Лядки — сестра Хатыни. О трагедии родной деревни вспоминает житель Кореличского района Анатолий Бусько
За гады акупацыі Карэліччыны нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі спалена 12 вёсак, пацярпелі 32 вёскі і хутара, загінула больш 5000 мірных грамадзян, больш 1200 чалавек вывезена ў рабства.
Вайна. Колькі болю і пакут заключана ў гэтых пяці літарах. Нашаму пакаленню пашанцавала — мы не ведаем ваеннага ліхалецця. Але гэта не значыць, што мы павінны забыць пра тых, хто цаной свайго жыцця заваяваў для нас мірнае жыццё. На жаль, удзельнікаў вайны, тых, хто крывёю і потам здабываў Перамогу, можна пералічыць па пальцах. Але жывуць яшчэ сведкі вайны, якія могуць расказаць пра яе.

Малалетнім сведкам трагедыі вёскі Лядкі стаў Анатоль Аляксандравіч Бусько
Шлях ляжыць у Ярэмічы. Тут жыве Анатоль Бусько, які нарадзіўся ў вёсцы Лядкі, спаленай фашыстамі. Хату Анатоля Аляксандравіча пазнаю адразу — яна ўзвышаецца за металічным плотам. Каля брамкі мяне сустракае сын Анатоля Дзмітрый:
— Памяць у таты выдатная, — кажа Дзмітрый. — Таму расказаць можа вельмі шмат. У польскую школу не хадзіў, там вучыліся яго старэйшыя брат і сястра, але польскі вершык памятае дагэтуль.
У пакоі, асветленым вясеннім сонцам, мяне сустракае гаспадар. Падае руку, запрашае за стол. Крыху памаўчаўшы, пачынае аповед:
— Я нарадзіўся ў 1932 годзе. Хата была невялічкая, дзяцей шмат. Добра памятаю, як у 39-ым прыйшлі бальшавікі. Людзі былі вельмі рады. Памятаю, дзяўчаты хадзілі па вёсцы, пабраўшыся за рукі, спявалі песні. Тады ж я і пайшоў у школу. Бальшавікі загадалі, каб кожны атрымаў адукацыю. Але так сталася, што скончыў толькі два класы…
Анатоль Аляксандравіч задумваецца. Пытаюся, ці многа было вучняў у класе.
— На лавах па трое сядзелі, — адказвае мужчына. — Колькі дакладна чалавек было ў класе, не памятаю, але было два рады — у адным шэсць лаў, у другім — восем. Школка была амаль у пачатку Лядак, хтосьці мне казаў, што там калісьці царква была. Добра памятаю першую настаўніцу, Соф’ю Іванаўну.
Вучобу Анатоля і яго аднакласнікаў перарвала вайна. Сёння мужчына ўспамінае, як у вёсцы даведаліся, што на краіну напаў чужынец:
— Глядзім, ляцяць самалёты над Ярэмічамі, мусіць, мост бамбілі. Адкуль дарослыя даведаліся, што вайна пачалася — не ведаю. Але людзі змяніліся, хадзілі панурыя, сумныя.
Пры адступленні Чырвонай Арміі нашы байцы часта бывалі ў хаце Бусько. Анатоль Аляксандравіч успамінае, што ў бацькоў у той час хапала і сала, і хлеба. На стале заўжды стаяў самавар. Яшчэ з сабою давалі скварку і хлеба.
— Калі савецкія салдаты адступалі, у нас адзін паранены застаўся, — расказвае субяседнік. — Памятаю, што яму на спіне рану перавязвалі. А лекі якія тады былі? Чысты кіпень — усе лекі. Ён жыў у нас на гарышчы ў хляве. Добра памятаю яго імя — Пракофій Раманавіч Палянкоў. Яго неяк забралі ў лагер у Турэц. Не ведаю, колькі прайшло, тыдзень ці месяц, мама пайшла даіць карову, а ён ляжыць на хляве, сярод дошак. Адзін ён быў, ці з кім, не ведаю. Але маці прыходзіць і кажа бацьку, што Пракоп у нас. Ён у нас надоўга не застаўся, ужо пачалі фарміравацца партызанскія атрады, туды і адправіўся. Але, я так мяркую, што тата з братам знайшлі для яго зброю. Пасля вайны ён напісаў нам, хацеў прыехаць, але сёстры адказалі, што мы жывём бедна, у нас нічога няма.
Адбіўся ў памяці мужчыны і выпадак, калі сярод ночы ў хату зайшоў паліцай:
— Гэта было ў 1943 годзе. У Лядках расправіліся з партызанскімі сем’ямі, забілі 77 чалавек. Ноччу да нас у хату зайшоў паліцэйскі. Можа, пагрэцца зайшоў. Хадзіў туды-сюды па хаце і ўсё прыгаворваў: “Кончым мабілізацыю. Кончым мабілізацыю”. Словы гэтыя ўрэзаліся ў памяць.
Апавяданне на хвіліну перапыняецца. Мужчына пазірае ў далячынь пражытых гадоў. Хвілінны перапынак — і Анатоль Аляксандравіч успамінае, як карнікі спалілі бацькоўскую хату вясной 1943-га:
— Сам я гэтага не бачыў. Уцёк. Страшна, немцы ж ідуць, разумееце? Маёнтак Кашчыцаў стаяў яшчэ. Там сажалка ёсць, збоку ад яе стаяў будынак, які ўсе называлі броварам. Я потым даведаўся, што там парабкі жылі. Я ў калідорчыку ў куточак прыбіўся і праспаў, седзячы ўсю ноч. Ніхто мяне не шукаў, ды і не да гэтага было. На раніцу прыйшоў, а ўсё спалена. Толькі куры бегаюць. Бацька кажа, што вось там яйка ляжыць. Я ўзяў нейкую бляшаначку з-пад кансерваў і на пажарышчы два яечкі сабе зварыў, падсілкаваўся. Яшчэ бацькі паспелі выратаваць сёе-тое, каб было што паесці. Цяжка было…
Анатоль Аляксандравіч успамінае, што да вайны бацькі трымалі вялікую гаспадарку. Немцы забралі ў сям’і двух коней, трох кароў, цялушку, 12 авечак. Бацька Анатоля быў вельмі адукаваным і працавітым чалавекам.
— Памятаю, як ён снапы вазіў, — расказвае мужчына. — З воза не злазіў. Мама падасць малака, ён пап’е, возьме ў руку каўбасы з хлебам і далей снапы возіць.
Пасля таго, як немцы спалілі хату, сям’я Бусько жыла ў зямлянцы, якую паспеў зрабіць бацька. У 1943 годзе яго і старэйшага брата Анатоля забілі немцы. Жыць стала зусім цяжка.
— Тата вельмі любіў галубоў, яшчэ да вайны разводзіў іх, — успамінае мужчына. — А ў нас немцы стаялі. У нас гумно вялікае было, яшчэ да таго, як яго спалілі, яны там машыны ставілі. Тры машыны ў гумно памяшчалася. А ў суседзяў палаткі стаялі, там немцы жылі. Паміж нашымі дварамі частакол быў, немцы яго разгарнулі, каб праход быў. У іх увесь час музыка гучала, я малы хадзіў побач — мяне не чапалі. Прыйшоў да бацькі адзін, мусіць, афіцэр нейкі. Кажа: “Злаві мне двух галубоў”. Бацька злавіў, а той узяў галуба за галаву. Раз — і галава адарвалася. Так і з другім абышоўся. І пайшоў з імі за гумно. Тата мне сказаў, каб я пайшоў, паглядзеў, што ён рабіць будзе. А ў нас за загуменнем канаўка ішла, бераг быў высокі. Я адтуль забег і гляджу. А немец галубоў абскуб, ашпарыў, выкапаў ямку, у ёй расклаў вогнішча і зверху патэльню паставіў. Наразаў галубоў тонкімі пласцінкамі, смажыў і еў.
Анатоль Аляксандравіч расказвае, што выжыць у галодныя гады сям’і дапамагла карова, якая гадавалася ў яго цёткі ў вёсцы Церабостынь.
— Сёстры плакалі, не было чаго есці. А мама сыр зробіць, тварог. Я малака папіў — і павёў на вяровачцы карову пасвіць. Летам ужо лепш — яблык можна з’есці. Так і гадаваліся. Я, пасвячы кароў, масла ўзбіваў, рабіў з яго невялікія такія галушкі. Быў нейкі ў мяне слоічак, я туды гэтыя галушачкі складваў. І вось, калі немцы адступалі, мы з маім аднагодкам сустрэлі ў Пагарэлцы савеціх салдат, якія ішлі ў напрамку Новага Сяла. Стаім мы, у мяне гэты слоічак з маслам, у сябра — малако. На возе з параненымі ехала жанчына, якая, калі ўбачыла нас, нешта сказала аднаму байцу, той падыйшоў да нас, малако пераліў у фляжку, майго масла зачарпнуў. Вось такой была наша дапамога — аднаму чалавеку падсілкавацца. Назад ішлі, паміж Лядкамі і Пагарэлкай убачылі яму ад выбуху, побач вінтоўка ляжала. Невядома, хто там падарваўся, немец ці савецкі салдат, але вінтоўкі мы не ўзялі.
Пасля вызвалення прыйшлося нанава адбудоўваць хату, аднаўляць гаспадарку. Усё рабілася сваімі сіламі.
— Спачатку пабудавалі часовую хату. Маці недзе з іншай вёскі матэрыялы для яе выпісала, — дзеліцца ўспамінамі Анатоль Аляксандравіч. — Патрэбна было акенца ўставіць. Мама шкла прынесла, я зрабіў нейкую рамку, як умеў. А чым шкло парэзаць? Браў нітку, абмотваў вакол шкла, паліваў газай і падпальваў. Затым рэзка апускаў тое шкло ў халодную ваду, яно і трэскалася там, дзе патрэбна было.
У 1944 г. аднавіла працу школа. Бегаць на ўрокі прыходзілася басанож. Анатоль Аляксандравіч скончыў шэсць класаў, а ў сёмы не хадзіў аж да Новага года. Дома было вельмі шмат работы, разам з сястрой малацілі збожжа. Запрасіць хлопчыка працягнуць вучобу прыйшоў тагачасны дырэктар школы Лашчэўскі.
— Ён прыходзіў да нас купляць тварог і сыр. Гэта быў адзіны спосаб заробку, былі грошы, каб купіць соль і запалкі. Хваліцца не люблю, але ў пятым класе лепш за ўсіх ведаў матэматыку. Прыйшоў Лашчэўскі і кажа маме: “Ну што, памалаціў? Хай ідзе вучыцца!” Гэта я добра памятаю.
Пасля заканчэння сямігодкі мужчына ўступіў у калгас. Нейкі час працаваў падвозчыкам, затым быў назначаны рахункаводам. У 1960 годзе паступіў вучыцца ў Ашмянскі тэхнікум, пасля заканчэння якога працаваў бухгалтарам на Навагрудчыне і ў гаспадарках Карэліцкага раёна.
У свае амаль 92 гады Анатоль Аляксандравіч не губляе гумару і бадзёрасці. Кожны дзень у любое надвор’е праязджае некалькі кіламетраў на ровары, трымае пчол і свой сад.
— Праедуся на ровары — і суставы не так баляць, магу ўжо без кульбачкі хадзіць, — кажа ён. — Часта задумваюся, як мы выжылі? З гадамі зрабіў для сябе выснову: галоўнае, каб быў чалавек. Няхай усё разбурана і спалена, але, калі чалавек выжыў, ён здолее ўсё аднавіць.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц