13 красавіка ў Мірскім замку адкрылася персанальная выстава карцін Валерыя Русецкага «Святыні зямлі беларускай», прымеркаваная да Дня мецэната і дабрачынцы, а таксама Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін

На выставе прадстаўлены 27 работ мастака ў тэхніцы маркетры, створаныя за апошнія гады. Наведвальнікі змогуць убачыць сакральнае дойлідства Беларусі – цэрквы, саборы, касцёлы.
Мастацтвам маркетры Валерый Аляксандравіч займаецца з 1971 г. За гэты час майстар стварыў не адзін дзесятак карцін з драбнюткіх кавалачкаў шпону розных парод дрэва. Большасць з карцін – у адзіным экзэмпляры. Свае работы мастак часцей за ўсё дорыць. У 2012 годзе В.А. Русецкі перадаў у музей «Замкавы комплекс «Мір» карціну з выявай Мірскага замка, а пазней – яшчэ тры свае творы.
У 2018 г. Вылерый Аляксандравіч Русецкі быў узнагароджаны Дыпломам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «Мецэнат культуры Беларусі» за пастаянную падтрымку нацыянальнай культуры.
Мастацтва маркетры сёння не вывучаецца ў мастацкіх школах. Аднак майстры засталіся, і яны ствараюць унікальныя вырабы, якія цудоўна глядзяцца ў сучасных інтэр’ерах.
Выстава Валерыя Русецкага «Святыні зямлі беларускай» працягнецца да 22 жніўня 2021 года.
Уваход вольны.