На Кореличчине дан старт Неделе детской и юношеской книги

У актавай зале Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў адбылося адкрыццё Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі. Яе ўдзельнікамі сталі вучні малодшых класаў райцэнтра і актыўныя чытачы бібліятэкі.

З гэтай нагоды для іх была арганізавана забаўляльна-гульнёвая праграма «Адкрываючы кнігу — адкрываеш свет». Да дзяўчынак і хлопчыкаў завіталі казачныя героі: Пішычытай, Воўка-першакласнік, Васіліса, Двое з ларца, Прынцэса, Баба Яга. У рэшце рэшт, напрыканцы падарожжа Воўка-першакласнік вырашае, «што з кніжкамі будзе сябраваць і цікава жыць» і «сакрэт адкрыюць кнігі, і будзе ведаць што, дзе, калі», а ўсёй дзетвары прапануе разам сказаць: «Дзякуй, кніжная краіна!» Дарэчы, дзяўчынкі і хлопчыкі на працягу ўсяго падарожжа ахвотна і добра адказвалі на пытанні гульні і адгадвалі загадкі. Відавочна, што яны любяць і чытаюць кнігі.  

 

Дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх назвала Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі добрай традыцыяй, а кнігу надзейным і верным сябрам. Былі адзначаны актыўныя чытачы бібліятэкі: Серафім Саковіч у намінацыі «Самы маленькі чытач», Багдана Шабан і Васіліна Буй у намінацыі «Сябар кнігі і бібліятэкі».

Граматамі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» ўзнагароджаны намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце Таццяна Кулініч з СШ № 1 і Кацярына Варанко з СШ № 2 райцэнтра за шматгадовае супрацоўніцтва па прасоўванні кнігі і чытання сярод дзяцей, за актыўны ўдзел у правядзенні сумесных мерапрыемстваў.

Сваё выканальніцкае майстэрства прадэманстравалі і вучні Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў: іх нумары мастацкай самадзейнасці прайшлі на «ўра» і ўзнімалі настрой у прысутных.

Маладыя бацькі Аляксандра і Павел Саковіч з Дольнай Руты расказалі:
— Нашаму сыну Серафіму два гады і восем месяцаў. Мы пастаянна ходзім у бібліятэку і бяром кнігі аб прыродзе і жывёлах, міфалогію і класіку, а таксама навучальную літаратуру. Сыну заўсёды чытаем уголас, і ён пакрыху чытае сам. Развучваем з ім розныя сцэнкі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ