Дмитрий Евтух водит пассажирские автобусы уже 40 лет

Бадай, няма чалавека, які б не любіў бываць у дарозе. Кожны накіроўваецца па сваіх справах, але ўсіх аб’ядноўвае адно: можна акунуцца ва ўспаміны аб мінулым і памарыць аб будучым. Як і праз шкло транспартнага сродка  палюбавацца навакольнымі краявідамі. Відавочна адно: дарога, доўгая і кароткая, жаданая і незапланаваная,  дапамагае чалавеку мець зносіны з навакольным светам, сустракацца са сваякамі, сябрамі, знаёмымі, ды мала куды яна можа паклікаць.

Для Дзмітрыя Аркадзьевіча Еўтуха дарога стала сэнсам жыцця. Ён, вадзіцель аўтобуса, прафесіі служыць чатыры дзесяцігоддзі. Нават калі гады падышлі ісці на заслужаны адпачынак, то не змог разлучыцца з тым, што стала  блізкім сэрцу, — не здрадзіць дарозе, аўтобусу, людзям. Прадаўжае круціць баранку і ладзіць з пасажырамі.

Пра сябе паведаў наступнае. Нарадзіўся ў вёсцы Кудовічы Навагрудскага раёна. Васьмігодку закончыў у роднай вёсцы, дзесяцігодку — у Валеўцы. Спрабаваў паступаць у Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут — не пашанцавала. Затым армія — служыў тры гады на падводнай лодцы. Пасля  закончыў у горадзе Баранавічы школу падрыхтоўкі вадзіцеляў і атрымаў катэгорыі «В» і «С».

У 1983 годзе Дзмітрый уладкаваўся на працу ў Мірскую аўтабазу вадзіцелем грузавой машыны. Зусім хутка кіраўніцтва арганізацыі заўважыла стараннага працаўніка, і праз год яго накіравалі ў Гродна на курсы па перападрыхтоўцы — на катэгорыю «Д». З 1984 года пачаў працаваць вадзіцелем аўтобуса.

— Пачынаў на прыгарадзе, — успамінае Дзмітрый Аркадзьевіч. — Давялося пабываць у многіх населеных пунктах раёна. Праз год перавялі на міжгорад, і так паступова адмерваў на аўтобусе шлях да Мінска, Гродна, Баранавіч і многіх іншых гарадоў. Ездзіць у далёкія рэйсы падабалася, хаця люблю і Карэліччыну. Як, да прыкладу, рэйс Карэлічы — Мядзвядка — Мір. Даводзіцца бываць у Жухавічах, Ярэмічах, Дорагаве — усюды чакаюць пасажыры.

Вадзіцель аўтобуса — прафесія патрэбная, і яна Дзмітрыю Еўтуху па душы. Па-першае, ён знаходзіцца ў дарозе, а па-другое, пасажыры паважаюць за сумленныя адносіны да справы. Па яго меркаванні, вадзіцель павінен быць дысцыплінаваным на рабоце і ўважлівым да людзей. Разам з тым ніхто не адмяняў у  прафесіі і дабрыні, якая іншы раз можа адыграць важную ролю ў вырашэнні пытанняў. «Трэба імкнуцца знаходзіць кампраміс і з павагай адносіцца да людзей», — перакананы Дзмітрый Еўтух.

На працягу чатырох дзесяцігоддзяў вадзіцель аўтобуса імкнуўся пастаянна вучыцца прафесійнаму майстэрству, не згубіць з гадамі павагі да людзей, у спраўным стане ўтрымліваць аўтобус. Радавала тое, што было браць з каго прыклад — побач працавалі прафесіяналы сваё справы:  вадзіцелі Пётр Лойка і Віктар Станкевіч. Ён многаму навучыўся ў іх.

…Куды б ні прыводзіла дарога, Дзмітрый Аркадзьевіч Еўтух заўсёды спяшаўся дамоў. Тут яго чакала любая жонка Ніна, дачушкі Ірына і Лена. Зараз яго душу сагравае ўнучак Мікітка.

— Праца і сям’я цесна ўзаемазвязаны паміж сабою, — лічыць вадзіцель аўтобуса. — І гэтыя звенні нельга разлучыць.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ