Рождественское поздравление священников Кореличского района

«… для Бога няма нічога немагчымага» — Лк 1,37.

Гэтымі словамі Анёл Габрыэль рассейвае Ўсе сумненні Дзевы Марыі і дае вытлумачэнне на яе запытанне: «Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?». Словы Анёла суцяшаюць Марыю і даюць Ёй упэўненасць у тое, што Бог усё ўладкуе. На прапанову Бога, каб стаць Маткай Сына Божага, Марыя, адказвае словамі: “Вось я слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” — ЛК 1,38. Яна ўжо не баіцца, бо з ёй ёсць сам Бог: “Калі Бог за нас, то хто супраць нас?“ — Рым. 8,31. Марыя,  згаджаючыся на волю Бога, згаджаецца на збаўчы план чалавецтва, які Бог здзяйсняе праз свайго Адзінароднага Сына — Езуса Хрыста. Праз грэх на свет прыйшла смерць, а праз нараджэнне Езуса Хрыста прыйшло жыццё. Езус не нараджаецца толькі для Марыі і Юзафа, але для кожнага з нас, дзеля нашага збаўлення, бо “Езус прыйшоў, каб мы мелі жыццё і мелі яго ў дастатку” — Ян 10,10. Праз прыняцце людзкага цела, Бог аб’яўляе нам праўду, што Бог любіць кожнага чалавека, бо захацеў стаць падобным да чалавека ва ўсім, апрача граху, гэта значыць, што Бог прыйшоў да нас з добрымі намерамі, галоўнае, каб чалавек толькі не баяўся прыняць Яго ў сваё жыццё. Другая праўда, што Бог ёсць сярод нас, бо Слова сталася целам і пасялілася між намі, гэта значыць, што ў кожнай хвіліне нашага жыцця можа прыйсці нам на паратунак, бо ёсць блізка нас. Не пакінуў нас на самаўпраўнасць лёсу, але ўваходзіць у нашае жыццё, каб яго перамяніць, каб зрабіць яго лепшым. “Для Бога няма нічога немагчымага” — гэтая праўда павінна спадарожнічаць нам па жыцці, бо яна паказвае, што Бог вышэй за нашыя цяжкасці і цярпенні. Але Бог не зможа ўвайсці ў нашае жыццё і здзейсніць цуды, калі мы Яго не запросім, а для гэтага патрэбна нам вера і давер да Бога.

Узлюбленыя ў Хрысце Пану браты і сёстры, паважаныя вернікі і людзі добрай волі! Хрыстус нарадзіўся дзеля нас і нашага збаўлення. Жадаем вам, каб Бог памножыў вашу веру, бо без веры Хрыстус не знойдзе сабе мейсца ў вашым жыцці, а таксама ў жыцці вашых родных і блізкіх, бо дзе ёсць Бог, там і шчасце. Няхай на нова загарыцца ў вашым жыцці надзея, што заўтра будзе лепш, чым сёння. Жадаем вам, каб любоў знайшла вас, толькі тая сапраўдная любоў: якая доўгацярплівая, ласкавая, не зайздросціць, не пыхлівая, не ганарыцца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай, усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць. А Панна Марыя, Маці Божая, няхай атуліць вас сваім плашчом апекі, каб ніякое зло не змагло прычыніць вам крыўды. Няхай благаславіць вас Бог Усемагутны: Айцец, Сын і Дух Святы. Амэн.

А. Сяргей, А. Ануфрый, А. Ежы, пробашч Карэліч і Варончы