Вопросы пожарной безопасности, состояние законности и правопорядка на территории района в 2019 году и работа по обращениям граждан были рассмотрены на заседании Кореличского исполкома
На мінулым тыдні адбылося першае ў бягучым годзе пасяджэнне райвыканкама пад кіраўніцтвам старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзія Шатуева. У рабоце пасяджэння прыняў удзел намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ясеў.
Папярэдзіць, каб не тушыць
– Пытанне пажарнай бяспекі ў раёне стаіць дастаткова востра. Менавіта таму сёння мы абмяркуем яго ў першую чаргу, – адкрыў пасяджэнне Генадзій Шатуеў. – Калі параўноўваць з 2018 годам, то ў мінулым годзе колькасць пажараў на Карэліччыне павялічылася з 31 да 35. Нельга сказаць, што гэта недапрацоўка якога-небудзь аднаго суб’екта прафілактыкі. Вядзецца агульная работа ўсіх службаў, якая павінна даваць станоўчыя вынікі. У першую чаргу мы павінны звяртаць увагу на тую катэгорыю грамадзян, якая злоўжывае спіртнымі напоямі. Безумоўна, кіраўнікі арганізацый і сельгаспрадпрыемстваў ведаюць кожнага з іх у твар. І калі чалавек не выйшаў на работу, трэба абавязкова даведацца аб прычыне яго адсутнасці на працоўным месцы. Членам сматравой камісіі і старшыні таго ці іншага сельсавета неабходна весці пастаянную прафілактычную работу з гэтай катэгорыяй грамадзян, каб у чарговы раз не пачуць прычыну гібелі чалавека на пажары – “выпіў-закурыў-згарэў”. Менавіта так тройчы адбылося ў мінулым годзе, загінулі трое жыхароў раёна.
Неаднаразова згадваўся падобны сцэнарый развіцця трагедый падчас справаздачы начальніка Карэліцкага РАНС Дзяніса Стадольніка, які расказаў аб статыстыцы пажараў у разрэзе сельсаветаў раёна, асноўных прычынах іх узнікнення і мерах па прафілактыцы пажараў.
– Рост колькасці пажараў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года назіраецца на тэрыторыі Жухавіцкага, Лукскага, Малюшыцкага, Турэцкага і Ярэміцкага сельсаветаў. Дарэчы, на тэрыторыі апошняга сельсавета адбылося павелічэнне як колькасці пажараў, так і назіраецца рост загінулых на іх. Увогуле, у 2019 годзе выратавальнікі раёна выязжалі на тушэнне пажараў у сельскую мясцовасць 32 разы, што на 7 больш у параўнанні з 2018 годам. Вялікую прафілактычную ролю адыгрывае работа сматравых камісій. На Карэліччыне створаны і працуюць 11 сматравых камісій, у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі розных устаноў і арганізацый раёна. Так, у 2019 годзе яны ажыццявілі 304 рэйды і абследавалі 3785 дамоў карэліччан, у тым ліку 43 сям’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Праведзена 128 сельскіх сходаў, у 261 працоўным калектыве работнікі РАНС выступілі з прафілактычнай інфармацыяй.
Дапоўніў справаздачу начальніка Карэліцкага РАНС Аляксандр Ясеў, па словах якога членам назіральнай камісіі неабходна пільна абследаваць не толькі домаўладанні жыхароў раёна, але і гаспадарчыя пабудовы, дзе размяшчаюцца кормазапарнікі. Бо пажары ў іх і ў банях усё часцей з’яўляюцца ў аператыўных зводках. Таксама неабходна надаць пільную ўвагу навядзенню парадку на прысядзібных тэрыторыях. Кожную вясну назіраецца павелічэнне колькасці пажараў з-за выпальвання сухой расліннасці, у выніку чаго гаспадары могуць страціць не толькі сваю маёмасць, але і стаць ахвярамі вогненнай стыхіі.
На сувязі з жыхарамі раёна
Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, якія паступілі ў Карэліцкі райвыканкам у 2019 годзе, паведаміла загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асоб Карэліцкага райвыканкама Наталля Саматыя.
– У 2019 годзе ў Карэліцкі райвыканкам паступілі 223 звароты грамадзян і юрыдычных асоб, з якіх 90 – вусных, 95 – пісьмовых, 38 – электронных. З агульнай колькасці зваротаў за 2019 год 62 – здаволены, 34 знаходзяцца на кантролі, 122 – вытлумачаны, 4 – адазваны, 1 – прыняты да ўвагі. Асноўнымі праблемамі, з якімі жыхары раёна звярталіся да мясцовай улады, сталі пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, паляпшэння жыллёвых умоў, землеўпарадкавання і землевыкарыстання, занятасці насельніцтва і транспартнага забеспячэння. Дадзены блок пытанняў знаходзіцца на пастаянным кантролі Карэліцкага райвыканкама. Для іх вырашэння прымаюцца неабходныя меры. Так, у 2019 годзе выкананы капітальны рамонт шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Сташэўскай у г.п. Мір з добраўпарадкаваннем тэрыторыі, а таксама капітальны рамонт даху жылога дома № 26 А па вуліцы Гагарына ў Карэлічах. Карэліцкім РУП ЖКГ выканана добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый на вуліцах Гастэлы і Прытыцкага ў райцэнтры. У 2019 годзе Карэліцкае ДРБУ-158 ажыццявіла капітальны рамонт участка аўтадарогі Карэлічы-Наваельня-Валеўка. Да таго ж дарожнікі раёна правялі бягучы рамонт шэрагу дарог Карэліччыны. Найбольш значным будаўнічым аб’ектам бягучага года стала вуліца Танкістаў у Міры.
Асаблівая ўвага надаецца рашэнню жыллёвага пытання карэліччан, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Так, у 2019 годзе дзве шматдзетныя сям’і і сям’я, якая выхоўвае дзіцё з абмежаванымі магчымасцямі, палепшылі жыллёвыя ўмовы шляхам будаўніцтва індывідуальных дамоў. Васьмі шматдзетным сем’ям прадастаўлены субсідыі на выплату асноўнай запазычанасці і працэнтаў за карыстанне крэдытам на будаўніцтва і рэканструкцыю жылых памяшканняў. Шэсць сем’яў атрымалі льготныя крэдыты на капітальны рамонт жылых памяшканняў, 10 сем’яў – на газіфікацыю жыллёвага фонду.
У адпаведнасці з зацверджаным графікам штотыднёва па суботах кіраўніцтва райвыканкама праводзіць “прамыя тэлефонныя лініі”. У 2019 годзе іх колькасць склала 52, на якія паступіў 41 зварот грамадзян. З лістапада 2018 года на першым паверсе будынка райвыканкама дзейнічае служба “адно акно”, якая працуе з 8.00 да 17.00 (па чацвяргах – з 8.00 да 20.00). Праз службу ажыццяўляюцца адміністратыўныя працэдуры па пераліку, зацверджаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь (усяго 103 працэдуры).
Падчас пасяджэння райвыканкама не засталася без увагі крымінагенная сітуацыя на Карэліччыне. Аб стане законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна, а таксама рабоце праваахоўных органаў і органаў мясцовага кіравання па барацьбе са злачыннасцю і прафілактыцы правапарушэнняў у 2019 годзе паведаміў пракурор Карэліцкага раёна Аляксандр Мельнікаў.
Оксана ЯНУШ
Фото автора