Секрет счастья от многодетной семьи Ошурок из г.п. Кореличи
Сужэнцы Аліна і Валерый Ашурок з г.п. Карэлічы ведаюць сакрэт сямейнага шчасця. Ён заключаецца ў дзецях.
Да роднага парога
Аліна Вацлаваўна любіць дарогу. Асабліва ў родную вёску Ваўковічы, што на Навагрудчыне. Там жывуць бацькі, якія ўжо на пенсіі. Яна часта з мужам і дзецьмі туды ездзіць. Здараецца, што некалькі разоў на тыдзень і ў выхадныя дні. Ёй хочацца падтрымаць блізкіх і сама адчувае іх падтрымку. У вёсцы ў маладой сям’і свой агарод, дзе садзяць розную агародніну. Збіраюць маліну, чырвоныя і чорныя парэчкі. У гэтым годзе ў маладым садзе атрымалі добры ўраджай яблык, груш, вішняў, сліў.
Сямейныя традыцыі
Маладая маці гатуе розную здобу для дзяцей, якія ў сваю чаргу любяць ёй паласавацца. Даспадобы прыйшоўся торт «Медавік» — і Аліна Вацлаваўна стараецца пачараваць над ім. Асаблівыя старанні прыкладвае, калі ў сям’і адзначаюць дні нараджэння. Збіраюцца хросныя, бабулі, сваякі — і ўрачыстасць праходзіць весела і надоўга застаецца ў памяці.
Асабліва любяць у сям’і Ашурок свята Нараджэння Хрыстова. Да гэтага вялікага дня абавязкова пякуць кулічы, з мужам і дзецьмі наведваюць касцёл, каб душой дакрануцца да святога.
Любімым святам з’яўляецца і Новы год, калі дзеці атрымліваюць шмат падарункаў.
Вялікая радасць
Для шматдзетнай сям’і Аліны Вацлаваўны і Валерыя Францішкавіча Ашурок з г.п. Карэлічы вялікай радасцю з’яўляюцца дзеці.
Пятнаццацігадовы Дзіма ходзіць у 10 клас сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы, добра вучыцца і займаецца спортам, любіць гандбол і футбол. Дапамагае ў вёсцы, ладзіць з малодшымі брацікам і сястрой. Па характары добры, спагадлівы, справядлівы.
Цімафею пяць гадоў, наведвае дзіцячы садок. Увішны і рухавы, ён любіць спорт і маляваць. У садку малышу падабаецца: актыўны і таварыскі, ён з радасцю ідзе раніцай у дзіцячую ўстанову і вечарам у добрым настроі вяртаецца дамоў.
Самай меншай Кіры споўніўся год і тры месяцы. Яна з’яўляецца любіміцай у сям’і, хаця да ўсіх дзяцей існуюць аднолькавыя адносіны — яны жаданыя і любімыя, пра ўсіх праяўляюцца ўвага і клопат.
Аб сэнсе жыцця
Кожны са старэйшых у сям’і Ашурок мае любімую працу. Валерый Францішкавіч працуе электраманцёрам аварыйна-выязной брыгады Карэліцкага раёна электрычных сетак «Лідскія электрасеткі». Гэтай арганізацыі прысвяціў дваццаць пяць гадоў і сваю справу моцна любіць.
Аліна Вацлаваўна знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем. Яна медрэгістратар установы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца». Сэнс жыцця сям’я Ашурок заўсёды бачыла і бачыць у штодзённай карпатлівай працы і ў клопатах аб сваёй сям’і.
— Сям’я павінна быць поўнай, каб у ёй былі мама і тата і шмат дзяцей. Гэта радасць, клопаты, надзеі, — сцвярджае маладая шмадзетная маці. — Моцная сям’я — моцная дзяржава.
Падтрымка дзяржавы
Дзяржава аказвае значную падтрымку шмадзетным сем’ям — пастаянныя ўвагу і клопат. Сям’я Ашурок з райцэнтра вырашыла выкарыстаць гэтыя магчымасці. За сродкі сямейнага капіталу набылі з даплатай аднапакаёвую кватэру ў райцэнтры. Зараз у ёй праводзяць рамонт.
Шматдзетная сям’я жыве ў двухпакаёвай кватэры ў сяміпавярховым доме ў Карэлічах. Сюды засяліліся больш за дзесяць гадоў таму, калі ў сям’і быў толькі адзін сын.
Аліна Вацлаваўна паведала і пра льготы для шматдзетных сем’яў, якімі яны карыстаюцца: толькі 50 працэнтаў аплачваюць за харчаванне Цімафея ў дзіцячым садку, а Дзмітрый у школьнай сталовай харчуецца бясплатна. Як гаворыцца, і ўвага дзяржавы радуе, і ў сямейным кашальку грошы застаюцца.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ і з сямейнага архіва герояў