Мирский замок 20 лет назад был включён в Список Всемирного наследия ЮНЕСКО

Сёлета 2 снежня спаўняецца 20 гадоў з таго дня, калі Замкавы комплексМір” XVI–XX стст. у г.п. Мір быў уключаны ў Спіс Сусветнай прыроднай і культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта адбылося на пасяджэнні Камітэта Сусветнай спадчыны, якое праходзіла ў г. Кэрнс (Аўстралія). Дзякуючы гэтай падзеі Мірскі замак стаў вядомы далёка за межамі Рэспублікі Беларусь.

У цяперашні час Мірскі замак з’яўляецца адным з нацыянальных сімвалаў нашай краіны. Тут працуе музей, які штогод прымае тысячы наведвальнікаў. Праяўляюць інтарэс да гэтага помніка архітэктуры не толькі жыхары Беларусі. Прыязджаюць убачыць яго на свае вочы і замежныя госці. Чым жа прываблівае да сябе гэтае збудаванне? У чым яго ўнікальнасць?

Па-першае, замак з’яўляецца характэрным, найбольш выразным фартыфікацыйным збудаваннем у параўнанні з іншымі замкамі, узведзенымі на тэрыторыі Беларусі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, усходняй Польшчы і крэпасцямі заходняй Расіі. Падчас яго будаўніцтва былі максімальна выкарыстаны прыродныя асаблівасці пляцоўкі ў месцы ўпадзення безыменнага ручая ў невялікую рачулку (цяпер р. Міранка). Ён з’яўляецца рэдкім па прыгажосці, самаштабным чалавеку архітэктурным збудаваннем. Ён захапляе цэльнасцю аб’ёмна-пластычнай кампазіцыі.

Па-другое, абарончая сістэма Мірскага замка гатычнага перыяду ўяўляе сабой рэдкае спалучэнне новых на перыяд яго будаўніцтва спроб рэальнага асваення магчымасцей пальнай зброі з праверанымі старасвецкімі абарончымі прыёмамі і прыстасаваннямі.

Па-трэцяе, Мірскі замак – адзін з нешматлікіх помнікаў архітэктуры, які з’яўляецца ўвасабленнем мясцовых самабытных мастацкіх традыцый. Тут дэкаратыўнае афармленне фасадаў заснавана на выкарыстанні цаглянай муроўкі, якая ўпрыгожана выкладзенымі перапаленай цэглай узорамі, з заглыбленымі тынкаванымі паверхнямі ніш. У гэтым пераконваешся, калі разглядаеш сцены галоўнай і паўднёва-заходняй аўтэнтычных вежаў, бачыш вертыкальныя і гарызантальныя палоскі, ланцужкі з прамавугольнікаў, нішы розных памераў з закругленай верхняй часткай. Яны “парассыпаны” ў розных спалучэннях па вонкавай паверхні вежаў. Гэтым падкрэслена іх індывідуальнасць. А паясы і іншыя элементы дэкору на сценах “звязваюць” асноўныя часткі замка (сцены і вежы) паміж сабой, тым самым дазваляюць цэласна яго ўспрымаць.

Нельга не сказаць і пра наваколле. Добра захавалася спалучэнне забудаваных і свабодных ад пабудоў тэрыторый. Практычна нязменным застаўся маштаб пабудоў пасялення з часу ўзвядзення замка.

Звяртае на сябе ўвагу Мірскі замак і тым, што адносіцца да ліку 981 (па дадзеных 38 сесіі Камітэта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА) аб’ектаў ва ўсім свеце, прызнаных у адпаведнасці з Канвенцыяй аб ахове сусветнай спадчыны 1972 г. “універсальнай каштоўнасцю”. Ён адзін з нямногіх у Рэспубліцы Беларусь мае музейную катэгорыю “0”.

Як бачым, Мірскі замак з’яўляецца найкаштоўнейшым здабыткам сусветнай культуры і нам, беларусам, ёсць чым ганарыцца!

 

Вольга КАЛАСОЎСКАЯ,

навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”