Новая рубрыка «Віцязі» ў страі». Расказваем пра ўдзельнікаў ваенна-патрыятычнага клуба «Віцязь» Дар’ю Карвігу, Аляксандру Граб і Андрэя Жывеня
Удзельнікаў ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь”, які працуе на базе ДУА “Лукская сярэдняя школа” Карэліцкага раёна, можна часта сустрэць на раённых святах, а на старонках газеты прачытаць аб іх поспехах на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Больш за 20 гадоў прайшло з таго часу, як у Карэліцкім раёне аднавілі традыцыю штогадовага правядзення ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Увесь гэты час вучні Лукскай СШ займалі лідзіруючыя пазіцыі амаль ва ўсіх намінацыях: за 21 год правядзення раённых спаборніцтваў “віцязі” 20 разоў станавіліся пераможцамі. Сем разоў гульня праводзілася ў Гродзенскай вобласці, і “Віцязі” перамаглі чатыры разы: у 2008, 2014, 2017 і 2018 гадах, двойчы станавіліся другімі і адзін раз прывезлі “бронзу”. Тройчы каманда юнармейцаў была ўдзельнікам рэспубліканскага этапу гульні, дзе ёй таксама скарыўся п’едэстал гонару: 2-е месца ў 2008 годзе і 3-е месца ў 2014 і 2018 гадах.
Каб дасягнуць такіх вынікаў, адных непасрэдна планавых заняткаў у клубе недастаткова. Бо пераможцамі могуць быць толькі тыя юнакі і дзяўчаты, якія маюць добрую фізічную падрыхтоўку, упарта вывучаюць ваенную справу, правілы дарожнага руху, а яшчэ маюць творчыя і артыстычныя здольнасці, ведаюць гісторыю сваёй краіны, медыцынскую справу.
Клуб, заснаваны ў 2001 годзе, сёння налічвае 13 удзельнікаў. Сучасныя “віцязі” стараюцца не сапсаваць добрае імя сваіх папярэднікаў і актыўна прымаюць удзел у многіх конкурсах і мерапрыемствах. Так, зусім нядаўна каманда заняла першае месца ў абласной ваенна-прыкладной гульні “Зімовы разведатлон-2023”. Але дзейнасць “віцязяў” не абмяжоўваецца спаборніцтвамі. Удзельнікі клуба атрымліваюць ганаровую магчымасць выносіць дзяржаўны сцяг на раённых святах. Пабываў у руках юных патрыётаў і сімвал міру — капсула, у якую ў лютым бягучага года памясціў пасланне нашчадкам старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.
Адной з тых, хто ўдзельнічаў у цырымоніі закладвання капсулы, стала адзінаццацікласніца, камандзір атрада Дар’я Карвіга. Дзяўчына — самы вопытны юнармеец.
— У клуб прыйшла зусім юнай, — успамінае Даша. — Мая старэйшая сястра Ліза ўжо была ў радах “Віцязяў”, я назірала за ёй, мне падабалася, як яна выглядае ў форме.
Даша прызнаецца, што ў клубе яе захапляе атмасфера, якая пануе падчас спаборніцтваў:
— Тады адчуваецца дух каманднай работы: усе дапамагаюць адзін аднаму, мы працуем разам, кожны разумее, што ад яго залежыць вынік усёй каманды.
Самым яркім момантам за гады ў “Віцязі” Даша лічыць той, калі ёй упершыню давялося камандаваць атрадам. Дзяўчына прызнаецца, што вельмі хвалявалася, бо гэта былі абласныя спаборніцтвы, але ўсё прайшло добра, і каманда заняла другое месца.
Яшчэ адной яркай падзеяй Дар’я лічыць паездку на рэспубліканскую гульню “Зарніца-2018” у Брэст.
— Мы пяць дзён жылі ў палатках на ваенным палігоне, — расказвае дзяўчына. — Сярод усяго, што тады адбылося, запомнілася дыстанцыя, якую мы беглі па палігоне. Менавіта тады я адчула, як узаемадзейнічае каманда. Мае школьныя сябры раскрыліся па-новаму. Я была адным з самых юных членаў нашай каманды, старэйшыя хлопцы дапамагалі мне. Тагачасны камандзір каманды Коля Захарчук падтрымліваў пад руку. На адным з участкаў дыстанцыі трэба было бегчы з процівагазам, і Вадзім Купрыянчык забраў мой, каб мне было лягчэй. Калі мне было вельмі складана, Андрэй Брэнёў нёс мяне на плячах.
Таксама Даша расказала, што запамінальнай падзеяй на тых спаборніцтвах стала экскурсія ў Брэсцкую крэпасць, дзе была інсцэніроўка нападу фашыстаў на крэпасць у 1941 годзе.
— Нам давялося вельмі рана прачнуцца, бо прадстаўленне пачалося ў чатыры раніцы, — успамінае Дар’я. — Імжэў невялікі дождж, таму мы з аднакласніцай схаваліся пад плашч-палатку і… заснулі. Вакол былі выбухі, страляніна, крычалі людзі, грукаталі танкі, а мы спалі. Вы з Уладзімірам Уладзіміравічам стаялі побач, каб нас не затапталі гледачы.
Па словах дзяўчыны, час, праведзены ў “Віцязі”, дапамог ёй выпрацаваць устойлівасць да стрэсу. Дар’я прызнаецца, што вельмі хвалюецца перад кожным выступленнем, памятае і аналізуе кожную сваю памылку, але з часам звыклася з гэтым, і цяпер выступае на публіцы больш спакойна.
— Жыццё з “Віцязем” стала больш яркім, — падводзіць вынік Даша. — Дзякуючы клубу, я пабывала ў многіх цікавых месцах. “Цягнік памяці” ў Гродне, Брэсцкая крэпасць, баль для вучняў кадэцкіх класаў — гэта толькі нязначная колькасць мерапрыемстваў і месцаў, дзе мне давялося пабываць. Калі б не клуб, я была б звычайнай школьніцай.
Яшчэ адным членам ваенна-патрыятычнага клуба, якому выпаў гонар вынесці капсулу міру, стала дзевяцікласніца Аляксандра Граб. Фотаздымак дзяўчыны з капсулай у руках разляцеўся па ўсёй вобласці, аднак Саша прызнаецца, што яна сабе на ім не падабаецца.
— У той момант я вельмі хвалявалася, — прызнаецца дзяўчына. — Я разумела, што мне выпаў вялікі гонар, на мяне глядзіць шмат людзей, і ў мяне ў руках вельмі важная рэч. Мы былі ў пальчатках, і здавалася, што яны вельмі слізкія і капсула вось-вось упадзе. Але я сабралася, пастаралася ўзяць сябе ў рукі – і ўсё атрымалася.
— Успомні, калі ласка, чаму ты вырашыла займацца ў клубе.
— Калі я была ў пятым класе, Уладзімір Уладзіміравіч прапанаваў запісацца ў “Віцязь”, — расказвае дзяўчына. — Я паспрабавала, і мне спадабалася. Клуб вучыць нас дысцыпліне. Мне падабаецца ўсё, што звязана з арміяй: форма, зброя… Мая цёця вучылася ў Акадэміі МУС, ёй вельмі пасавала форма. Гэта таксама паўплывала на тое, што я стала займацца ў клубе.
Таксама Саша кажа, што заняткі ў клубе — выдатная магчымасць адчуць камандны дух:
— Мы з сябрамі стараемся ўсё рабіць разам, асабліва на спаборніцтвах. Да таго ж я з дзяцінства займаюся спортам, гуляю ў валейбол, і “Віцязь” — магчымасць трымаць сябе ў выдатнай форме, бо фізічнай падтрыхтоўцы тут удзяляецца асаблівая ўвага.
Бацькам дзяўчынкі таксама падабаецца, што іх дачка займаецца ў ваенна-патрыятычным клубе.
— Тата проста ў захапленні, — кажа Саша з усмешкай. — Ён ганарыцца мной, асабліва калі бачыць у ваеннай форме. Маме таксама імпануе, што я занятая, не сяджу дома. Яна кажа, гэта добра, што ў нас ёсць магчымасць займацца ў клубе, дзе, сярод усяго іншага, у нас выхоўваюць патрыятызм.
Саша больш за ўсё любіць прымаць удзел у спаборніцтвах:
— Адрэналін, які адчуваеш на спаборніцтвах, ні з чым не параўнаць. Пераадольваю ўсе перашкоды, вельмі люблю ставіць палаткі. Стараюся выкласціся на поўную. Пасля заўсёды прыходзіць такая прыемная стома.
Самыя яркія падзеі, якія адбыліся з Сашай у клубе, таксама звязаны са спаборніцтвамі:
— Прыемныя ўспаміны засталіся пасля абласной “Зарніцы”, дзе занялі другое месца. Летам выступалі ў “Арлёнку” — гэта тое, што ўзгадваецца ў першую чаргу.
Трэцім “віцязем”, прыняўшым удзел у вынасе капсулы міру, стаў васьмікласнік Андрэй Жывень.
— У пачатковай школе я бачыў, як удзельнікі клуба займаюцца на пляцоўцы перад школай, — успамінае юнак. — У іх руках былі аўтаматы, яны выконвалі страявыя прыёмы са зброяй, і за гэтым было вельмі цікава назіраць, хацелася паспрабаваць самому. Я памятаю, як станавіўся ў канцы шэрагу і паўтараў іх рухі. А калі я перайшоў у пяты клас, і Уладзімір Уладзіміравіч прапанаваў запісацца ў “Віцязь”, я згадзіўся не раздумваючы.
Андрэй кажа, што яму падабаецца вывучаць гісторыю, а дзякуючы Уладзіміру Уладзіміравічу ён даведаўся аб сваім краі вельмі шмат новага:
— Мы ездзім да помнікаў Другой сусветнай вайны, наводзім на іх парадак, мяне цікавяць падзеі, якія адбываліся ў суседніх вёсках. Уладзімір Уладзіміравіч вельмі цікава пра ўсё расказвае, ведае шмат фактаў пра нашу мясцовасць. У пакоі баявой славы захоўваюцца ўзнагароды майго дзядулі Іосіфа Антонавіча. Кожны раз, калі я гляджу на яго фотаздымак і на яго медалі, я адчуваю гонар за тое, што мой продак прайшоў усю вайну, набліжаў Перамогу.
У 2021 годзе ў Лукскай СШ быў створаны атрад знамяносцаў. Андрэй увайшоў у лік тых, каму даручаны гонар выносіць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.
— Калі мы выносілі сцяг першы раз, я вельмі хваляваўся, — кажа хлопец. — Памятаю вельмі добра, што гэта было на лінейцы, мы маршыравалі перад усёй школай. І нягледзячы на тое, што нікога старонняга тады не было, але ў руках быў адзін з галоўных сімвалаў дзяржавы. Потым мне расказвалі, што нас здымалі на відэа, і гэты ролік глядзелі ва ўсім раёне, але тады я нават не заўважыў камеру.
Самыя яркія ўспаміны, звязаныя з “Віцязем”, у хлопца застаюцца пасля спаборніцтваў.
— У мінулым годзе мы ездзілі на абласную “Зарніцу”, і мне вельмі спадабалася спартыўнае арыентаванне, — расказвае Андрэй і дадае з усмешкай: — Тады я адносіўся да спаборніцтваў не вельмі сур’ёзна і падставіў усю каманду. Мне вельмі даходліва патлумачылі, што так рабіць нельга, але Уладзімір Уладзіміравіч сказаў, што такое здараецца, і каб я не перажываў наконт гэтага.
Таксама юнаку вельмі спадабалася экскурсія на “Цягнік Памяці” ў Гродна:
— Там было вельмі цікава. У цягніку можна было прасачыць усю гісторыю Перамогі, круцілі кінахроніку ваенных гадоў, стаялі васковыя фігуры, апранутыя ў ваенную форму.
Па гісторыях, якія расказалі мне “віцязі”, відаць, што ўдзел у дзейнасці клуба робіць іх жыццё больш цікавым і разнастайным. Кожны з іх знайшоў для сябе нешта цікавае, але самае галоўнае, што яны выхоўваюцца патрыётамі сваёй краіны, вучацца любіць сваю Радзіму і шанаваць яе слаўную гісторыю.
Сяргей СТОЛЯР
Фота і відэа аўтара