На планерке у председателя: месячник пожарной безопасности, заготовка кормов в непростых условиях

Дажджы, якія практычна штодзень праходзяць на тэрыторыі краю, стрымліваюць у гаспадарках тэмпы нарыхтоўкі кармоў. Так, у сельгаспрадпрыемствах нарыхтавана 14% ад планавых паказчыкаў. У мінулым годзе гэты паказчык складаў 17%. На адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 1,1 цэнтнера кармавых адзінак, летась — 1,6 ц карм. адз.

 — Месцамі праліўныя дажджы і зусім не пускаюць тэхніку на палі, — сказаў на штотыднёвай рабочай нарадзе са службамі раёна старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў. — У панядзелак з-за моцных ападкаў ні адно сельгаспрадпрыемства не выйшла на касьбу. Таму важна выкарыстоўваць кожную хвіліну пагодлівага дня. Між тым сіноптыкі напрыканцы тыдня зноў прагназуюць моцныя ліўневыя дажджы, навальніцы.  Цяпер усе намаганні трэба кінуць на абарону зерневых культур ад хвароб і шкоднікаў. Апрацоўка ад шкоднікаў праведзена на плошчы 36%. Азімы рапс ужо апрацаваны на 236%, гэта значыць, што хімпраполка прайшла двойчы, а ў некаторых гаспадарках, такіх як «Свіцязянка-2003», «Жухавічы», «Маяк-Заполле», тройчы.

З пачаткам летняга канікулярнага і адпускнога сезону, калі ў раён на свае дачы імкнуцца гараджане, актывізуецца прафілактычная работа. З 6 чэрвеня стартуе месячнік пажарнай бяспекі. Задача ўладаў і ўсіх сістэм прафілактыкі — абараніць людзей ад бяды, якая тоіцца зусім побач: у пакінутым без нагляду вогнішчы, вадаёме, няспраўнай электраправодцы. Часам бестурботнасць людзей прыводзіць да вялікіх непрыемнасцяў.

Іна ЛЕЙКА