В Кореличах состоялся торжественный прием матерей

Пятнаццаць жанчын-маці  раёна сталі ўдзельніцамі ўрачыстага прыёму, які правёў   з нагоды Дня маці намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Руслан  Юр’евіч  Абрамчык.

Арганізатары сустрэчы —РА ГА “Беларускі саюз жанчын” і аддзел ЗАГС Карэліцкага райвыканкама.

Напачатку ўрачыстага  мерапрыемства яго ўдзельніцы сабраліся ва ўстанове культуры “Карэліцкі раённы краязнаўчы музей”. Яны мелі выдатную магчымасць душой дакрануцца да гісторыі Карэліччыны. Старшы навуковы супрацоўнік музея Пётр Мікалаевіч Капура дапамог акунуцца ў мінулае, даведацца шмат цікавага пра родны край, з выставы “Літва і Беларусь на старонках сямейнага альбома княгіні Марыі Гагенлоэ”. Жанчыны атрымалі падарункі, якія вырабілі сваімі рукамі супрацоўнікі аддзела рамесніцкай дзейнасці “Карэліцкі Дом рамёстваў”.

Месцам сустрэчы жанчын раёна з прадстаўнікамі мясцовай улады стаў будынак ЗАГСа, і гэта не выпадкова: установа сёлета адзначае свой 100-гадовы юбілей. Яна кранала веліччу, прыгажосцю, утульнасцю. Менавіта тут адбылася шчырая размова па душах. Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык расказаў пра кожную з удзельніц сустрэчы, тыя калектывы, дзе яны працуюць.

Сярод іх — прадстаўнікі розных галін народнай гаспадаркі: дырэктар УКП БАН Вера Пятроўна Сідо, загадчык педыятрычнага аддзялення Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы Лілія Уладзіміраўна Шастак, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Сярэдняя школа №1 г. п. Карэлічы” Ніна Пятроўна Чычкан, сацыяльны работнік ДУ “ЦСАН Карэліцкага раёна” Наталля Іванаўна Ясюля, аператар МТА ААТ “Карэлічы-Лён” Людміла Міхайлаўна Клачок, намеснік дырэктара ДУ “Карэліцкі РЦК і НТ” Валянціна Аляксандраўна Фурс і іншыя.

Сярод удзельніц сустрэчы былі і працаўніцы сельскай гаспадаркі — бухгалтары, аператар машыннага даення, кладаўшчык, работнік сталовай, жывёлавод, загадчык склада. Акрамя сваіх прафесійных яны з гонарам выконваюць мацярынскія абавязкі.

Руслан Юр’евіч звярнуў увагу прысутных таксама і на пытанні сацыяльнага сіроцтва, заклікаў трымаць пад пільнай увагай тыя сем’і, якія маюць патрэбу ва ўвазе і дапамозе. “Вельмі важная пазіцыя ўсяго грамадства ў адносінах да такіх людзей, трэба быць уважлівымі і добразычлівымі. Тут пэўная роля адводзіцца працоўным калектывам, грамадскім арганізацыям, суседзям. Мы заўсёды на баку дзяцей, але, магчыма, трэба такім жанчынам  даць яшчэ адзін шанс на шляху мацярынства”, — сказаў прамоўца.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА ГА “Беларускі саюз жанчын” Іна Міхайлаўна Санчук адзначыла ў сваёй прамове, што ў грамадскім аб’яднанні налічваецца 12 пярвічак. У якасці прыкладу назвала пярвічку Карэліцкага маслацэха, якая ўзяла шэфства над адной сям’ёй, і гэта служыць для яе падспор’ем — не толькі рэчамі, але словам і ўвагай. Іна Міхайлаўна назвала гэты прыклад добрым для пераймання: калі б кожная грамадская арганізацыя ўзяла шэфства над шматдзетнай сям’ёй, колькі б дзяцей адчулі сябе шчаслівейшымі.

“Шчаслівым дзяцінства павінна быць у дзяўчынак і хлопчыкаў”, — лічыць і начальнік аддзела ЗАГСа Карэліцкага райвыканкама Валянціна Міхайлаўна Сіўко. А для гэтага трэба, па яе меркаванні, каб дарослыя заўсёды клапаціліся пра сваіх дачок і сыноў, і дзеці выраслі годнымі грамадзянамі.

Цудоўным падарункам для жанчын стала выступленне навучэнцаў і выкладчыкаў Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў. Музычныя кампазіцыі ў іх выкананні краналі да глыбіні душы і ўзнімалі настрой. Вялікае ўражанне аказала выступленне народнай вакальнай групы “Віланела” і дзіцячай узорнай вакальнай групы “Арыета”, скрыпка ў руках Вольгі Вікенцьеўны Несцер.

Удзельніцы сустрэчы былі запрошаны і на святочны канцэрт, які ладзіўся ў вялікай зале ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”. Да прысутных у зале звярнуўся намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык, які адзначыў, што галоўная місія для жанчын на зямлі — быць маці. Пажадаў ім доўгіх гадоў жыцця, каб яно прыносіла цяпло, утульнасць, каханне. Каб дзеці памяталі, дзе яны нарадзіліся, і  тэлефанавалі бацькам і ў будні, і ў святы. “Жаночага мацярынскага шчасця на доўгія гады жыцця!” — сказаў Руслан Юр’евіч.

З нагоды Дня маці з раённай сцэны гучалі мелодыі дзіцячых сэрцаў. І сапраўды: хто можа лепш закрануць мацярынскую душу? Цудоўныя музычныя кампазіцыі падарылі і астатнія выканаўцы, якія пакідалі сцэну пад гучныя апладысменты.

У фае ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” да Дня маці былі арганізаваны выставы работ, якія падрыхтавалі супрацоўнікі ДУ “ЦСАН Карэліцкага раёна”, Мірскай ДШМ, Карэліцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі, навучэнцы мастацкага аддзялення Карэліцкай ДШМ, а самі гаспадары — фотазону, дзе можна было зрабіць здымак на памяць.

Праводзілася рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Павіншуем маму разам!” Карэліцкай раённай арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму і маладзёжным Саветам Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюза.

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий