Служим с честью! или Один день из жизни кореличского новобранца-пограничника

Восеньская прызыўная кампанія завяршылася. Рады Смаргонскай пагранічнай групы папоўнілі больш за 200 ваеннаслужачых з Мінскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцей. Сярод іх і ўраджэнец Карэліцкага раёна Максім Грыва.

Пераступіўшы парог кантрольна-прапускнога пункта, юнакі пераступілі парог у новае для іх жыццё. І гэтыя лістападаўскія дні былі насычаны масай новых уражанняў і ведаў для нядаўніх прызыўнікоў, а цяпер навабранцаў.

Асновы пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, узаемадзеяння ў згуртаваным калектыве — тое, што спасцігаецца ў перыяд, які па традыцыі прынята называць «курсам маладога байца».

Уражанні ва ўсіх юнакоў праз месяц армейскага жыцця розныя. Пра тое, як прайшоў гэты месяц у яго, расказаў радавы-навабранец Максім Грыва.

Максім родам з гарадскога пасёлка Мір Карэліцкага раёна, які вядомы сваімі гістарычнымі славутасцямі.

Скончыў юнак Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй па спецыяльнасці аўтаслесар.

— У першы дзень, калі прыехаў, адчуў змешаныя пачуцці. Гэта і хваляванне, і цікавасць. Паўтара года амаль не буду бачыць родных і блізкіх. Ды яшчэ стомленасць з дарогі сказвалася. Потым прывыкаў да новага распарадку дня. Асабліва цяжка было падымацца ў 6 раніцы. Ранішняя зарадка для мяне была не ў цяжар, бо займаўся спортам. Потым, калі пазнаёміўся з рабятамі і пачаліся заняткі, дні сталі пралятаць незаўважна, — кажа Максім.

Больш за ўсё навабранцу падабаюцца заняткі па фізічнай і агнявой падрыхтоўцы. Юнак вельмі добра памятае дзень, калі ўручылі зброю і тое пачуццё гонару і адказнасці, якое ён пры гэтым адчуў. А першыя стрэльбы з ужо «свайго» аўтамата выклікалі проста буру эмоцый:

— Мне вельмі спадабалася! А яшчэ уражанняў дадало тое, што мішэні паразіў амаль на выдатна!

Калі выдаецца хвілінка, як і большасць салдат, наш герой тэлефануе сваім родным. Дома за яго хвалюецца мама Вольга Анатольеўна. Сумуе па ім і малодшы брат Яраслаў, які, гледзячы на Максіма, сказаў, што таксама абавязкова пойдзе ў армію. Без свайго гаспадара сумуе і чацвераногая любіміца Мерсі.

Максім, як і большасць рабят, любіць смачна паесці.

— Я думаў, што кормяць у арміі дрэнна. Але ўжо пасля першага паходу ў сталовую зразумеў, што гэта не так. Тым, хто любіць смачна і разнастайна паесці, скардзіцца не прыходзіцца. Прыгатавана вельмі смачна, як дома. Порцыі такія, што не ў сілах усё з’есці нават такі моцны хлопец як я, — смяецца малады чалавек. — Асабліва люблю грэчку з тушонкай.

Час для новаспечаных абаронцаў тут пралятае незаўважна. Пад’ём, зарадка, заняткі…

— Кожны раз нешта новае даведваешся. Афіцэры і рабяты папярэдняга прызыву справядлівыя, заўсёды дапамагаюць і ставяцца добра.

25 лістапада ў радавога-навабранца Максіма Грыва адбылася самая знакавая падзея ў жыцці ўсіх салдат — ён прыняў прысягу на вернасць Радзіме і свайму народу.

— Служыць у арміі павінен кожны сапраўдны мужчына. Цяпер я сапраўдны абаронца сваёй краіны.

Урачысты момант з маладым салдатам падзялілі яго мама Вольга і брат Яраслаў.

— За гэты месяц, што сын правёў у арміі, ён ужо паспеў змяніцца да лепшага. Пасталеў, узмужнеў, будуе сур’ёзныя планы на далейшае жыццё. Мне як маме прыемна на гэта глядзець.

У канцы снежня навабранцаў вучэбнага пункта чакаюць экзамены, пасля якіх іх размяркуюць у падраздзяленні граніцы Смаргонскай пагранічнай групы. Частка рабят працягне навучанне па вузкіх спецыяльнасцях: кінолаг, кіроўца катэгорыі С і D, повар.

— Я хачу хутчэй паехаць служыць у падраздзяленне граніцы, каб ужо па-сапраўднаму ахоўваць межы сваёй Радзімы і спакой сваіх родных і блізкіх. Я ніколькі не шкадую, што трапіў служыць менавіта сюды. Тут ты разумееш, што за табой — цэлая краіна!

Ілона ЗУБКОВА, афіцыйны прадстаўнік Смаргонскай пагранічнай групы
Фота аўтара