Вясновыя надзеі: роздум журналіста «Полымя»
Прыход вясны заўсёды жаданы. Многія мараць прыкласці да зямлі свае рукі ў пажылым узросце. Ад гэтага двайная карысць: свежае паветра і вырашчанае на стале. Чалавек знаходзіцца ў клопатах — і гэта складае сэнс жыцця на пенсіі.
Свой выхад на заслужаны адпачынак я ўспрыняла спакойна. «Як-ніяк гады падышлі», — думалася тады, хаця карцела штосьці зрабіць. Тым больш лёс распарадзіўся па-свойму: за чатыры гады не стала бацькоў і мужа. У той год вырашыла пасадзіць з дзецьмі невялікі сад, дванаццаць маладых яблынь, каля роднай хаты.
Чаму прыняла тады такое рашэнне, не ведаю нават сёння. Больш думалася пра тое, як вясной яны будуць цвісці, а я буду радавацца прыгажосці. Так і адбылося: кожную вясну яны апранаюць убор нявесты і радуюць вочы. Праз некалькі гадоў з’явіліся яблычкі.
Так адбылося маё баявое «хрышчэнне»: паступова звыкалася з думкай, што самая дарослая ў сям’і, і адказнасць за ўсё кладзецца на мае плечы. Адзіноты ніколі не любіла, прызвычаілася быць сярод людзей і клапаціцца пра родных. Паступова з лёсам змірылася, і калі выпала магчымасць, зноў вярнулася на працу, а яблыневы садок застаўся абярэгам у жыцці.
Прайшло амаль дзесяць гадоў. Паступова пачынаю звыкацца са стратай блізкіх людзей. За тое, што ў адзіноце перажыла столькі часу, удзячна роднай зямлі і бацькоўскаму куточку. Успаміны вяртаюць у гады дзяцінства і маладосці, калі з бацькамі працавалі на полі і ў агародзе. Матуля і тата нават на пенсіі ніколі не цураліся працы. Мы, маладыя, тады здзіўляліся іх руплівасці. Яны заўсёды былі пры занятку, садзілі шмат сотак бульбы ў полі, увіхаліся па асабістай гаспадарцы. Гэта зараз разумееш: без працы не абысціся ў жыцці.
Хачу нагадаць яшчэ адзін прыклад руплівых адносін да зямлі. Мая цёця Софія з вёскі Пагарэлка Ярэміцкага сельсавета вельмі любіла зямлю-матухну і на ёй шчыравала да сталых гадоў. Да пасадкі бульбы вясной у яе былі свае адносіны: старалася пасадзіць першай у вёсцы. «Куды спяшаецеся?» — не раз пыталася ў руплівіцы, бо праз некалькі дзён раллю мог пакрыць сняжок. «Вось пасадзіла і будзе пасаджана, — адказвала яна. — Пазней не змагу дапрасіцца каня і сажатых…» У разгар пасадкі бульбы вясковае жыццё набірала размах, праца ў полі і на агародах кіпела, і адзінокаму было няпроста.
Агародчык у яе быў заўсёды дагледжаным: ніводнай зялінкі паміж радамі. Восенню агародніну збірала і рабіла нарыхтоўкі на зіму. «Навошта столькі закатваеце?» — цікавілася ў сваячніцы. «Глядзіш — камусьці спатрэбіцца», — адказвала яна. Аднойчы цёця папрасіла рэцэпт прыгатавання зялёнага гарошку, хаця гэта вельмі клапотная справа. Яна была адзінокай, але не страціла і ў пажылым узросце любові да жыцця, працы, зямлі. Засталася высакародным чалавекам: нікога і ніколі не абгаварыла і не пакрыўдзіла. Старалася дапамагаць людзям, нягледзячы на свой паважаны ўзрост.
У чым сакрэт даўгалецця? Гэтае пытанне часта задаю героям сваіх публікацый. Адказ бывае розным, але многіх аб’ядноўвае любоў да жыцця. Нягледзячы на сталыя гады, яны стараюцца знайсці занятак для душы: вяжуць, вышываюць, пішуць карціны, — гэта ім у радасць.
Вясна заўсёды нясе надзею. З цудоўнай парой мы звязваем свае мары і спадзяванні. І яны абавязкова павінны збыцца, калі ў гэта верыць і ўсё рабіць для таго, каб ажыццявіліся, нягледзячы на паважаны ўзрост і на перашкоды ў жыцці.
Галіна СМАЛЯНКА