Выхаванцы ДУА «ЦКРНіР Карэліцкага раёна» адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы
Вось ужо больш за 20 гадоў ва ўсім свеце 21 лютага адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы, бо даўно вядома, што любоў да сваёй вялікай і малой Радзімы пачынаецца з павагі да аднаго з галоўных багаццяў — да сваёй роднай мовы.
Менавіта гэтаму святу прысвечаны тыдзень роднай мовы «Гучы, родная мова», які праходзіць з 19 па 23 лютага ў ДУА «ЦКРНіР Карэліцкага раёна».
Падчас правядзення тэматычнага тыдня была арганізавана выстава кніг беларускіх пісьменнікаў для дзяцей у кніжным кутку кожнага класа. Супрацоўнікі і навучэнцы цэнтра прымалі ўдзел ў акцыі «Размаўляй са мной па-беларуску». Педагагічныя работнікі мелі шанс спаборнічаць у конкурсе вершаў «Мова краіны маёй» і чэленджы «Аб родным краі роднай мовай».
Цэлы тыдзень настаўнікамі і выхавальнікамі праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы. Дзень беларускіх народных гульняў, дзень падарожжа па беларускіх народных казках, калектыўна-творчая справа «Беларускі арнамент». А ў святочны дзень, 21 лютага, прайшлі тэматычныя заняткі.
Для самых маленькіх наведвальнікаў цэнтра быў падрыхтаваны ўрок-гульня «Мова — наша ўсё», на якім яны вадзілі карагод, слухалі беларускія песні, вершы, казкі, гулялі ў народныя гульні, знаёміліся з ветлівымі словамі на беларускай мове.
3 мэтай далучэння навучэнцаў да багацця беларускай мовы, пашырэння слоўнікавага запасу, фарміравання каштоўных адносін да яе ў 6 класе прайшоў урок-гульня «Разумеем беларускія словы».
Навучэнцам 9 класа быў прапанаваны ўрок «Літары ад А да Я», на якім яны мелі магчымасць пашырыць уяўленне пра адметнасць беларускага алфавіта, выкладаць словы ў алфавітным парадку, пазнаёміцца з сімваламі Беларусі праз разгадванне крыжаванак і загадак.
Экскурсія ў ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» пад назвай «Адчуванне роднай мовы» пакінула пазітыўныя ўражанні.
Такім чынам, беларуская мова гучала ў цэнтры на працягу ўсяго тыдня, які прайшоў цікава і захапляльна, а таксама нагадаў пра тое, што мы — беларусы, і нашай роднай мовай з’яўляецца беларуская. Гэта тое невычэрпнае багацце, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне і суправаджае нас усё жыццё.
Таццяна МАКЛЮК, выхавальнік ДУА «ЦКРНіР Карэліцкага раёна»