Ровесник района. Владимир Бабанский из г.п. Кореличи отмечает 80-летний юбилей

У жыцці кожны выбірае свой шлях і крочыць па ім. У адных ён прамы і без выбоін, у другіх — звілісты і з перашкодамі. Галоўнае, каб у абодвух быў сваім. Чалавек ідзе па ім упэўнена і не згінаецца пад цяжарам праблем, любіць жыццё і прафесію, якую выбраў аднойчы і на ўсё жыццё.

Ёсць яшчэ дарогі, па якіх ходзім і ездзім. Спяшаемся на вучобу і працу, у камандзіроўкі і на нарады, да сяброў і ў госці — кожны па сваіх патрэбах. І як добра, калі гэты шлях дагледжаны.

У гэтыя дні Уладзімір Кірылавіч Бабанскі з райцэнтра адзначае свой юбілей, які супадае са святочнай датай — 80-годдзем Карэліцкага раёна. Ёсць што ўспомніць і пераасэнсаваць, чаму парадавацца і хвіліну-другую пасумаваць. Галоўнае, што шкадавання няма: жыццё пражыта недарэмна — пакінуў след на зямлі.

Што паўплывала на выбар кубанскага юнака прыехаць у Беларусь, лепш пазнаць свет і каханне беларускай дзяўчыны Галіны, сёння ўжо не мае асаблівага значэння. Галоўнае, што быў свой правільны шлях, хаця не заўсёды лёгкі. Даводзілася быць мэтанакіраваным і напорыстым, шмат вучыцца і працаваць.

 

Усё пачалося з працы ў Навагрудскім ПМК № 13, куды ўладкаваўся майстрам. Затым паступіла прапанова: яго запрасілі на пасаду галоўнага інжынера ў Карэліцкую міжкалгасную будаўнічую арганізацыю. Далі кватэру ў райцэнтры, і з сям’ёй пераехаў у Карэлічы. Праз чатыры гады быў назначаны начальнікам Карэліцкай перасовачна-механізаванай калоны № 68.

Давялося папрацаваць і ў калгасе імя Чарняхоўскага будаўніком. У той час займаліся рамонтам сельскагаспадарчых будынкаў, будавалі зернесушылкі, цялятнікі, кароўнікі — было дзе прыкласці рукі.

Наступнай прыступкай працоўнай лесвіцы стала праца ў Карэліцкім дарожна-рамонтным будаўнічым упраўленні № 158: спачатку начальнікам вытворчага аддзела, а на працягу пяці гадоў, з 1998 па 2003 год, яго кіраўніком да выхаду на заслужаны адпачынак.

— За маю працоўную дзейнасць у Карэліцкім раёне пабудавалі Карэліцкі раённы Дом культуры, — успамінае Уладзімір Кірылавіч, — а таксама адміністрацыйны будынак Карэліцкай сельгастэхнікі, а дарогі не пералічыць. Гэта Карэлічы — Валеўка, Навасёлкі — Цырын, Жухавічы — Цырын, Турэц — Ярэмічы — Сіняўская Слабада, Мір — Жухавічы, Малюшычы — Тупалы і іншыя. Займаліся ў той жа час капітальным і бягучым рамонтамі і тэхабслугоўваннем дарог.

Успомніў і пра адзін са значных аб’ектаў — Мір, калі ў 2002 годзе ў раёне адзначаўся Дзень беларускага пісьменства. Многія вуліцы гарадскога пасёлка былі добраўпарадкаваны, як і дарога Мір — Стоўбцы.

Праца Уладзіміра Кірылавіча Бабанскага неаднаразова адзначалася Граматамі абласнога ўпраўлення галіны і шматлікімі ўзнагародамі.

У сям’і Бабанскіх спадарожніца жыцця Галіна Пятроўна аказалася надзейнай апорай і падтрымкай — разам ідуць па жыцці пяцьдзясят сем гадоў. Выхавалі траіх сыноў. Уладзімір жыве ў г. Баранавічы і працуе ў банкаўскай сістэме. Юрый — начальнік планава-вытворчага аддзела Карэліцкага дарожна-рамонтнага будаўнічага ўпраўлення № 158. Сына Аляксандра забралі нябёсы — загінуў у маладым узросце.

Уладзімір Кірылавіч прадаўжае жыць сённяшнім днём і радавацца яго імгненням. Асноўная радасць  — пяць унучак і ўнук. Яны выдатна вучыліся ў школе, выбралі свае шляхі ў жыцці. Ёсць сярод іх банкір, палітолаг, юрыст, перакладчык англійскай мовы.

На Карэліччыне Уладзімір Кірылавіч Бабанскі прыжыўся — яна стала другой радзімай. Па-ранейшаму прадаўжае любіць гэты куточак, а  галоўным прыярытэтам лічыць працу. яна бывае нялёгкай, але дае добрыя ўсходы. Чалавек цвёрда стаіць на нагах і з упэўненасцю глядзіць у заўтрашні дзень.

Галіна СМАЛЯНКА