Галіна Калтунова распавядае пра незвычайны канцэрт на стадыёне «Юнацтва»

Мінулым летам, выйшаўшы з бібліятэкі, вырашыла трошкі прагуляцца: сонечнае ліпеньскае надворе спрыяла гэтаму. Мінуўшы цэнтральную плошчу, утульны скверык каля помніка Яну Чачоту і царквы, звярнула на дарагую сэрцу алею пад разгалістымі каштанамі, якая вядзе да школы. Па ёй дзясяткі гадоў спяшалася на ўрокі, таму тут кожная травінка, кожная кветачка напамінае аб нялёгкіх, але такіх шчаслівых настаўніцкіх буднях. Адпачыўшы ад спёкі ў прахалодзе дрэў, палюбаваўшыся прыгажосцю і дагледжанасцю школьнага двара, пачала спускацца да стадыёна. І раптам у навакольную цішыню ўварваўся звонкі дзіцячы голас, які спяваў «Кацюшу«! Міжволі спыніўшыся ад      здзіўлення, зрокава пачала шукаць выканаўцу. Карціна, якая адкрылася вачам, уразіла, усхвалявала: унізе, каля спартыўных снарадаў, стаяла дзяўчынка (як потым даведалася, чатырохгадовая) у лёгкай белай сукеначцы з надзьмутым шарыкам у руках. Выгараўшыя на сонцы бялявыя валасы былі сабраны на галаве ў гарэзлівы пучок. Прытанцоўваючы на месцы, старанна выводзячы матыў песні, яна быццам дасылала наваколлю, чыстаму блакітнаму небу, сонцу, радаснай зеляніне парка знаёмыя, бадай, кожнаму чалавеку словы:

Расцветали яблони и груши, 

Поплыли туманы над рекой,

Выходила на берег Катюша,

На высокий берег на крутой…

Непадалёку размаўляла па тэлефоне маладая прыгожая жанчына (як аказалася, мама дзяўчынкі). Ціхенька, каб не напалохаць раптоўным з’яўленнем, спусцілася да маленькай спявачкі. Пачуўшы мае крокі, яна сціхла і, павярнуўшыся да мяне, спытала на чыста рускай мове, якая выдавала, што мама і дзяўчынка прыезжыя: «Вам понравилась песня? А я и еще знаю, меня этому бабушки, мама и папа учат. Давайте, я вам спою, а вы мне аплодируйте, как на настоящем концерте! Мама вам поможет». Звонкі голас ізноў птушкай узнёсся над стадыёнам. Дзе па два куплеты, дзе па адным, трошкі картавячы, выканала радкі «Песенки крокодила Гены», з твораў «Солнечный круг», «В траве сидел кузнечик», «Пропала собака». Мы з мамай дзяўчынкі апладзіравалі не змаўкаючы. «А сейчас прозвучат любимые песни у нас у всех!» — урачыста аб’явіла маленькая артыстка і зацягнула: «Касіў Ясь канюшыну». А потым, трошкі памаўчаўшы, старанна праспявала: «Этот День Победы порохом пропах, День Победы!». Тут ужо я не змагла стрымаць слёз. Заўважыўшы гэта, дзяўчынка падбегла да мяне, абняла за калені: «Не плачьте, моя бабушка тоже всегда плачет, а я ее поцелую, и она перестает плакать. Давайте я вас в щеку поцелую…»

На маё пытанне, хто навучыў гэтае маленькае цуда песням савецкага часу, любімымі людзьмі і дарагімі іх сэрцам, мама Машанькі (так звалі дзяўчынку) шчыра адказала: «У нас у сям’і сапраўдны інтэрнацыянал: мае бацькі жывуць у Падмаскоўі, тата — казах па нацыянальнасці, мама — руская. Бацькі мужа — беларусы, іх радзіма — Карэлічы, мы жывём у Маскве, а сюды прыязджаем, як толькі ёсць магчымасць, у госці, стараемся наведваць дзядулю і бабулю ў Казахстане. А ў святы і калі збіраемся  ў гасцях за сталом, любім спяваць толькі душэўныя, вядомыя нашым бацькам, дзядулям і бабулям дарослыя і дзіцячыя песні, не дапускаем у свой круг пустыя, без сэнсу сучасныя папсовыя творы. Маша з пялёнак, можна сказаць, упітвае сапраўднае мастацтва, якое нясуць савецкія песні, напоўненыя дабрынёй, змястоўнасцю. Мы не раз усёй сям’ёй слухаем у запісе канцэрты таленавітых спевакоў мінулага часу, і Маша любіць, запамінае як рускія, так і беларускія песні, расце сапраўднай патрыёткай…»

Цэлы год нашу ў сэрцы той незвычайны канцэрт, за які  ўдзячна лёсу. І кожны раз, ідучы па стадыёне, жыву надзеяй, што зноў сустрэну падросшую ўжо спявачку з Масквы, сэрца якой змалку б’ецца любоўю да родных каранёў, да роднай культуры, выхоўваемых у сям’і, і якую ў думках назвала Паслом сапраўднай адданасці Радзіме, Паслом сапраўднага, непрыдуманага патрыятызму, неабходнага для ўмацавання міру і шчасця на Зямлі. Пабольш бы такіх Паслоў!

Галіна КАЛТУНОВА