В Кореличском районе поздравили первых тысячников по намолоту зерна

У Карэліцім  раёне пастаўлены першыя рэкорды па намалоце  на ўборачнай. Запаветны рубеж у тысячу тон пераадолелі  аграрыі СВК “Жухавічы” — камбайнавы экіпаж  у складзе бацькі і  сына Сяргея і Яўгенія Касцюкоў і экіпаж  камбайнера Ігара Ануфрыёнка  і памочніка камбайнера Дзмітрыя Собаля.

Ушаноўваць перадавікоў з высокім вынікам у поле прыехалі  старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей, першы намеснік старшыні райвыканкама  – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Яўгеній Бусько, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская  і  кіраўнік гаспадаркі Дзмітрый Янкоўскі.

Кіраўніцтва выказала глыбокую ўдзячнасць і падзяку за бездакорную працу, высокі прафесіяналізм, унесены ўклад ва ўборачную кампанію-2024. Віншуючы экіпажы  з першым у гэтым сезоне рэкордам і ўручаючы ўзнагароды Гродзенскага аблвыканкама,  райвыканкама,  райарганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, а таксама грашовыя прэміі  і ўзнагародную атрыбутыку, госці пажадалі аграрыям не змяншаць абаротаў, імкнуцца да новых вышынь і памятаць пра бяспеку.

На раніцу 19 ліпеня  намалот сямейнага экіпажа Сяргея і Яўгенія Касцюкоў  склаў 1040,7 тоны. Максімальных рэкордаў па намалоце механізатары дасягаюць на айчынным камбайне вытворчасці «Гомсельмаш» КЗС-2124.

Камбайнер Сяргей Касцюк не раз станавіўся перадавіком і сакрэт поспеху  тлумачаць проста: “Максімальная сабранасць!”

– Страда мне падабаецца, – распавёў суразмоўца. – Калі бачыш налітыя, важкія каласы, разумееш, што падчас пасяўной аграрыі пастараліся нездарма. Хлеб у засеках азначае дастатак на стале. Гэта сімвал дабрабыту ў кожным доме. Наш Прэзідэнт справядліва кажа, што трэба прасоўваць беларускае на ўнутраным і знешнім рынках. Нашы прадукты ведаюць у многіх краінах. А без збожжа, па вялікім рахунку, іх не вырабіць.

Членаў камбайнавага экіпажа, які шчыруе на камбайне “Джон-Дзір” Т-670,  Ігара Ануфрыёнка і Дзмітрыя Собаля вынік  у 1005,9 тоны асабліва  не здзівіў. Устойлівасць іх паказчыкаў уражвае далёка не першы год.

– Вядома, вельмі прыемна стаць першымі тысячнікамі  ў раёне. Стараемся, працуем  без  аглядкі на час. Ураджай у нас добры, таму ёсць і поспехі, – кажа Дзмітрый. – У гаспадарцы я працую больш дваццаці гадоў, а бягучая ўборачная для мяне пятая. Не раз пераадольваў тысячны рубеж. Праца падабаецца, добрыя вынікі адзначаюцца. Але галоўнае – пачуццё адказнасці за вырашчаны ўраджай.

Старшыня СВК “Жухавічы” Дзмітрый Янкоўскі перакананы, што такія работнікі,  героі жатвы, назаўжды застануцца верныя аграрнай галіне:

– Касцяк працоўнага калектыву складаюць менавіта такія людзі, для якіх праца на зямлі стала прызваннем. Іх прыклад вельмі важны для маладога пакалення, якому заўтра трэба будзе браць новыя вышыні.

Аграрыі вырасцілі шчодры ўраджай. Цяпер імкнуцца ўбраць яго якасна і ў аптымальны тэрмін. Мяркуючы з таго, што  кола тысячнікаў  з кожным днём будзе шырыцца ўсё больш і больш, гэта сведчыць аб тым, што тэмпы ўборцы зададзены,  і засекі будуць поўнымі.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара