В Кореличах стартовала акция «Наши дети»

На календары — зіма. Прырода нас радуе іскрыстымі сняжынкамі, якія ўсцілаюць зямлю беласнежным пакрывалам. Штосьці неверагоднае адбываецца і ў душы — у гэтыя пераднавагоднія дні хочацца рабіць дабрачынныя справы.

У Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці праведзена ўрачыстае адкрыццё акцыі «Нашы дзеці», якая супала з правядзеннем дабрачыннай акцыі-канцэрта «Паветра жыцця». Адкрыла мерапрыемства начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Іна Міхайлаўна Санчук. Прамоўца падзякавала ўдзельнікам акцыі, якія адгукнуліся на гэтую падзею — унеслі свой уклад у патрэбную справу. Сабраныя сродкі ад продажу білетаў пойдуць на набыццё абсталявання палаты паліятыўнай дапамогі дзецям, якія маюць патрэбу ў апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Будаўніцтва палаты ажыццяўляецца ва ўстанове аховы здароўя «Гродзенскі абласны спецыялізаваны дом дзіцяці з арганічным паражэннем цэнтральнай нярвовай сістэмы і парушэннем псіхікі».
З ініцыятывай аб правядзенні акцыі выступіла галоўнае ўпраўленне аховы здароўя пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.
Канцэртная праграма — дваццаць нумароў мастацкай самадзейнасці, якія падарылі выканаўцы слухачам у зале. Розныя па ўзросту і характару, усе творчыя зорачкі прапускалі свае нумары праз сэрца. Са сцэны гучалі цудоўныя музычныя мелодыі і вершы, позіркі гледачоў зачароўвалі танцы, такім зразумелым падаваўся гумар.
Яшчэ доўга будуць усплываць у памяці слухачоў выступленні народнага ансамбля
народнай песні «Цырынскія музыкі», народнага ансамбля песні «Вечарынка», узорнай вакальнай групы «Арыета», вакальнай групы «Усмешка», танцавальнага калектыву Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў, навучэнцаў тэатральнай студыі «Эксперымент», многіх іншых выканаўцаў, чыё майстэрства зачароўвала прысутных у зале.
У правядзенні акцый прынялі ўдзел актывісты раённых арганізацый — ГА «Белая Русь» і Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна.

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий