31 июля — День работников торговли. О простом рецепте профессионализма рассказывают продавцы магазинов «Родны Кут» Лилия Макаревич и Таиса Буховец

Дзень работнікаў гандлю адзначаецца ў Беларусі ў апошнюю нядзелю ліпеня. З гэтай нагоды журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць з прадаўцамі магазінаў «Родны кут» Ліліяй Сямёнаўнай Макарэвіч з Цырына і Таісай Анатольеўнай Бухавец з Аюцавіч.

 

— З якімі паказчыкамі ў працы сустракаеце сваё прафесійнае свята?

Л. М.: План тавараабароту за шэсць месяцаў бягучага года выкананы паспяхова. Прададзена насельніцтву тавараў на суму 530 тысяч рублёў. У ліпені плануецца рэалізаваць тавараў больш чым на 100 тысяч рублёў.

Т. Б.: З даведзеным заданнем за першае паўгодзе бягучага года справіліся паспяхова. Прададзена прадукцыі на суму 235 тысяч рублёў. У ліпені будзе прададзена тавараў больш чым на 50 тысяч рублёў.

— Як прынята зараз гаварыць: вялікае шчасце працаваць у добрай камандзе. Вам тут пашанцавала?

Л. М.: Працуем удваіх з загадчыцай магазіна Алай Вікенцьеўнай Шамкаловіч. Пачыналі разам напачатку працоўнай дзейнасці ў 90-ыя гады, а ў «Родным куце» — чацвёрты год. У нас добрая каманда: усё будуецца на сумленнасці і ўзаемадаверы.

Т.Б.: Калектыў наш невялікі: я і загадчыца магазіна Наталля Георгіеўна Бунчук. Разам у адказе за адну агульную справу — гэта добра ўсведамляем і імкнёмся сумленна выконваць прафесійныя абавязкі. Падтрымліваем адна адну ў працы і жыцці.

Магазін «Родны кут» не адзіная гандлёвая кропка ў аграгарадку. Чым  прывабліваеце пакупнікоў?

Л. М.: У Цырыне, акрамя «Роднага кута», ёсць яшчэ адзін магазін «Эглес» ІП Галіны Васільеўны Хоміч. Стараемся да кожнага наведвальніка магазіна  знайсці індывідуальны падыход, выканаць усе заяўкі.

Т. Б.: У Аюцавічах маюцца магазін «Грандгудвін» і кафэ «Надзея». У іх таксама шырокі асартымент тавараў. Галоўнае, каб пакупніку было добра.

— Прадавец — запатрабаваная прафесія, але яе лёгкай не назавеш. Якім быў шлях у прафесію?

Л. М.: У прафесіі з 1986 года. Пачынала ў Цырыне прадаўцом у прадуктовым магазіне. 37 гадоў у гандлі, люблю працаваць з людзьмі. Гэтыя добрыя зносіны даюць станоўчыя эмоцыі, узнімаюць настрой, і хочацца дарыць людзям увагу, падтрымку, дабрыню.

Т. Б.: Прыехала ў Аюцавічы і засталася пасля заканчэння Гродзенскага кааператыўнага тэхнікума. Асноўны сакрэт — добры калектыў, усе радасці і гора дзялілі спачатку на траіх, а затым на дваіх.

— А што сёння карыстаецца асаблівым попытам у пакупнікоў?

Л. М.: У нашым магазіне ў вялікім асартыменце каўбасныя вырабы, агародніна і садавіна на працягу года, бакалея, кандытарскія вырабы, розныя напоі, малочная прадукцыя і г. д. Пакупнікі набываюць усё, кожны тыдзень даём заяўкі на каўбасныя вырабы, пастаўшчыкамі з’яўляюцца мясакамбінаты з Ашмян, Віцебска, Гродна, Скідзеля, Смаргоні, Слоніма, Ваўкавыска, Брэста, а малочная прадукцыя завозіцца з Гродна, Ваўкавыска, Навагрудка, Брэста.

Т.Б.: І малочныя, і мясныя прадукты, і марожанае, і напіткі ў летні час. Усяго ўдосталь у магазіне, і людзі ўсё купляюць.

— Хто з’яўляецца наведвальнікамі магазіна?

Л. М.: Жыхары Цырына, навакольных вёсак, гараджане ў выхадныя дні. У летні час гэты спіс дапаўняюць дачнікі і дзеці, якія прыязджаюць на канікулы. Усе гавораць словы ўдзячнасці за вялікі асартымент тавараў і добрае абслугоўванне.

Т. Б.: Жыхары Аюцавіч, прыходзяць з Сімакава, гараджане на выхадныя дні, дачнікі. Асабліва шмат пакупнікоў бывае ў пятніцу і суботу, у летнія дні падчас водпускаў і канікулаў.

— Ці прыходзіцца прымяняць на практыцы меркаванне: «Пакупнік заўсёды мае рацыю»?

Л. М.: Бывае, здараюцца выпадкі, калі трэба ўступіць пакупніку, пайсці яму насустрач і выканаць яго пажаданні.

Т. Б.: Мы стараемся не ўступаць у канфліктныя сітуацыі, згаджаемся з пакупніком і прымаем яго пункт погляду.

— Чыю падтрымку найчасцей адчуваеце ў працы?

Л. М.: З нагоды прафесійнага свята хочацца выказаць словы ўдзячнасці дырэктару Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Сяргею Аляксандравічу Саўко, яго намесніку Анастасіі Мікалаеўне Абрамовіч, дырэктару гандлёвай зоны Жане Міхайлаўне Марцінкевіч. У любы момант яны акажуць падтрымку ў працы.

Т. Б.: Работнікам Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства: яны своечасова завозяць тавары, аператыўна выконваюць заяўкі, аказваюць кансультатыўную дапамогу.

— Якое значэнне надаецца гандлёвай зале магазіна?

Л. М.: Гандлёвую залу перавялі на самаабслугоўванне, і гэта плюс для наведвальнікаў магазіна: увесь тавар знаходзіцца навідавоку. Змяніўся выгляд гандлёвага памяшкання — і гэта яшчэ больш прываблівае пакупнікоў.

Т. Б.: Тры гады таму быў зроблены рамонт пры пераводзе гандлёвай залы на самаабслугоўванне. Стараемся падтрымліваць парадак і чысціню ў гандлёвай зале, а каля магазіна абкошваем тэрыторыю.

— Чаму найбольш радуецца ваша душа?

Л. М. Люблю дзяцей і ўнукаў, для іх і імі жыву. У мяне дзве дачкі, два зяці, трое ўнукаў. Гэта маё шчасце, я ім заўсёды рада, калі прыязджаюць з вялікіх гарадоў. Люблю працаваць на зямлі, трымаю асабістую гаспадарку.

Т. Б.: Люблю кветкі. Іх у мяне шмат каля дому: ружы, хрызантэмы, аксаміткі, астры, пятуніі і іншыя. Радуе вочы і сэрца, калі кветка зацвіце. Люблю назіраць за гэтай непаўторнай прыгажосцю.

— Калі б давялося зноў зрабіць свой выбар, яго спынілі б на прафесіі прадаўца?

Л. М.: Выбрала б зноў прафесію прадаўца, не магу без людзей — мне патрэбна, каб яны былі побач. Гэтым жыла і жыву, на працу іду з настроем.

Т. Б.: Хутчэй за ўсё выбрала б, люблю зносіны з людзьмі, яны — добрыя сябры, іншыя адкрываюць душу.

— Вашы пажаданні калегам па працы.

Л. М.: Здароўя, цярпення, добрых пакупнікоў, асабістага шчасця.

Т. Б.: Здароўя, міру, любові, шчасця, поспехаў у працы.

Віншуем з узнагародай!

Ганаровай граматай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь узнагароджана прадавец 6-га разраду магазіна «Родны Кут» аграгарадка Аюцавічы Таіса Анатольеўна БУХАВЕЦ.

 Падзяка ўпраўлення гандлю і паслуг Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва аб’яўлена прадаўцу 5-га разраду міні-маркета  «Родны Кут» аграгарадка Цырын Ліліі Сямёнаўне МАКАРЭВІЧ.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ