Загадчык сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу Цэнтра банкаўскіх паслуг ААТ “ААБ Беларусбанк“  Наталля Крывапуст свой прафесійны шлях пачынала ў 1994 годзе

Няпроста ўявіць наша жыццё без банкаўскіх структур. Вельмі важна, калі ў іх працуюць спецыялісты сваёй справы, якія абслужаць добразычліва і дадуць неабходныя парады. І сюды захочацца прыйсці яшчэ не раз.

Загадчык сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу Цэнтра банкаўскіх паслуг ААТ “ААБ Беларусбанк“  Наталля Крывапуст свой прафесійны шлях у банку пачынала вучаніцай кантралёра-касіра ў 1994 годзе. Зарэкамендаваўшы сябе як кампетэнтны, адказны, мэтанакіраваны супрацоўнік, жанчына ўпэўнена падымалася па кар’ернай лесвіцы. Апошнія чатыры гады Наталля Іванаўна – загадчык сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу.

–  Банк стаў важнай часткай майго жыцця і прафесійнай дзейнасці. Я вельмі люблю сваю работу і ўдзячная сваёй аднакласніцы, якая калісьці прапанавала мне  паспрабаваць свае сілы на банкаўскай ніве, – кажа Наталля Іванаўна. – Мне падабаецца дынаміка, рух банкаўскага жыцця. Часам проста не заўважаеш, як пралятае дзень.  Я ўпэўнена, што тут кожны работнік можа рэалізаваць свой патэнцыял. Галоўнае — назапасіцца цярпеннем, жаданнем працаваць, самаразвівацца і развіваць тую справу, якой займаешся.

А жадання і цярпення, як аказалася, у Наталлі Іванаўны не адняць. Пасля заканчэння Беларускай політэхнічнай акадэміі працавала інжынерам-кантралёрам Карэліцкай сельгастэхнікі, потым,  будучы ў дэкрэтным водпуску,  завочна атрымала эканамічную адукацыю. З ёй і прыйшла на работу  ў банк, і, ужо працуючы тут, завочна вывучылася на   спецыяліста па банкаўскай справе. І ўсё гэта дзякуючы напорыстасці і стараннасці. Адпрацаваўшы ў гэтай сферы больш за дваццаць восем гадоў, лічыць, што банк – гэта цэласны механізм, які можна параўнаць з гадзіннікам – ад дзеяння кожнага залежыць поспех арганізацыі. Праца ў банку абавязвае ісці ў нагу з часам,  неабходна ўвесь час вучыцца, удасканальвацца.

– Каб дасягнуць пэўнага  поспеху,  трэба шмат працаваць, у тым ліку над сабой, умець заўсёды і ва ўсім знаходзіць баланс, а галоўнае – любіць справу, якой займаешся, – упэўнена Наталля Іванаўна. – З гонарам магу сказаць, што сёння ў нас працуюць першакласныя спецыялісты – адказныя, добрасумленныя, кампетэнтныя. Яны лёгка могуць знайсці падыход да кожнага кліента і здольныя вырашыць нават самыя складаныя задачы. Працаваць у такім калектыве –  адно задавальненне. Гэта цэняць і нашы пастаянныя кліенты, якія на працягу многіх гадоў выбіраюць ААТ «ААБ Беларусбанк». Мы ўдзячныя ім за аказаны давер і магчымасць разам мяняць жыццё да лепшага. Дзякуючы фінансавай падтрымцы банка нашы кліенты могуць ажыццяўляць свае самыя смелыя ідэі і мары, рэалізоўваць новыя праекты. Упэўнена, у нас наперадзе шмат яркіх праектаў, здзяйсненняў і падстаў для гонару. Мы класная,  прафесійная, зладжаная каманда і гэта па-сапраўднаму захапляе.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара