Бутэлькі ад спіртнога, электракабель у вадзе і адкрытая аглядальная канава. Што паказаў рэйд па мехмайстэрнях у Карэліцкім раёне?

Не за гарамі пасяўная кампанія, і на мехмайстэрнях раёна кіпіць праца. Многія прадпрыемствы ўжо гатовы да гарачай пары, тэхніка адпаліравана да бляску і гатова да праходжання тэхагляду. Спецыялістамі і рабочымі праведзена вялікая праца. Вельмі важна, каб у пагоні за вынікам ні адзін чалавек не нанёс шкоды здароўю. З мэтай праверыць захаванне правілаў тэхнікі бяспекі пракуратурай Карэліцкага раёна і Навагрудскай міжраённай інспекцыяй па ахове працы праводзілася праверка мехмайстэрняў на прадпрыемствах раёна, у якую накіраваўся і карэспандэнт “Полымя”.

Прыязджаем на майстэрні ў Жухавічы. На прахадной — чысціня і парадак. Нягледзячы на слоту, у памяшканні цёпла. Правяраючыя просяць прадаставіць аптэчку і глядзяць тэрміны лекаў. Такім жа чынам правяраюць і алкатэстэр. Усё ў норме. Прыбор працуе, тэрміны ў парадку, зменныя мундштукі на месцы і, як завярае нас інжынер па ахове працы, іх хапае на кожнага рабочага.

Крочым у ангар. Тэхніка акуратна расстаўлена і чакае свайго часу. Адно з парушэнняў, якое адразу кідаецца ў вочы, — незакрытыя ямы для агляду тэхнікі, якімі ніхто не карыстаецца. Інжынер па ахове працы СВК “Жухавічы” Генадзій Бухавец тлумачыць, што на яме толькі што стаяла машына, таму іх і не закрылі.

Каля аднаго з трактароў завіхаецца яго гаспадар. Іспектар па ахове працы Навагрудскай міжраённай інспекцыі аховы працы Аляксандр Паўлоўскі пільна аглядае жалезнага каня і заўважае, што супрацьадкатныя ўпоры пад коламі адсутнічаюць, хоць у дзяржаўным стандарце запісана: транспартны сродак, які рамантуюць, павінен быць зафіксаваны не менш як двума супрацьадкатнымі ўпорамі. Трактарыст тлумачыць, што трактар стаіць на стаяначным тормазе, аднак правілы бяспекі пэўна напісаны не проста так.

Пасярод залы працуе зваршчык. Іскры ляцяць ва ўсе бакі. Яркі блакітны агеньчык так і вабіць зрок. Сам рабочы працуе ў ахоўнай масцы, як гэтага і патрабуе інструкцыя, аднак людзі, якія стаяць вакол яго, не абаронены. Інспектар звяртае ўвагу Генадзія Васільевіча на тое, што зварачныя работы павінны праводзіцца за спецыяльна ўсталяваным шчытом.

Зазіраем у слясарны цэх, у адным з памяшканняў якога стаіць прэс. Аляксандр Паўлоўскі заўважае, што кнопка выключэння на прыборы не адпавядае норме. Па правілах яна павінна быць чырвонай і выканана ў форме “грыбка”. Правяраюць і аўтаматыку на станку для заточкі. Пры падняцці ахоўнага экрану станок павінен спыніцца. Пры першай спробе аўтаматыка не спрацавала. Да прылады падышоў токар, і ў яго атрымалася актывізаваць прыстасаванне. Нездарма кажуць, што справа майстра баіцца.

Правяраючыя звяртаюць увагу і на вогнетушыцелі, якія стаяць на машынах і ў памяшканні майстэрні, уважліва аглядаюць апоры, на якіх стаяць “разутыя” трактары, — у бяспецы працы, як і ў любой справе, дробязяў не бывае.

Пераязджаем на мехмайстэрні ў вёску Уша. Інспектары правяраюць медыцынскую аптэчку, алкатэстэр і неабходныя дакументы. Усё ў парадку, таму рушым у ангар, дзе чакаюць свайго часу бліскучыя машыны. Праходзім па майстэрні і зазіраем у памяшканне зваршчыка. Балоны з прапанам стаяць у спецыяльным месцы, зачыненым на замок, балоны з кіслародам захоўваюцца пад дахам. Памочнік пракурора Аляксандр Юркевіч зазірнуў у аўтамабільнае кола, якое ляжала недалёка, і зрабіў гэта нездарма — унутры ляжалі дзве пустыя бутэлькі ад спіртных напояў.

Едзем на мехмайстэрні КСУП «Лукі-Агра» у вёску Альшаны. Нас сустракае загадчык і вядзе па сваіх уладаннях. Прызнаецца, што дах працякае, таму такарны цэх зачынены і ўсё абсталяванне адключана. Вада стаіць і ў ангары, прама ў лужыне ляжыць электрычны кабель, што даволі небяспечна, гэта разумеюць нават дзеці. Аглядальная канава зноў не зачынена — заўвагу выпраўляюць на нашых вачах. Пад коламі некаторых трактароў таксама адсутнічаюць супрацьадкатныя ўпоры, на што таксама звяртаюць увагу загадчыка.

У памяшканні, дзе працуе зваршчык, просяць уключыць выцяжку. Яна пачынае трашчаць, і літаральна праз некалькі хвілін з трубы вывальваецца рухавік з махавіком. Магчыма, ён раскруціўся з-за вялікіх вібрацый, але праверыць гэта складана.

Зразумела, што на кожную заўвагу можна знайсці адгаворку. Людзі, адказныя за бяспеку рабочых, хвалююцца, каб ім не выпісалі вялікі штраф, але пэўна забываюцца, што хвалявацца неабходна ў першую чаргу за здароўе і жыццё тых, хто шчыруе на карысць гаспадаркі.

 Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара