Геннадий Шатуев проинспектировал ход посевной в районе: «В почве мало влаги, из-за этого фактора может быть недополучен урожай»
Падрыхтоўка да вясенняй пасяўной кампаніі ў Карэліцкім раёне завяршылася своечасова. Аграрыі ўклаліся ў тэрміны, але настрой іх азмрочвае адсутнасць вільгаці ў глебе, бо найперш менавіта з-за гэтага фактару можа быць недаатрыманы ўраджай.
Старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў кожны працоўны дзень пачынае на палях і кажа, што раннія яравыя культуры сёлета сеюць у няпростых умовах:
— Зімой на палях снегу было мала, глебу сушылі маразы, цяпер за справу ўзяліся вятры. Вопытныя аграрыі даўно не памятаюць такой сухой і ветранай вясны. Таму рашаючы фактар сёння — не ўгнаенні, а тое, ці змогуць расліны прарасці.
Адпраўляемся ў ДП «Лукі-Агра», у якім самы вялікі клін ранніх яравых у раёне —1083 га. Тэмпы на прадпрыемстве пакуль невысокія: засеяна 6 працэнтаў плошчаў. Брыгадзір вытворчага ўчастка № 1 з 27-гадовым стажам працы Юрый Шушкевіч кажа:
— Такое надвор’е характэрна для лета, але ніяк не для вясны. Вядома, няпроста ў такіх умовах працаваць, але справімся, пасеем абавязкова.
У шчыльным воблаку пылу на сеялцы СПУ-6 да нас набліжаецца механізатар Мікалай Гузавец, хутка вітаецца і заходзіць на новы круг: глеба сохне літаральна на вачах і марудзіць нельга. Генадзій Шатуеў высока ацэньвае працу сеяльшчыка: «Ідэальная праца: роўна пройдзена, насенне добра закрыта».
Наступны кантрольны пункт — СВК «Маяк-Заполле». Тут клін ранніх яравых складае 436 гектараў, 172 га (ці 39%) з якіх ужо засеяны. Гэта чацвёрты паказчык па тэмпах працы ў раёне. На вытворчым участку нумар 1, якім загадвае Іван Гавака, асноўны сеяльшчык — механізатар Сяргей Шэўка. За светлавы дзень ён засявае па 40 гектараў.

Старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў і механізатар СВК «Маяк-Заполле» Сяргей Шэўка абмяркоўваюць ход пасяўной
— У 7 раніцы я ўжо ў полі, заканчваю працу ў 19.30. Прыкладна паўгадзіны трачу на абед і падвячорак, — расказвае аграрый.
— У колькі Вам сёння прывезлі абед? — цікавіцца Генадзій Шатуеў.
— У 11.30.
— Своечасова, не спазніліся з раздачай, — задаволены кіраўнік раёна. — Важна, каб людзі былі сытымі, тады і праца будзе спорыцца.
Іван Гавака кажа, што Сяргей Шэўка адзін з самых працавітых і адказных работнікаў: восенню адзін пасеяў азімыя збожжавыя і азімы рапс на плошчы 850 га. Плячо ў плячо з ім палявод Павел Арабей.
— Усяго ў нас у дастатку, цяпер бы яшчэ добрых дажджоў, каб дапамагчы парасткам прарасці, — кажа загадчык участка.
— Краіне трэба збожжа, а ў гэтым годзе асабліва. Мы адчуваем сваю адказнасць за вытворчую бяспеку краіны, таму абавязкова справімся, — перакананы Генадзій Шатуеў.

Генадзій Шатуеў са спецыялістамі СВК «Маяк-Заполле»
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара