Молодая семья Воробьевых из агрогородка Луки нашла свое счастье в деревенской тиши

Вёска прываблівае сваімі краявідамі, свежым паветрам, цішынёй і спакоем. Тут думаецца па-іншаму і адпачывае душа. Людзі знаходзяць справу па душы, ствараюць сем’і, жывуць і працуюць у гармоніі з прыродай.

Ірына і Віталій Вараб’ёвы прыжыліся на лукскай зямлі. Маладая сям’я мае прыгожы дом у аграгарадку, знайшла сабе працу,  выхоўваюць дзяцей — і не шкадуюць аб тым, што лёс прывёў менавіта ў гэты цудоўны край.

— Сама я з Расіі, — гаворыць Ірына і апавядае аб тым, што прыехала  з бацькамі ў Беларусь у дзіцячым узросце. Сям’я пасялілася ў вёсцы  Унехава, дзе родныя прадаўжаюць жыць. Вельмі падабаецца на беларускай зямлі. Тут людзі адкрытыя, шчырыя, добразычлівыя, і гэта вельмі радуе.

Спачатку Ірына працавала паляводам у мясцовым калгасе, ужо год  як аператарам машыннага даення на комплексе «Далматаўшчына». Па меркаванні маладой працаўніцы, каб дасягнуць поспехаў у гэтай справе, трэба добрасумленна выконваць свае абавязкі і любіць жывёлу.

Віталій пераехаў на Карэліччыну з Віцебскай вобласці. Працуе трактарыстам-машыністам у СВК «Лукі-Агра». Заняты на многіх сельскагаспадарчых работах: уносіць мінеральныя ўгнаенні, косіць травы,  шчыруе камбайнерам на жытнёвых палетках  і выконвае іншыя работы. «Да працаўнікоў у нашай гаспадарцы праяўляюцца добрыя адносіны, нашай сям’і далі жыллё, маю дастойны заробак», —  адзначае сельскі працаўнік.

У сям’і Вараб’ёвых  — трое дзяцей. Сямнаццацігадовая Дзіяна вучыцца ў Мінскім гандлёва-эканамічным каледжы. Сярэдняя Сняжана закончыла 8 класаў, сын Уладзіслаў — 6 класаў Лукскай сярэдняй школы.

— Мы любім бываць з дзецьмі на прыродзе, — гавораць бацькі. — Асабліва прывабліваюць рэчка і лес. Свежае паветра і навакольныя краявіды дапамагаюць стварыць гармонію ў душы і добра адпачыць разам.