Ученица СШ г.п. Мир имени А.И. Сташевской Виолетта Стельмах прошла обучение в Национальном детском технопарке
У студзені бягучага года найбольш адораныя навучэнцы школ рэспублікі змаглі прайсці навучанне ва УА «Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк». Удзел у праекце прыняла вучаніца СШ г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай Віялета Стэльмах. Дзяўчынка праходзіла навучанне па кірунку “Зялёная хімія”. Дарэчы, гэта ўжо не першы раз, калі Віялета наведвала дзіцячы тэхнапарк. Першы раз яна пабывала там у кастрычніку 2022 года.
— У перыяд навучання я працавала над праектам “Атрыманне водатрывалай біяраскладальнай плёнкі на аснове полівінілавага спірту”, — расказала Віялета. — Над практычнай часткай я працавала ў лабараторыі хімічнага факультэта БДУ пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі ўніверсітэта Уладзіслава Аляксандравіча Будзевіча. У выніку была дасягнута мэта распрацоўкі — біяраскладальныя водатрывалыя плёнкі на аснове ПВС, якія хутка раскладаюцца ў прыродзе, не наносяць шкоды навакольнаму асяроддзю і могуць быць выкарыстаны для прамысловых або камерцыйных мэтаў, дзе патрабуецца прадухіленне пранікнення вільгаці.
У перадапошні дзень змены Віялета публічна абараніла свой даследчы праект, які прадставіла спецыялістам канцэрна «Белдзяржхарчпрам» і ААТ «Бабруйскаграмаш». Па выніках навучання дзяўчына атрымала сертыфікат.
Акрамя навуковай дзейнасці, у тэхнапарку праводзіліся спартыўныя, культурныя, творчыя мерапрыемствы, конкурсы, віктарыны, гульні. Навучэнцы пазнаёміліся са славутасцямі Мінска, пабывалі на выставах, паўдзельнічалі ў навуковых лекторыях. Наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, музей “Лошыцкая сядзіба”, Нацыянальную антыдопінгавую лабараторыю. Перад рабятамі выступаў Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі ансамбль танца “Крыжачок” БДУ і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Акрамя таго, кожную суботу праводзіліся заняткі ў басейне.
— Хочацца адзначыць, што для мяне вельмі цікавая даследчая і эксперыментальная дзейнасць. Асабліва, калі гэтым займаешся не ў хатніх умовах, а ў абсталяваных лабараторыях, — дзеліцца Віялета. — Мне вельмі спадабалася ў тэхнапарку: заняткі ў БДУ у лабараторыях, эксперыменты, досведы. Акрамя гэтага, я даведалася шмат новага пра горад Мінск, пазнаёмілася і пасябравала з навучэнцамі з розных куткоў нашай краіны. Мне б хацелася пабываць там яшчэ не адзін раз.
Сяргей СТОЛЯР
Фота з архіва В. Стэльмах