У Жухавіцкай сярэдняй школе надаецца значная ўвага пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы
Мова жыве, пакуль на ёй гавораць
І ў палацы, і на сцежцы вузкай,
Каб душа магла пачуць душу,
Размаўляй са мной па-беларуску,
Размаўляй па роднаму, прашу.
Марыя Новікава
Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забываць сваю мову, не шануе яе.
Родная мова шмат не патрабуе. Але ўжо калі назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе, павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак.
У дзяржаўнай установе адукацыі “Жухавіцкая сярэдняя школа” надаецца значная ўвага папулярызацыі і пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы. Штогод мы адзначаем Міжнародны дзень роднай мовы. І гэты год не стаў выключэннем.
21 лютага адбылося сапраўднае свята – пачатак тыдня роднай мовы. Вучні ў нацыянальных касцюмах з прыгожымі прывітальнымі словамі звярталіся да ўсіх, хто заходзіў ва ўстанову. Школьнікі з гонарам расказвалі аб тым, што ім у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, мова бацькоў і дзядоў, вялікі нацыянальны скарб.
Фаер-фэст “У любімай мове роднай, наскай. Ах, якія словы…“, інтэрактыўныя гульні “Кнігі-юбіляры”, “Пісьменнікі-юбіляры”, Instagram-чэлендж “Дзень роднай мовы”, беларускія вершы, загадкі і песні – з вуснаў педагогаў і вучняў школы сёння гучалі словы толькі на роднай мове.
На працягу ўсяго тыдня ў нашай школе праводзіліся мерапрыемствы, якія пашыраць веды кожнага аб роднай мове, гісторыі і культуры беларускага народа: турнір “З любоўю да роднай мовы”, інфармацыйныя гадзіны “Мова родная – мова модная”, алімпійскія гульні па беларускай мове “Ведай роднае слова”, літаратурная гасцёўня “Цудоўная беларуская мова”, лінгвістычная віктарына, лінгвістычны дыктант “Мова родная мая” і інш.
Спадзяёмся, што святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы не пакіне абыякавым ні вучняў, ні настаўнікаў. Яшчэ раз мы ўсе можам упэўніцца ў тым, якая наша мова прыгожая, чароўная, мілагучная і непаўторная.
Мова жыве, пакуль на ёй гавораць.
Яна ШЭСЦЕЛЬ, вучаніца 10 класа