Приемщик заказов КПП агрогородка Райца Ирина Адамовна Терешко делится секретами активного долголетия

Ірына Адамаўна Цярэшка — з кагорты тых, хто на заслужаным адпачынку прадаўжае працаваць і знаходзіць у гэтым асалоду жыцця. Чым жыве і чым напоўнены яе будні, пацікавілася падчас сустрэчы.

— Ірына Адамаўна, напачатку паведайце, калі ласка, адкуль Вашы карані.

— Я сама з вёскі Рамейкі Райцаўскага сельсавета.  Мае бацькі былі сялянамі, працавалі паляводамі ў калгасе імя Гастэлы. У сям’і было чацвёра дзяцей: дзве дзяўчыны і два хлапчукі. Жылі не вельмі багата, хаця бацька шмат працаваў. Гэта быў цудоўны час, бо мы жылі ў ладзе і згодзе.

— Вы шчыра апавядаеце пра родны куточак і родных людзей. Па Вашым меркаванні, з чаго пачынаецца Радзіма?

— З матчынай калыханкі, паху сырадою, спеву жаўрука — з усяго роднага і блізкага сэрцу. У Рамейках у той час жыло каля 200 чалавек. У кожнай хаце меліся сапраўдныя гаспадары: яны трымалі асабістую гаспадарку, садзілі агародніну і бульбу. У вёсцы было вельмі шмат садоў.  А якія працавітыя і добразычлівыя людзі!

— Вы загаварылі пра працу. Якім быў шлях у прафесію?

— Пасля Варанчанскай сярэдняй школы завочна закончыла Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, бухгалтарскае аддзяленне, пазней прафесію бухгалтара-эканаміста набыла ў Калінінградскім сельскагаспадарчым інстытуце. Я прайшла працоўную лесвіцу ад рахункавода да галоўнага бухгалтара ў калгасе імя Гастэлы. Тры гады працавала ў СВК «Свіцязянка-2003».

— І вось другі накірунак дзейнасці. Чаму менавіта бытавое абслугоўванне?

— Калі мне патэлефанавала былы дырэктар УП БАН Лілія Лук’янаўна Пулко і прапанавала пасаду прыёмшчыка КПП у Райцы, я згадзілася і не шкадую, знаходжуся сярод людзей і прыношу карысць сваёй працай. Пераканана, што бытавыя паслугі патрэбныя ў сельскай мясцовасці.

— Бытуе меркаванне, што на заслужаным адпачынку чалавек павінен адпачываць. Вы ж працуеце на адказнай пасадзе і ў паважаным узросце.

— Кожны выбірае сабе занятак па душы. Праца ў бытавой галіне мяне задавальняе, хаця яна адказная. Штодзённа працую з людзьмі, і гэта галоўнае.

— Свіцязянскі край славіцца сваімі краявідамі. Што прываблівала Вас на працягу жыцця?

— Мне ўсё падабаецца. У Райцы жыву з 1967 года. З мужам пабудавалі дом. Працавала ў мясцовым калгасе. Гэта мой родны край, дзе, як мне здаецца, найлепшыя краявіды і самыя працавітыя людзі.

— Душу могуць сагрэць дзеці і ўнукі. Вам у гэтым плане пашанцавала?

— Так. У мяне сын Мікалай і дачка Ала, трое ўнукаў: Аляксей, Арцём, Дзмітрый. Унукі дарослыя, маюць вышэйшую адукацыю, усе працуюць. Хочацца адзначыць, што кожныя выхадныя з г. Баранавічы прыязджаюць дачка Ала і зяць Ігар. Дапамагаюць па гаспадарцы і па доме, любяць працаваць на зямлі. У хвіліны сустрэчы з імі адпачываю душою.

— Актыўнае даўгалецце. У гэтым накірунку маглі б штосьці параіць людзям састарэлага ўзросту?

— Калі ў чалавека ёсць здароўе і жаданне, трэба працаваць. Праца дае бадзёрасць, сілы, упэўненасць, настрой. Не заўважаюцца  хваробы, якія падпільноўваюць пажылых людзей.

— Дарэчы, неаднойчы было заўважана, што прыгажосць выратуе свет. Скажыце, як кветкі ўплываюць на Вас і якое месца ў ім займаюць?

— Я вельмі люблю кветкі. Вельмі шмат саджу іх каля дому: гартэнзіі, ружы, астры, хрызантэмы… Мяне ахоплівае радасць, калі яны цвітуць, і на маім двары такая прыгажосць.

— «Маладосць не купіш — старасць не прадасі», — гавораць у народзе. Якія адносіны да гэтых узроставых катэгорый?

— Я аднолькава добра адношуся і да маладых, і да састарэлых. Галоўнае: які чалавек, якія ў яго адносіны да жыцця і людзей.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА