Настаўнік пачатковых класаў СШ №1 г.п. Карэлічы Іна Суднік: «Пазнаваць новае і вучыцца самому, каб вучыць іншых»
Прафесія настаўніка — адна з самых паважаных у грамадстве. Большасць педагогаў — прадстаўнікі прыгожай паловы чалавецтва, разумныя і працавітыя, якія накіроўваюць свае веды і прафесіяналізм на выхаванне падрастаючага пакалення.
З нагоды веснавога свята — Дня жанчын — аб таямніцах сваёй прафесіі расказвае настаўнік пачатковых класаў дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Іна Мікалаеўна СУДНІК.
— Іна Мікалаеўна, давайце пачнём з галоўнага пытання: чаму Вы абралі прафесію педагога?
— Можна лічыць, што чалавек нараджаецца ў другі раз, калі выбірае сваю прафесію, якая вызначае наш жыццёвы шлях. Я з дзяцінства хацела стаць настаўнікам. З задавальненнем гуляла ў школу — заўсёды ў ролі настаўніка. Складала заданні, запісвала адзнакі ў сваім журнале. Яшчэ ў гэтым вялікую ролю адыгралі мае першая настаўніца Ніна Сямёнаўна Лейка і класны кіраўнік Надзея Паўлаўна Шарыкала і іншыя.
— За гады працы Вы, напэўна, дакладна зразумелі, у чым галоўная задача педагога? Якімі рысамі характару ён павінен валодаць?
— Галоўнай задачай настаўніка, на мой погляд, з’яўляецца здольнасць любіць дзяцей, кожнага вучня — моцнага і слабога, увішнага і спакойнага, кемлівага і не вельмі. Менавіта праз любоў можна шмат што перамяніць. Але я хачу сказаць словамі мысліцеля: «Толькі той стане сапраўдным настаўнікам, хто ніколі не забывае, што ён сам быў дзіцем». Важна быць прыкладам для сваіх вучняў. Дзеці тонка заўважаюць фальш у паводзінах дарослых.
— Іна Мікалаеўна, раскажыце, калі ласка, аб сваёй педагагічнай дзейнасці. Як даўно Вы выкладаеце?
— У 1990 годзе я прыйшла працаваць у гэтую школу настаўнікам пачатковых класаў пасля заканчэння Лідскага педагагічнага вучылішча. У той час яе ўзначальваў Вячаслаў Іванавіч Апалонік. У маёй працоўнай кніжцы так і застаўся адзін запіс «настаўнік пачатковых класаў». Працоўны стаж — трыццаць тры з паловай гады. Мне пашанцавала, што працую ў адным з лепшых педкалектываў раёна. На працягу ўсёй сваёй працоўнай дзейнасці вучылася і вучуся ў сваіх калег педагагічнаму майстэрству. Хочацца выказаць словы падзякі адміністрацыі школы за разуменне і падтрымку, а таксама настаўнікам пачатковай школы — камандзе аднадумцаў і сябрам, з якімі можна падзяліць радасць і гора.
— Якімі якасцямі павінен валодаць настаўнік?
— Сістэмнасць і акуратнасць паставіла б на першае месца: гэта аснова прафесіі настаўніка пачатковых класаў. Першакласнікам патрэбны настаўнік з цвёрдымі прынцыпамі і сфарміраваным характарам. Побач з такім чалавекам яны будуць адчуваць сябе абароненымі і змогуць сканцэнтравацца на вучобе.
На другім — прафесіяналізм і самаўдасканаленне. Калі свет рухаецца наперад, нельга стаяць і таптацца на адным месцы. Змяняюцца традыцыі, стылі, характары. Трэба ісці ў нагу з часам, пазнаваць новае, вучыцца самому, каб вучыць іншых. І на трэцім — любоў да прафесіі, якая дапамагае тварыць сапраўдныя цуды і дабівацца добрых вынікаў.
— Іна Мікалаеўна, ці быў у Вашым жыцці чалавек, якога Вы лічыце сваім галоўным настаўнікам?
— Сваім галоўным настаўнікам я лічу маму Алену Мікалаеўну Толмач, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла таксама працы з дзецьмі — працавала адказным сакратаром камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага райвыканкама.
— Якая ў Вас як настаўніка любімая фраза?
— Кожныя чатыры гады на першым бацькоўскім сходзе, калі я знаёмлюся з бацькамі сваіх першакласнікаў, пачынаю з такіх слоў: «Нельга выхаваць дзяцей малодшага школьнага ўзросту без дапамогі і падтрымкі сям’і, гэта падобна збору лісця граблямі ў моцны вецер.» І на працягу ўсіх чатырох гадоў мы з бацькамі і вучнямі стараемся ладзіць.
— Якую параду далі б маладому настаўніку?
— Любіць усёй душой сваю прафесію. Памятаць аб тым, што не толькі выхоўваем і вучым дзяцей, але і самі вучымся ў іх дапытлівасці, жыццярадаснасці, дзіцячай непасрэднасці. Не баяцца складанасцей, бо менавіта дзякуючы ім развіваемся і дабіваемся поспеху.
— Калі б Вам давялося нанова выбіраць прафесію, ці змянілі б Вы сваё рашэнне ці зноў выбралі б прафесію настаўніка?
— Я не змяніла б абранай прафесіі педагога. Я вучу дзяцей не толькі чытаць, пісаць, лічыць, думаць, але выхоўваю ў іх пачуццё чалавечнасці, патрыятызму, калектывізму, дабрыні, спагадлівасці. Спадзяюся, што яны вырастуць сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны.
— Ці ёсць у Вашай сям’і і на працы традыцыі святкавання 8 Сакавіка — Дня жанчын? Як Вы звычайна праводзіце свята?
— 8 Сакавіка заўсёды пачынаецца з віншаванняў маіх любімых мужчын — мужа Сяргея і сына Аляксандра. Шмат іх атрымліваю ад вучняў і іх бацькоў, сяброў і знаёмых. Працягам свята з’яўляецца сямейны абед у маіх бацькоў. Вельмі балюча, што паўгода таму пайшоў з жыцця мой тата Мікалай Мікалаевіч, але яго шчырыя словы назаўсёды застануцца ў маёй памяці.
Напярэдадні свята ў нашай школе праходзіць Дзень самакіравання. Вучні старэйшых класаў спрабуюць сябе ў ролі настаўніка, а напрыканцы дня дзеці гавораць жанчынам нашага калектыву словы прызнання і дораць музычныя падарункі.
З нагоды 8 Сакавіка шчыра віншую ўсіх жанчын раёна са святам. Жадаю, каб вясна прынесла ў іх дамы добрыя навіны, а іх мары збыліся. Моцнага здароўя, мірнага неба, вялікага шчасця!
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ