На планерке у председателя: готовность кормозаготовительной техники, благоустройство райцентра и начало туристического сезона

На штотыднёвай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева абмеркавалі гатоўнасць корманарыхтоўчай тэхнікі, добраўпарадкаванне раённага цэнтра і пачатак турыстычнага сезону.

Кіраўнік раёна Генадзій Шатуеў паставіў перад інжынернай службай раёна задачу — паставіць на лінейку гатоўнасці корманарыхтоўчую тэхніку ў бліжэйшы час.


— Мы бачым, што травы пацярпелі ад халоднага надвор’я, таму не чакаем ад першага ўкосу добрай аддачы, — канстатаваў Генадзій Шатуеў. — Значыць стаўку робім на кукурузу, таму неабходна сеяць яе і не спыняцца.

Напярэдадні Дня Перамогі ўсе 78 воінскіх пахаванняў прыведзены ў належны парадак, адрамантаваны і пафарбаваны. 9 Мая ў райцэнтры і кожным сельскім савеце адбудуцца ўрачыстыя цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да памятных месцаў.

На бягучым тыдні на дарогах райцэнтра з’явіцца новая дарожная разметка. Работнікі дарожнага рамонтна-будаўнічага прадпрыемства № 158 праводзяць бягучы рамонт дарогі Трашчычы-Жухавічы-Цырын. Праводзіцца капітальны рамонт дамоў 6а і 6б па вуліцы Гагарына ў райцэнтры.

У раёне працягваецца работа па выяўленні пустуючых і старых будынкаў. У бягучым годзе на іх знос і пахаванне фундаментаў з раённага бюджэту выдзелена 51 тысяча рублёў.

З пачаткам мая традыцыйна стартуе турыстычны сезон. Мірскі замак стаў больш актыўна прымаць турыстаў. Таму Генадзій Шатуеў прапанаваў прыцягнуць мясцовых рамеснікаў да гандлю сваімі вырабамі каля старажытных муроў: “Гэта добрая магчымасць прадэманстраваць не толькі свой талент і прафесійныя ўменні, але і атрымаць дадатковы заробак”.

 

Іна ЛЕЙКА