В строительной бригаде СПК «Маяк-Заполье» работают настоящие профессионалы своего дела
Будаўнік — самая мірная прафесія на зямлі. Людзі гэтай прафесіі, мабыць, як ніхто іншы, умеюць дарыць радасць. Незабыўныя хвіліны шчасця з нагоды доўгачаканага наваселля, узвядзення новых школ і дзіцячых садкоў, медыцынскіх устаноў, добраўпарадкаваных гарадскіх мікрараёнаў і аб’ектаў сацкультбыту, хай і невялікіх, але такіх неабходных для камфортнага жыцця вяскоўцаў. Карэспандэнт газеты “Полымя” накіравалася ў СВК “Маяк-Заполле” і сустрэлася з работнікамі будаўнічай брыгады гаспадаркі.
На працягу многіх гадоў у гаспадарцы неадкладныя гаспадарчыя работы выконваюцца сіламі ўласнай будаўнічай брыгады. У кожнага з чатырнаццаці яе работнікаў багаты вопыт. За якую б справу ні ўзяліся, выканаюць яе старанна і якасна. Задаволены працай калег прараб сельгаспрадпрыемства Сяргей Шчэмер, які ўжо 41 год шчыруе на красненскай зямлі.
– Шмат гадоў наш калектыў нязменны, – расказвае Сяргей Іванавіч. – Падабраліся людзі, якія з адказнасцю ставяцца да любога даручэння. Хоць і не ўсе маюць адпаведныя будаўнічыя спецыяльнасці, але не горш іншага прафесійнага сталяра, плітачніка або тынкоўшчыка спрацуюць. Мы зрабілі стаўку на вопытных спецыялістаў, якія не гоняцца за доўгім рублём, а цэняць свой аўтарытэт. Ім тут жыць, працаваць далей, сустракацца з людзьмі, таму лепш не халтурыць.
Папрасіла назваць найважнейшыя работы, якія мясцовыя будаўнікі выканалі сёлета. Вялікі спіс атрымаўся, і важнае месца ў ім адведзена работам на новым малочнатаварным комплексе “Востухава”. Адзін з асноўных штогадовых заняткаў — нарыхтоўка дроў. За год для ацяплення будынкаў, нагрэву вады на жывёлагадоўчых фермах, іншых патрэб у гаспадарцы выкарыстоўваецца больш за 400 кубаметраў дроў. Часта даводзіцца працаваць на аб’ектах жывёлагадоўлі гаспадаркі, рамантуюць шыферныя дахі пабудоў сельгаспрадпрыемства. Гаспадарка выдзяляе сродкі на набыццё матэрыялаў для чарговага аб’ёму работ: цвікоў, шыферу, металічных вугалкоў, пліткі, цэменту, клеявых раствораў. Бензапілу ўсе, хто з ёй працуе, імкнуцца ўтрымліваць у пастаяннай гатоўнасці.
Разам з намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце сельгаспрадпрыемства Вольгай Грыгаровіч кірунак трымаю на МТФ “Востухава”, дзе працуюць мясцовыя будаўнікі. Цёплымі словамі характарызуе Вольга Яўгеньеўна кожнага з членаў звяна брыгады.
– Тут працуе будаўнічая дынастыя сям’і Чужаўка. Агульны стаж работы братоў Віктара і Аляксандра разам з сынам і пляменнікам Арцёмам складае больш васьмідзесяці гадоў. Працоўныя дынастыі – апора і гонар любога прадпрыемства. Тое, што людзі шчыруюць сем’ямі, сведчыць аб аўтарытэце вытворчасці, яго стабільнасці і надзейнасці. Лёсы нашых герояў – выдатнае пацвярджэнне таму, што вельмі важна быць адданым сваёй справе. Аляксандр Чужаўка – гонар нашага сельгаспрадпрыемства. Ён з году ў год абараняе годнасць гаспадаркі на раённых спаборніцтвах па гіравым спорце, неаднаразова быў пераможцам нават рэспубліканскіх спаборніцтваў. Па-майстэрску валодаюць будаўнічым арсеналам справы Сяргей Напорка і Міхаіл Самец: і тынкавыя работы выканаюць, і плітку пакладуць.
Будаўнікі не хаваюць, што да сваіх аб’ектаў ставяцца амаль як да дзяцей. Калі ўсё здадзена, то працаўнікі заўсёды хвалююцца і перажываюць за вынік. А калі пабудаванае іх рукамі ўжо пачынае жыць сваім жыццём – ганарацца і, кожны раз, праязджаючы міма, пазіраюць і міжвольна ў галаве ўзнікаюць думкі: “Як ён там? Ці ўсё добра?” Вось так асабістае адказнае стаўленне да даручанай справы кожнага члена брыгады і аднадушная адказнасць дазваляюць калектыву паспяхова спраўляцца з разнастайнымі заданнямі.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара