знаёмства з групай і куратарамі, затым некалькі чалавек з групы адправіліся на лінейку для першакурснікаў БДУ, дзе нас усіх павіншаваў са святам рэктар універсітэта.

Перад паступленнем усе казалі мне, што ў БДУ я не буду ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах, таму што на гэта ў мяне не будзе хапаць часу. Але гэта зусім не так. БДУ — сімбіёз актыўнасцей і ведаў. У нас ужо прайшлі Кубак першакурсніка, Віват, БДУ, Дзень першакурсніка, YFM, у сярэдзіне лістапада я еду на Брыганціну прадстаўляць са сваёй камандай факультэт журналістыкі. Мы можам паказваць сябе на мерапрыемствах ад БРСМ і прафкама. Яшчэ на журфаку самая лепшая футбольная каманда! Мы можам прачнуцца рана ў суботу дзеля таго, каб пайсці падтрымліваць сваіх на працягу ўсяго матча! Звычайна раніцай на стадыёне вельмі холадна, але падтрымка і любоў саграваюць усіх студэнтаў.

Дзень першакурсніка — адна з самых яскравых старонак майго студэнцкага жыцця на гэтым курсе. Мы рыхтаваліся да гэтага мерапрыемства 2 месяцы. Пісалі сцэнарый, шукалі лакацыі для відэа, рабілі шмат фатаграфій, часам сварыліся, але ўсё гэта рабілі, жадаючы перамагчы. Мая першая група «Сириус» перамагла ў намінацыі «Фотография» і «Закулисье». У той вечар мы выйшлі з журфака вельмі позна, але гэта не перашкодзіла нам быць самымі шчаслівымі!

Да яскравых старонак студэнцкага жыцця я б аднесла яшчэ і Школу маладога журналіста — штомесячнае мерапрыемства для абітурыентаў, дзе я цяпер выконваю ролю куратара, дапамагаючы школьнікам.

Але паступіла ў БДУ я у першую чаргу для таго, каб атрымаць дастойныя веды. У мяне неверагодныя настаўнікі, якія даюць добрую прафесійную базу. Канешне, не ўсе прадметы спатрэбяцца мне для маёй будучай сферы дзейнасці. Але вучыць гісторыю і філасофію для мяне значна цікавей, чым матэматыку, інфарматыку і фізіку. Я шчасліва, што зноў працягваю вучыць беларускую і рускую мовы, якія мне вельмі цікавы, таму што па гэтых прадметах у мяне ўжо была добрая база дзякуючы цудоўным настаўніцам Смольскай Алене Аліеўне і Хваль Алене Сяргееўне.

Добрае валоданне беларускай мовай, высокія адзнакі і творчасць у БДУ дапамаглі мне адчыніць дзверы і аказацца на радыё «Культура». Пакуль што там мне падабаецца, спадзяюся, што і далей усё будзе працягвацца так добра.

Хутка ўсіх студэнтаў чакае сесія. Першакурснікі чамусьці чакаюць гэты самы цяжкі час, а старшакурснікі з нас смяюцца. Усім нам цікава, што ж такога незвычайнага і нялёгкага ў гэтай сесіі. Магчыма, менавіта пасля яе мае погляды на вучобу зменяцца.

Але пакуль што я шчаслівая, што ў маім жыцці з’явіўся менавіта гэты ўніверсітэт. «Журфак — гэта людзі!».  Так гучыць наш знакаміты дэвіз, але журфак, як па мне, не проста людзі, а вялікая творчая сям’я. А БДУ, адназначна, магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял. За гэтыя два месяцы я ўпэўнілася ў тым, што за такую магчымасць трэба хапацца ўсімі сіламі, а вялікая сям’я журфака будзе заўсёды побач, як бы цяжка табе не было.

 

 

 

 

 

 

3