С верой в добро: в Кореличах состоялась районная благотворительная елка

 

У актавай зале дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» праведзена дабрачынная ёлка для дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў, якія выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях, і выхаванцаў Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Карэліцкага раёна. Арганізатар — ДУДА «Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі».

Спонсарамі выступілі раённае аддзяленне РГА «Беларускі дзіцячы фонд», якое выдаткавала грашовыя сродкі для арганізацыі салодкага стала дзецям, а на падарункі — Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт. На свята завітала шмат ганаровых гасцей, кожны з іх выказаў свае пажаданні.

Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў адзначыў, што ў нашай краіне гэтай катэгорыі дзяцей удзяляецца вялікая ўвага. А, увогуле, для дзяўчынак і хлопчыкаў існуюць два святы: 1 Верасня і Новы год. Пажадаў ім усіх зямных даброт, моцнага здароўя, добрага настрою, выдатна адзначыць навагоднія святы.

«Усе з нецярплівасцю чакаюць Новага года. Сустракаемся, каб падзяліць свята цуда і чараўніцтва. Вы жывяце ў мірны і шчаслівы час. Заставайцеся здаровымі, паспяховымі, удачлівымі, і каб усе вашы жаданні збыліся» , — сказаў старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў.

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока адзначыла, што ўжо чацвёрты год сустракаецца з дзецьмі ў гэтай утульнай зале і заўважыла, што некаторыя з іх падраслі. Нагадала, што таксама калісьці былі малымі і верылі ў цуды. Пажадала дзецям здароўя, шчасця, міру, а дарослым — каб іх праекты збыліся.

«Вы — самае дарагое, што ў нас ёсць», — сказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін і пажадаў дзецям добрага настрою і шмат радасці ў навагоднія дні, а дарослым — здароўя, дабрабыту і цярпення.

Намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан, выказаўшы меркаванне, што дзеці ўжо загадалі жаданні і адправілі пісьмы Дзеду Марозу, і іх мары павінны спраўдзіцца, галоўнае — у гэта трэба верыць. Пажадаў усім удачы, здароўя і добрых навагодніх свят.

«Верце ў мару — і яна абавязкова збудзецца» — такое меркаванне-пажаданне выказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ірына Асташэвіч. Як старшыня раённага аддзялення РГА «Фонд міру», яна ўручыла сертыфікат на суму 250 рублёў Сацыяльна-педагагічнаму цэнтру, а ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай» і ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» — камп’ютары.

Галоўны рэдактар раённай газеты «Полымя», старшыня Карэліцкай РА РГА «Белая Русь» Іна Лейка адзначыла, што ў нашым раёне дзейнічае 38 пярвічных арганізацый, якія аб’ядноўваюць 486 чалавек. Усе яны гатовыя падарыць маладому пакаленню часцінку навагодняга настрою і шмат цудаў. Сёлета прывезлі падарункі дзецям СПЦ Карэліцкага раёна і правялі майстар-клас. На свяце ўручыла Лукскаму дзіцячаму саду падарачны сертыфікат на набыццё развіваючых гульняў.

Падчас правядзення дабрачыннай ёлкі раёна для дзяцей было арганізавана навагодняе прадстаўленне «Хачу быць Дзедам Марозам».

Дзеючыя асобы — хлопчык Міша, Маша, Царэўна Несмяяна, Баба Яга і галоўны чараўнік — Дзед Мароз. Дзякуючы яго чароўным словам, агеньчыкі на ёлцы былі запалены. Да навагодніх свят уручаў дзяўчынкам і хлопчыкам падарункі.
Ёлка-прыгажуня ў святочнай зале вабіла да сябе — дзеці весяліліся як маглі. Яны вадзілі карагоды з ганаровымі гасцямі і казачнымі героямі. Чыталі вершы і адгадвалі загадкі. На святочных сталах для іх былі выстаўлены салодкія пачастункі.
Свята атрымалася добрым і запамінальным.

Таццяна ЛАМАН, мама 11-гадовай Нікі, жыхарка г.п. Карэлічы:
— Свята спадабалася. Атрымалі шмат пазітыўных эмоцый. Спадабалася і прадстаўленне казачных герояў. Кранулі выступленні ганаровых гасцей. Сапраўды, да навагодніх свят у дзяцей павінна быць казка і вера ў цуды, і мы на дабрачыннай ёлцы гэта атрымалі. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці арганізатарам і ўдзельнікам свята.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ