Члены ІПГ № 5 Карэліцкага райвыканкама сустрэліся з працоўным калектывам КСУП «Малюшычы»
Сустрэча адбылася на мехмайстэрнях КСУП «Малюшычы». Слова трымаў намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня РА РГА «Белая Русь», кіраўнік інфармацыйна-прапагандысцкай групы № 5 Яўген Чычкан. Прадстаўнік мясцовай улады спыніўся на асноўнай тэме адзінага дня інфармавання насельніцтва: «Харчовая бяспека Рэспублікі Беларусь ва ўмовах эканамічных санкцый. Імпартазамяшчэнне як нацыянальны праект і комплексная стратэгія развіцця эканомікі».
Сельскай гаспадарцы ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. Многія харчовыя прадукты выпускаюцца пад поўную патрэбнасць, і іх хапае на экспарт. Што датычыць пытання імпартазамяшчэння, прамоўца адзначыў: «Рэспубліцы Беларусь з боку Расійскай Федэрацыі прапанавана заняць рынкі, і некаторыя прадпрыемствы знайшлі там свае месцы». Нагадаў і пра пытанне імпартазамяшчэння ў галіне аховы здароўя. Многія медыцынскія прэпараты выпускаюцца ў Беларусі, іх прымяненне дапамагае хворым змагацца з хваробамі.
Яўген Чычкан нагадаў словы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі:
«Гэта сапраўдная вайна, і рэакцыя на санкцыі можа быць толькі адна — мабілізацыя, пошук новых магчымасцей для развіцця. Іншага не дадзена…» На гэты конт Яўген Мікалаевіч сказаў: «У плане эканамічным ідзе сапраўдная вайна, але мы з ёй спраўляемся».
Намеснік старшыні райвыканкама звярнуў увагу і на пытанне прафілактыкі траўматызму на вытворчасці. Звычайна ў такіх няшчасцях работнікі вінавацяць наймальнікаў, хаця нярэдка здараецца, што вінаваты сам чалавек. Прамоўца заклікаў прысутных захоўваць меры бяспекі і не дапускаць халатнасці на рабоце.
«Правілы бяспекі пры наведванні лясоў. Недапушчэнне гібелі дзяцей на пажарах» — дадатковыя пытанні для абмеркавання ў адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Кіраўнік ІПГ назваў парады, сярод іх: прыслухоўвацца да гукаў навокал, шукаць лініі электраперадач, ісці па цячэнні ракі і іншыя. Лепшы памочнік для чалавека, які заблудзіўся ў лесе, — мабільны тэлефон.
У пытанні дзіцячага свавольства з агнём нагадаў пра бяду, якая здарылася ў шмадзетнай сям’і з Барысава. Не стала двух дзяцей — хіба можна чакаць ад жыцця горшага? «Беражыце дзяцей і ўнукаў. Агонь — не радасць і не жарт», — рэзюмаваў Яўген Чычкан.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота прадастаўлена КСУП «Малюшычы»